Янушкевіч, які зазірнуў у будучыню

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

З Койданава — у качавы свет
Напрыканцы мінулага тыдня на Дзяржыншчыне ўшанавалі памяць славутага земляка — пісьменніка і навукоўца Адольфа Янушкевіча: сёлета спаўняецца 210 гадоў з дня ягонага нараджэння.

Акрамя мясцовых жыхароў, прадстаўнікоў улады, навукоўцаў і журналістаў з Мінска, у мерапрыемствах бралі ўдзел госці з Казахстана, і сярод іх — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалі Булегенаў.

/i/content/pi/cult/453/9519/14-4.jpg /i/content/pi/cult/453/9519/14-5.jpg

Цікавасць гасцей з геаграфічна далёкай ад Беларусі краіны да асобы Адольфа Янушкевіча тлумачыцца тым, што ён, бадай, першым з еўрапейцаў зрабіў культуралагічна карэктнае і навукова дакладнае апісанне жыцця ды побыту казахаў. Варта ўдакладніць, што ў азіяцкі стэп Адольфа Янушкевіча прывёў не пошук новых уражанняў, а — драматычныя варункі лёсу. Ён трапіў сюды не сваёй воляй, а як ссыльны за ўдзел у паўстанні 1830 года. Сумуючы па радзіме, лекаваўся працай. Ягоныя інтэлект і творчыя здольнасці вельмі прыдаліся навуковым доследам, якім ён прысвяціў сваё знаходжанне ў Казахстане.

Шчырая, добразычлівая цікавасць да людзей стэпу, павага да іхніх звычаяў і культуры зрабілі Янушкевіча сваім чалавекам сярод качэўнікаў. Сам жа Адольф прыкіпеў сэрцам да гэтага краю і людзей. У лістах дадому ён называў насельнікаў стэпу не інакш, як “мае любімыя кіргізы” (кіргізамі ў Расійскай імперыі ў той час называлі ўсіх качэўнікаў Сярэдняй Азіі). Свае ўражанні ад вандровак да Какчэтава і Акмолінска ён занатаваў у “Лістах з кіргізскага стэпу”. Яны былі надрукаваны толькі пасля смерці аўтара. А іх пераклад на казахскую мову з’явіўся не так даўно ў Астане — горадзе, які Янушкевіч ведаў як Акмолінск і якому прадракаў вялікі лёс. “Гэта будзе сталіца ўсяго стэпу”, — пісаў ён.

Пра Адольфа Янушкевіча можна сказаць, што ён належыць да кагорты інтэлектуалаў, якія заклалі асновы еўразійскай версіі глабалісцкай ідэі. Ён бачыў Захад і Усход не адвечнымі сапернікамі, а суб’ектамі цывілізацыі, якім геаграфічны стан і гісторыя наканавалі быць разам.

Янушкевічу пашчасціла вярнуцца на радзіму і спачыць у беларускай зямлі. Ён быў пахаваны на фамільных могілках у вёсцы Дзягільна, што непадалёк ад сённяшняга Дзяржынска. Дзякуючы ініцыятыве мастакоў Валяр’яна і Фелікса Янушкевічаў, якія з’яўляюцца нашчадкамі Адольфа, намаганням краязнаўцаў ды патрыётаў гэтай зямлі, падтрымцы мясцовай улады занядбаныя колісь могілкі набылі прыстойны выгляд, і іх добраўпарадкаванне працягваецца. На магіле Адольфа Янушкевіча ўстаноўлены памятны знак, адрэстаўравана магіла яго маці, пасаджаны дрэвы на Алеі Памяці…

Прысутныя на імпрэзе ўсклалі кветкі да магілы выдатнага навукоўцы. Гучалі словы пра пазачасавае значэнне літаратурнай спадчыны Адольфа Янушкевіча, пра ягоны ўнёсак у гістарычную перспектыву, у сённяшнія братэрскія стасункі Беларусі і Казахстана.

Тым жа днём у Дзяржынску, у Цэнтральнай раённай бібліятэцы, прайшлі Міжнародныя Койданаўскія чытанні. У сваёй прамове Адам Мальдзіс згадаў, што нашы польскія калегі, беспадстаўна атаясамліваючы Рэч Паспалітую і Польшчу, трактуюць асоб кшталту Адольфа Янушкевіча як польскіх патрыётаў, а іх дзейнасць — як скіраваную на адраджэнне польскай дзяржаўнасці. Тое не адпавядае рэчаіснасці: згаданыя асобы былі патрыётамі гэтай зямлі, называлі сябе, згодна з гістарычнай традыцыяй, ліцвінамі, а Рэч Паспалітую як магчымую гістарычную перспектыву бачылі не польскай дзяржавай, але фэдэрацыяй свабодных народаў. Прафесар Мальдзіс раіць зыходзіць з гэтай тэзы ўсім, хто даследуе час паміж ліквідацыяй Рэчы Паспалітай і распадам Расійскай імперыі.

Вольга Гарбачова, даследчык жыцця і дзейнасці Адольфа Янушкевіча, падзялілася з прысутнымі звесткамі, якія знайшла ў архівах Беларусі і замежжа. Паводле яе слоў, атрымліваецца, што нашы навукоўцы лянуюцца не толькі выправіцца ў вільнюскія, варшаўскія ці маскоўскія архівы, але і кепска ўяўляюць нават тыя дакументы, што ёсць у архівах беларускіх.

З павагай казаў пра даследчыка ХІХ стагоддзя госць з Казахстана — пісьменнік, навуковец, кнігавыдавец Амар Хакім. Ён прыводзіў вытрымкі з ягоных тэкстаў, прысвечаных прыродзе і людзям Казахстана — гэтага, паводле слоў Янушкевіча, “качавога Сусвету”. Госць распавёў прысутным пра тое, як у Казахстане шануецца памяць нашага земляка.

Аспекты жыцця і дзейнасці Адольфа Янушкевіча асвятлілі і іншыя ўдзельнікі Чытанняў. А напрыканцы выступілі дзяржынскія школьнікі, якія падрыхтавалі калектыўную працу, прысвечаную славутаму земляку. Падсумоўваючы ж уражанні ад імпрэзы, можна канстатаваць, што ў гісторыі, бадай, кожнага беларускага паселішча ёсць постаці, якія ў навакольным свеце вядомыя больш, чым на сваёй радзіме. Прынамсі, ні ў Мінску, ні ў Дзяржынску няма нават вуліцы імя Адольфа Янушкевіча. Ёсць пра што задумацца…

Мінск — Дзяржынскі раён — Мінск

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"