"Каласавіны" пра зямлю

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Традыцыя
Гэтымі днямі ў краіне праходзяць урачыстасці з нагоды 131-й гадавіны з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Па традыцыі, цэнтральныя мерапрыемствы арганізаваны Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.

У прыватнасці, адбыўся Міжнародны “круглы стол” з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў мемарыяльных літаратурных музеяў Беларусі, Украіны ды Расіі “Мемарыяльны музей і грамадства. Захаванне культурнай спадчыны. Музей ва ўмовах развіцця новых інфармацыйных тэхналогій”. Сярод гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства — прадстаўнікі Нацыянальнага этнаграфічнага музея Украіны, Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага, Нацыянальнага музея літаратуры Украіны, Музея сям’і Рыльскіх з сяла Раманаўка, а таксама супрацоўнікі айчыннага Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Учора завяршылася і XXVІІI Міжнародная навуковая канферэнцыя “Каласавіны”. Сёлета яна прайшла пад дэвізам “Зямля — аснова ўсёй Айчыне”. Гэтым разам прадстаўнічы навуковы форум быў прысвечаны 90-годдзю выхаду з друку паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Сёння ж адбудзецца доўгачаканая падзея — адкрыццё першай чаргі экспазіцыі “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, у тым ліку інтэрактыўнай зоны “Хатка знахаркі” на мемарыяльнай сядзібе “Альбуць” філіяла “Мікалаеўшчына”.