З Фонду Кіраўніка дзяржавы

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Фінансавая дапамога
Чарговым крокам у справе падтрымкі нацыянальнай культуры стала распараджэнне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У адпаведнасці з ім са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на фінансаванне творчых ды іншых праектаў выдаткавана больш за 3,1 мільярда беларускіх рублёў.

Так, на рэстаўрацыю і музеефікацыю гісторыка-культурных каштоўнасцей Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку выдзелена Br420 млн., Нацыянальнаму гістарычнаму музею — Br118 млн.

У сваю чаргу, Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча накіравана Br50 млн. на арганізацыю выстаўкі “Пагартайце гэты томік ...”, прысвечанай 100-годдзю з дня выхаду ў свет зборніка вершаў нашага літаратурнага генія “Вянок”. Як паведаміла карэспандэнту “К” загадчык аддзела ўстановы Ірына Мышкавец, сродкі скіруюць на афармленне выставачнага праекта: на набыццё вітрын ды іншага неабходнага галерэйнага абсталявання, якое, па словах прадстаўніка музея, будзе выкарыстоўвацца і ў іншых праектах.

На набыццё сцэнічнага ды іншага абсталявання Маладзёжнаму тэатру эстрады і Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага выдаткоўваецца, адпаведна, Br680 млн. і Br500 млн. Са сродкаў фонду таксама будзе прафінансавана набыццё музычных інструментаў для народнага духавога аркестра “Віціны” на суму амаль Br200 млн. Акрамя таго, Br950 млн. выдзелена прыватнай тэатральна-відовішчнай установе “Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Корпорейшен” на арганізацыю ды правядзенне ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.