Зарадзіўшыся як форум краін СНД і Балтыі, за мінулыя дзесяцігоддзі "Лістапад" ператварыўся ў адну з буйнейшых еўрапейскіх творчых акцый, фестываль фестываляў, які збірае на беларускай зямлі лепшыя сусветныя прэм'еры. Ён нязменна адданы свайму прызначэнню: з дапамогай мастацтва ўмацоўваць згоду і ўзаемаразуменне паміж народамі, садзейнічаць сцвярджэнню ў грамадстве ідэалаў духоўнасці і гуманізму. Растучыя з году ў год рады ўдзельнікаў фестывалю — нагляднае сведчанне таго, што гэта высакароднае імкненне знаходзіць водгук у сэрцах паклоннікаў кіно.
Цяперашні, юбілейны "Лістапад" — гэта сапраўднае свята, якое прадстаўляе шырокую панараму сучаснага кінематографа, дорыць радасць сустрэч з выдатнымі майстрамі і ўзыходзячымі зоркамі сусветнага экрана.
Няхай жа наш любімы фестываль і ў далейшым захоўвае слаўныя традыцыі і ў той жа час застаецца адкрытым для яркіх эксперыментаў і наватарскіх ідэй, уносячы важкі ўклад у пашырэнне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.
Жадаю вам добрага здароўя, невычэрпных творчых сіл, незабыўных праглядаў, цікавых дыскусій, шчасця і цудоўнага настрою.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА