Хто прыехаў на “Лістапад”?

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Журы і госці
Сёлета журы асноўнага конкурсу ігравога кіно “Лістапада” ўзначальвае расійскі рэжысёр Аляксандр Зяльдовіч. Аўтар такіх нашумелых стужак, як “Масква” і “Мішэнь”, зробленых у суаўтарстве з Уладзімірам Сарокіным, ён мае славу рэжысёра радыкальнага, смелага і правакатыўнага. Між тым, фільмы кінематаграфіста — гэта па-эстэцку вывераныя работы, з адметным поглядам аўтара на сучаснасць, над якімі Аляксандр Зяльдовіч працуе карпатліва і доўга.

Напярэдадні Мінскага кінафестывалю “К” звярнулася да ўдзельніка міжнародных кінафорумаў у Берліне, Венецыі, Лондане, Мюнхене і Карлавых Варах, уладальніка разнастайных кінапрэмій, рэжысёра Аляксандра ЗЯЛЬДОВІЧА з просьбай адказаць на некалькі пытанняў. І старшыня прафесійнага журы “Лістапада” даслаў нам адказы ў “бліц-фармаце”.

/i/content/pi/cult/452/9509/9-918.jpeg

— Аляксандр Яфімавіч, чым вас прывабіла прапанова ўзначаліць журы асноўнага конкурсу ігравога кіно Мінскага кінафестывалю?

— Праграмай і рэпутацыяй фестывалю.

— Цікава, што для вас — “сапраўднае” кіно?

— І мне гэта таксама цікава.

— Вашы нашумелыя карціны “Масква”, “Мішэнь” — работы, якія задаюць новую планку ўспрыняцця расійскага кінематографа. З аднаго боку, гэта кіно, вядома, жыве ў прасторы рускай культуры. З іншага ж — яно мае форму глабальнага выказвання, быццам бы выходзячы за рамкі класічнага твора ў варыятыўнасць медыя. Наколькі актуальнае для вас паняцце “нацыянальнае кіно”? Якія формы, на ваш погляд, яно сёння здольнае прымаць?

— На мой погляд, нацыянальнае кіно — гэта кіно, знятае на мове канкрэтнай краіны, а не на англійскай або кітайскай мовах.

— Якім будзе ваш наступны фільм?

— Хацелася б, каб — добрым.

— І якое пытанне, на ваш погляд, прыйшло сёння на змену адвечнаму, таму, што аднойчы задаў М.Чарнышэўскі: “Што рабіць?”?

— “Колькі можна?”

Адзначым, што ў каманду міжнароднага журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу таксама ўвайшлі праграмны дырэктар Адкрытага расійскага кінафестывалю “Кінатаўр” Сітора Аліева, рэжысёр, сцэнарыст і прызёр міжнародных кінафорумаў з Казахстана Дарэжан Амірбаеў, акцёр тэатра і кіно, народны артыст Літвы Юозас Будрайціс і беларускі кіназнаўца, педагог, доктар філалагічных навук Ніна Фральцова.

Як адзначылі арганізатары форуму, сёлета галоўны акцэнт на фестывалі зроблены менавіта на аўтарскае кіно. У Мінск прыедуць прадстаўнікі менавіта такога кінематографа, прысутнасць якіх стала б гонарам для многіх форумаў
Еўропы.

Так, на “Лістапад-2013” пры падтрымцы Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь прыехала французскі рэжысёр Клэр Дэні — адна з самых яскравых прадстаўніц сучаснага аўтарскага кіно. На кінафестывалі ладзіцца яе рэтраспектыва з 9 фільмаў, у рамках якой адбудзецца і прэзентацыя апошняй стужкі аўтара “Слаўныя вырадкі”, што ўдзельнічала ў праграме сёлетняга Канскага кінафоруму. Адзначаецца, што паказ стане прэм’ерным не толькі для Беларусі, але і для ўсіх краін СНД. А “бескампрамісная Клэр” пасля прагляду асабіста адкажа на пытанні гледачоў.

Філіпінскі рэжысёр Брыйянтэ Мяндоса, чыя карціна “Лола” брала ўдзел у “Лістападзе-2010”, стаў госцем “Лістапада-2013”. Што і казаць, рэжысёр, які вывеў філіпінскае кіно на новы ўзровень, у якасці госця мінскага кінафоруму — неацэнны падарунак. Рэжысёр прадставіць гледачу дзве свае стужкі: “Палонныя” і “Чэрава тваё”. Мяркую, майстар-клас ад наватара з Сан-Фернанда стане каштоўным урокам для маладых беларускіх кінематаграфістаў.

Актуальны аўтар Аляксандр Велядзінскі, рэжысёр стужкі “Географ глобус прапіў” з удзелам Кастанціна Хабенскага, прыбудзе ў сталіцу 7 лістапада. А незабыўная Вера з карціны Паўла Чухрая “Кіроўца для Веры” актрыса Алена Бабенка ў гэты ж дзень у Доме кіно ў рамках спецпраграмы “Расійскія прэм’еры” прадставіць стужку Дзмітрыя Канстанцінава “Развітанне”.

Вядома, нельга прапусціць і фотавыстаўку Юозаса Будраціса “Маё кіно. 1970 — 1990-я”, якая адкрыецца ў кінатэатры “Цэнтральны” 4 лістапада. Колькі рэпрадукцый з яе — у рубрыцы “Фотасюжэт нумара” на стар. 3. “Сёння асабліва каштоўныя фатаграфічныя партрэты Будрайціса, на якіх мы бачым тых, каго ўжо няма: Алега Янкоўскага, Георгія Буркова, Інакенція Смактуноўскага, Аляксандра Кайданоўскага, аператараў Сяргея Урусеўскага і Аляксандра Княжынскага, пісьменніка і сцэнарыста Юліяна Сямёнава…”, — адзначаецца ў анатацыі да выстаўкі. У любым выпадку, убачыць славутага акцёра тэатра і кіно ўвачавідкі ды праз яго фотаработы, бо фатаграфія, вядома, здольная шмат распавесці і пра самога аўтара, — магчымасць, якой нельга не скарыстацца.

/i/content/pi/cult/452/9509/9-919.jpeg

А жывы класік украінскага і расійскага кіно Кіра Муратава прыехала на “Лістапад”, каб прадставіць сваю новую стужку “Вечнае вяртанне”. Майстар прабудзе ў Мінску да закрыцця нашага кінафестывалю.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"