Ці адчыніць хакей закрыты музей?

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Сёння пра падрыхтоўку да Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе праз некалькі месяцаў у беларускай сталіцы, кажуць ці не ўсе. Яно і не дзіва: білеты на гульні нашай зборнай ужо практычна раскуплены! Але за пытаннямі пра будаўніцтва гатэляў, стварэнне сувенірнай прадукцыі, размяшчэнне шматмоўных указальнікаў і нават курсаў англійскай мовы для таксістаў ды міліцыянераў забываюць пра ўстановы культуры, і найперш — музеі.

/i/content/pi/cult/452/9506/4-178.jpeg

Зразумела, што сталічныя гіганты — Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музеі да замежных турыстаў даўно прызвычаены. Тое ж можна сказаць і пра Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пра іх гаворка не пойдзе. А вось ці змогуць іншыя музеі паспець за тыя некалькі месяцаў належным чынам падрыхтавацца да арміі замежных турыстаў? Зразумела, змяняць экспазіцыі для замежнікаў ніхто не заклікае (хаця, перакананы, тыя ж чэшскія заўзятары з цікавасцю наведалі б выстаўку, прысвечаную дзейнасці Скарыны ў Празе, альбо (пры належнай рэкламе) візітам Янкі Купалы ў Чэхаславакію).

А вось зрабіць якасныя буклеты на некалькіх мовах для кожнага музея — справа жыццёва неабходная. Ізноў-такі, у ідэале, варта ўлічваць (маю на ўвазе моўны аспект) не толькі заўзятараў з ЗША ды Канады, а і традыцыйна вялікія арміі прыхільнікаў сваіх каманд з Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі, Францыі, Германіі ды, вядома ж, Расіі. Не рэальна выдаць за такі досыць кароткі час столькі шматмоўных буклетаў? Сваімі сіламі, можа, і так. Без дапамогі спонсараў, якія мусяць зацікавіцца размяшчэннем сваёй рэкламы на друкаванай прадукцыі, тут не абысціся. А спонсараў трэба шукаць!

Іншае пытанне — колькасць сталічных публічных музеяў. Вядома, па гэтым кампаненце мы і блізка не дацягваем да многіх еўрапейскіх сталіц. Лагічнае выйсце з гэтай сітуацыі могуць прапанаваць ведамасныя музеі, калекцыі якіх там-сям не саступаюць музеям, што маюць рэспубліканскі або гарадскі статус. Як не прыгадаць з гэтай нагоды Музей старажытнабеларускай культуры, які мае ўнікальную калекцыю іканапісу, традыцыйных строяў, народнага мастацтва. На жаль, многім жыхарам Мінска ён абсалютна невядомы. Трапіць у гэты музей, які падпарадкоўваецца Цэнтру беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, можна толькі ў складзе групы па папярэднім запісе. Тое ж можна сказаць і пра Музей беларускай археалогіі Інстытута гісторыі НАН, які дэманструе не толькі каштоўныя старажытныя артэфакты, але і сучасны падыход да стварэння экспазіцый. А ёсць жа яшчэ музей Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнага банка і нават Камітэта дзяржкантролю. Што і казаць, практычна кожнае міністэрства мае свой адмысловы музей, кожны з якіх, перакананы, будзе цікавы не толькі для асобных спецыялістаў.

Зразумела, пераўтварэнне кожнага ведамаснага музея ў публічны — справа вельмі цяжкая ды не заўсёды эканамічна мэтазгодная. І тым не менш, чаму б не зладзіць хаця б пад час Чэмпіянату свету па хакеі, да прыкладу, тыдзень адкрытых дзвярэй у гэтыя музеі? Будзе цікава і гасцям нашай краіны, і яе жыхарам, нават не аматарам спартыўных баталій. Вядома ж, да гэтага трэба стварыць адпаведны шматмоўны дапаможнік, магчыма, віртуальны, каб кожны ахвотны змог даведацца пра ўнікальныя ўстановы, якія звычайна схаваны ад вачэй шырокай публікі.

Трэба заўважыць, што і чарговая, вельмі папулярная ў нашай краіне, Ноч музеяў прыпадае ў 2014-м якраз на экватар Чэмпіянату свету па хакеі. Варыянтаў яе правядзення — незлічонае мноства. Відавочна адно: колькасць наведвальнікаў у музеі вырасце істотна. Гэта трэба ўлічваць і выкарыстоўваць у інтарэсах развіцця ўстаноў культуры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"