“…Прывід”, “Svet” і “Немаўля”

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Беларускі дайджэст Міжнароднага фестывалю
Юбілейны “Лістапад”, акрамя багатай міжнароднай праграмы, радуе і беларускім прадстаўніцтвам у асноўных конкурсах. Гэтую тэндэнцыю яшчэ пад час папярэдняй прэс-канферэнцыі акрэсліў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч, нагадаўшы, што сёлета Нацыянальная кінастудыя святкуе 85 гадоў з дня заснавання.

Каб падтрымаць беларускіх кінематаграфістаў, “К” вырашыла вылучыць асноўныя прэм’еры і паказы, якія можна ўбачыць на кінафоруме.

/i/content/pi/cult/452/9504/6-1.jpeg /i/content/pi/cult/452/9504/6-2.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9504/6-3.jpeg  /i/content/pi/cult/452/9504/6-4.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9504/6-5.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9504/6-6.jpeg /i/content/pi/cult/452/9504/6-7.jpeg

Хорар і фэнтазі “...Прывіду”

Так, сёння — 2 лістапада — у кінатэатры “Піянер” прэм’ерай карціны “Кіндарвілейскі прывід” Алены Туравай адкрываецца конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. Гэта трэцяя поўнаметражная работа беларускага рэжысёра ды вядомага аніматара, і, як падкрэсліла сама аўтарка, стужка, вядома ж, не абыдзецца без запамінальных візуальных вынаходніцтваў ды яскравых спецэфектаў.

Як і ў знакамітай навеле Аскара Уайльда, па матывах якой і створана карціна, дзея будзе разгортвацца ў мурах старажытнага замка. У беларускай версіі “роля” гэтага важнага персанажа дасталася палацу Святаполк-Чацвярцінскіх, вядомаму гледачу па фільме Андрэя Кудзіненкі “Масакра”. (Так і хочацца дадаць, што сядзіба становіцца сапраўднай кіназоркай.) У яго сцены па сцэнарыі і пераедзе з горада сям’я энергічнага прадзюсара Кастуся, дзе яе членаў чакае сустрэча з сапраўным прывідам.

У фільме галоўную ролю таго самага прадзюсара іграе вядомы беларускі акцёр Раман Падаляка. У акцёрскі ансамбль таксама ўвайшлі Алеся Самахавец, Валянцін Глушко, Сяргей Журавель, Зоя Белахвосцік, Віктар Манаеў… Але больш за ўсіх “дасталося” акцёру-купалаўцу Вячаславу Паўлюцю, якому выпала доля ўвасобіць на экране ажно тры персанажы: артыст іграе ў “Кіндарвілейскім прывідзе” маладога гаспадара палаца, суровую жанчыну — наглядчыцу дома Капу і… самога прывіда. Шматлікія трукі, пераапрананні ды складаны грым  — усё акцёр вынес непахісна, нават атрымліваючы задавальненне ад выканання няпростых задач.

Цікавая дэталь: Вячаслаў Паўлюць ужо здымаўся ў палацы Святаполк-Чацвярцінскіх  — у той самай “Масакры”, і вось ізноў — “вяртанне ў мінулае”. Але гэтае дэжавю, адзначае ён, аказалася па-свойму надзвычай плённым. “Словам, Жалудок — гэта мой лёс”, — жартуе акцёр.

Сама ж Алена Турава апісвае новую работу так: “Гэта добрая гісторыя пра барацьбу новага пакалення з памылкамі мінулага, пра вечнасць сямейных каштоўнасцей і адказнасць за лёсы блізкіх нам людзей”. У жанравым плане фільм спалучае гатычную камедыю, хорар, фэнтэзі ды нават меладраму. Што ж, паспрабуем разабрацца, “куды завядзе” і чаму навучыць сучаснікаў наш Кіндарвілейскі прывід...

Музычныя паралелі

Сёння на кінафестывалі — дзень яшчэ адной беларускай прэм’еры: дакументальнай. Сваю новую карціну ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно ў кінатэатры “Мір” прадставіць наш знаны рэжысёр Галіна Адамовіч. Ейная стужка “Музыка ваенная” — пра барда і паэта Марка Мермана — спалучае ў сабе музычны план з філасофскім.

— Фільм атрымаўся вельмі эмацыйным, — распавяла “К” пра сваю работу дакументаліст.  — Магчыма, ён не асабліва прыйдзецца даспадобы тым, хто абыякавы да бардаўскай песні, але ў цэнтры стужкі — незвычайны лёс музыкі, яго адметная і ўнікальная сувязь з ягонай малой радзімай…

Марк Мерман — бард родам з Мінска, які адбыўся як аўтар менавіта ў сталічным асяродку 1980-х. Пабываўшы ў Ізраілі і Канадзе, ён ужо даўно жыве ў Амерыцы. Аднак сувязь паэта з беларускай сталіцай не перарвалася, ды нават развіваецца дзіўным чынам. Доказам таму — песні Марка, большасць якіх прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Іншымі словамі, бард, сачыняючы песні пра вайну, знаходзіць свой шлях да радзімы.

— Вельмі незвычайна, што Марк абраў для сябе гэтую складаную тэму,  — падкрэслівае рэжысёр, — але праз яе ён адчувае сувязь з гісторыяй сваёй краіны, горада, з гісторыяй сваіх бацькоў. І фільм, у выніку, атрымаўся надзвычай мінскім…

Дарэчы, свой першы за апошнія пятнаццаць гадоў “сольнік” у Мінску Марк Мерман даў менавіта па просьбе аўтараў фільма.

— Пра гэтую Асобу мне хацелася стварыць стужку ўжо больш за дзесяцігоддзе, — адзначае Галіна Адамовіч. — І, нарэшце, сёлета ўсё сышлося. Вельмі радуе тое, што мы зрабілі фільм раней за іншых кінематаграфістаў, бо Марк — надзвычай папулярны аўтар у бардаўскіх колах розных краін. Сімвалічна, што і прэм’ера “Музыкі ваеннай” адбудзецца менавіта ў Мінску…

Дарэчы, музычная “тэма”, якой распачынае беларускую дакументальную праграму Галіна Адамовіч, будзе падтрымана і іншымі айчыннымі дакументалістамі. Так, у рамках пазаконкурсных паказаў дакументалістыкі адбудзецца прэм’ера стужкі Ігара Чышчэні “Андрэй Такіданг. Спынюся на сярэдзіне” пра беларускага паэта і музыку з гурта “Рэха”. Алена Цагельская, ужо ў рамках спецпраграмы “Музыка.doc”, прадставіць карціну пра славутага беларускага блюзмена Святаслава Хадановіча “Svet” — паказ фільма можа назваць калі не прэм’ерным, то вельмі рэдкім. Партрэт кампазітара класічнай музыкі, які стварыў у сваёй карціне “Семдзясят пятая восень Андрэя Мдзівані” Міхаіл Жданоўскі, адмысловым чынам завяршае названы блок.

Аднак расслабляцца не варта: у “Беларускай панараме” ёсць яшчэ адна “нацыянальная прэм’ера” — стужка Ігара Цімафеева “Крокі над вадой”. Яна  — пра мастака-інваліда Анатоля Галушку, творчасць якога, пазначаюць аўтары, нагадвае пра тое, што немагчымае магчыма. Словам, людзі культуры і мастацтва, “людзі святла”, у нашых дакументалістаў як ніколі “ў трэндзе”.

Ракавая “Роля”

У асноўным конкурсе ігравога кіно Беларусь будзе прадстаўлена работай расійскага рэжысёра Канстанціна Лапушанскага “Роля”. “К” пісала ўжо пра гэтую стужку, адзначаючы яе адносную прыналежнасць да беларускай культуры: яна з’яўляецца плёнам сумеснай вытворчасці чатырох краін: Беларусі, Расіі, Фінляндыі і Германіі. Тым не менш, глядзець фільм варта. Таму што творы Лапушанскага, якога называюць вучнем Андрэя Таркоўскага, — гэта сапраўднае падарожжа ў аўтарскі кінематограф: са сваім светапоглядам, вымярэннямі ды эстэтыкай. Не стала выключэннем і “Роля”: кіно ахінае гледача нібыта белая імгла, праз якую пачынаюць праступаць дзіўныя абліччы,  — і ўжо адарваць вачэй ад рухаў, мар ды памылак гэтых постацей з іншага часу і прасторы немагчыма…

У галоўнай ролі ў стужцы — расійскі акцёр Максім Суханаў. Таксама ў фільме задзейнічаны Леанід Мазгавой, Анастасія Шавялёва, Марыя Ярвенхельмі, Ігар Галавін, Тамара Міронава, Зінаіда Зубкова ды іншыя. Паказ стужкі “Роля” адбудзецца 3 лістапада ў Доме кіно.

“Кастусь Каліноўскі” —  з саўндтрэкам

На “Лістападзе” нас чакае і праект “Тузін. Немаўля”, які стартаваў летась, сёлета трапіў у пазаконкурсны паказ форуму. Сутнасць яго, нагадаем, наступная: класіка нямога кіно ў жывым музычным суправаджэнні. Убачыць падобныя рарытэты на вялікім экране — падкрэслю, што гаворка ідзе цяпер пра стужкі беларускага нямога кінематографа (!) — практычна немагчыма. А музыканты адмыслова для фільмаў стварылі, лічы, самастойны прадукт. Адным словам, праект журналіста і культурнага менеджара Сяргея Будкіна для нашай кінамузычнай прасторы — гэта сапраўды “тое, што доктар прапісаў”: патрыятычна, маштабна ды сучасна.

Дык вось, 3 лістапада ў кінатэатры “Перамога” будуць дэманстравацца наступныя рэдкія карціны “Белдзяржкіно”: “Кастусь Каліноўскі” Уладзіміра Гардзіна (1927 г.) у суправаджэнні авангарднага кампазітара Сяргея Пукста, “Прастытутка” Восіпа Фрэліха (1926 г.) — пад музыку беларускамоўнага гурта з Польшчы “Ilo&friends”, “У агні народжаная” Уладзіміра Корш-Сабліна (1929 г.) — пад акампанемент беларускага пост-метал гурта “Re1ikt”. Стужкі для публічнага паказу прадастаўлены на кінаплёнцы Дзяржфільмафондам Расіі. Словам, усім тым, каго цікавіць золак беларускага кінематографа, яго спробы, пошукі і этапы, варта быць на падзеі абавязкова. Вядома, як і тым, хто проста хоча паслухаць добрую музыку.

— У стужцы, якую мне выпала трактаваць у музыцы — “Кастусь Каліноўскі”, — падзяліўся сваім бачаннем карціны музыкант і, дарэчы, калумніст “К” Сяргей Пукст, — я вырашыў вылучыць яе драматычную гісторыю, а не толькі, як кажуць, “беларускі баявік”. Захацелася дадаць экспрэсіі, бо ў фільме спляліся, з аднаго боку, народная барацьба, з іншага ж — шэраг асабістых жыццёвых перыпетый, некалькі любоўных ліній… Адпаведна, гэта надае стужцы неадназначнае вымярэнне. Існуе некалькі нечаканых момантаў: вайну мне не хацелася падаваць выключна як баявыя дзеянні — уяўлялася паднесці яе ў пацыфісцкім, нават у нейкім такім моманце, які "завісае"... Хацелася паказаць, што чалавечыя лёсы кінуты ў кацёл гісторыі. Словам, фільм, пры ўсіх відавочных сімпатыях, не малюе стопрацэнтнай “чорна-белай” карціны, дзе ёсць адно пазітыўныя ды негатыўныя героі…

У фокусе — моладзь

Нарэшце, маладыя кінематаграфісты. Пазнаёміцца з тым, што робяць студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, можна будзе на адмысловым паказе “Кінаарт па-беларуску”, які адбудзецца 6 лістапада ў Доме кіно. У праграме — пяць стужак: “Заплюшчы вочы” Нэлы Васілеўскай, “У лодцы” Андрэя Грынько, “Гульні са смерцю” Алесі Камяковай, “Шлюб” Марыі Макішавай і анімацыя Марыі Матусевіч “Фокус”. Дарэчы, пакуль рыхтавался падборка кінаарту, фільм выпускніцы курса Міхаіла Тумелі і Алены Пяткевіч стаў пераможцам Фестывалю беларускага кіно “Bulba Movie”. Словам, у “Фокуса” ўжо ёсць гісторыя. Мо з часам яна з’явіцца і ў іншых работ?..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"