З’яднаныя палярнасці У.Ш.

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Несталіца — сталіца — сусвет: першыя вынікі “ТэАРТ”а-2013
Амаль месяц доўжыўся ІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, падарыўшы гледачам 19 спектакляў (многія з іх паўтараліся неаднойчы) з 8 краін свету.

Бо акрамя 16 пастановак асноўнай праграмы была яшчэ і дадатковая!

/i/content/pi/cult/452/9503/7-1.jpeg/i/content/pi/cult/452/9503/7-3.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9503/7-4.jpeg /i/content/pi/cult/452/9503/7-2.jpeg

Паміж колькасцю і якасцю

Мантаж пастановак, паводле фестывальнай статыстыкі, заняў ледзь не 500 гадзін. Але галоўнае тут — не “зычная” лічба, а тое, што ўсё на фестывалі працавала, як добра адладжаны гадзіннік. Спектаклі праходзілі на розных, у тым ліку не прыстасаваных, пляцоўках. Многія пастаноўкі патрабавалі павышаных намаганняў з боку тэатральных службаў і шматлікіх валанцёраў. Але ўсё своечасова вырашалася і было нябачным для гледачоў. Затое заўважнай была праца фестывальнага сайта, дзе аператыўна з’яўляліся не толькі анонсы, але і справаздачы пра кожнае мерапрыемства, шматлікія фотаздымкі ды іншая карысная інфармацыя. Іншым фестывалям — найперш, музычным — тут ёсць чаму павучыцца.

Арганізатары падлічылі, што форум наведала пяць тысяч гледачоў. Але гэтая лічба — адносная. На фестывалі было шмат заўсёднікаў, а гэта значыць, што агульная колькасць “ахопленых” фестывалем чалавек аказалася крыху меншай. Затое “пастаянная публіка”, дзе пераважала мастацкая інтэлігенцыя і творчая моладзь, — паказчык устойлівай цікавасці да тэатральных ноу-хау.

“ТэАРТ” ужо займеў імідж аднаго з самых “прасунутых” тэатральных форумаў у краіне і нават замежжы. Сваёй місіяй арганізатары лічаць, паводле ўласнага прызнання, “фарміраванне ўдумлівага атачэння і скіраванасць у будучыню”. Насамрэч, сярод галоўных задач фестывалю, пры адсутнасці на ім конкурснай праграмы, — падтрымка лепшых здабыткаў сучаснай нацыянальнай тэатральнай культуры і стымуляванне творчых пошукаў, якія могуць зрушыць яе да новых гарызонтаў. Таму вельмі важна, што гэты форум не толькі рупліва “збірае” ўжо ўзрошчанае, але і ўзрошчвае сам. Іншымі словамі, замаўляе да фестывалю новыя беларускія ды сумесныя праекты. Прычым ва ўсё большай колькасці. Летась Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшан” з дапамогай спонсараў ажыццявіў пастаноўку “Ладдзі Роспачы” паводле У.Караткевіча. Сёлета ж такіх замоўленых фестывалем спектакляў сталася ажно чатыры. Разам з тымі пастаноўкамі, што былі ўключаны ў асноўную ці дадатковую фестывальную праграму, беларускі блок складаўся ажно з васьмі спектакляў. Пры гэтым уласна за колькасцю ніхто не гнаўся. Уразіла якасць: лепшыя беларускія пастаноўкі не толькі не саступалі замежным, але і, здаралася, пераўзыходзілі іх.

У гэтым сэнсе фестываль канчаткова парушыў межы паміж сталічнымі тэатрамі — і несталічнымі, дзяржаўнымі — і прыватнымі. Ну а пра тое, што ў сучасным тэатры даўно не існуе рэзкага падзелу на традыцыйныя формы ды эксперымент, “чыстыя” жанры і сінтэз, і казаць не трэба. Таму паспрабуем пераадолець спакусу разглядаць беларускія спектаклі адасоблена — наадварот, пакінем іх у агульным фестывальным кантэксце, параўноўваючы з блізкімі па тэме ці
стылі замежнымі: толькі так можна вызначыць, на якім узроўні сёння знаходзіцца перадавое мастацтва Беларусі (бо на “ТэАРТ” “сярэднестатыстычныя” спектаклі не вылучаюцца: ні нашы, ні замежныя).

Шэкспір ці...

Нягледзячы на тое, што спектакляў “новай драмы” на цяперашнім форуме значна паболела і менавіта яны аказаліся на піку ўвагі тэатральнай грамадскасці, пачнём — з класікі. Цікава, што на сёлетнім фестывалі аказаліся адразу тры спектаклі, у якія былі ўдала ўпісаны элементы старажытнагрэчаскага тэатра: “(А)палонія” Новага тэатра з Варшавы, “Песня пра маці і Айчыну” Тэатра Польскага ў Вроцлаве і “Muck” Кампаніі Бэлы Пінтэра з Будапешта. Такі ход, у першых двух выпадках прадугледжаны ўжо ў саміх п’есах, а ў трэцім — непасрэдна ў пастаноўцы, надаваў спектаклям не толькі адметную форму, але і выхад у вечнасць, яднаючы надзённыя праблемы ХХ — ХХІ стагоддзяў з антычнай міфалогіяй. Трагедыя генацыду часоў Другой сусветнай вайны і нават побытавая драма сямейных узаемаадносін набывалі няспешнасць разгорту, нечаканыя ракурсы, глыбокае філасофскае асэнсаванне.

Двойчы на фестывалі перачытваўся Шэкспір. Дзяржаўны драматычны тэатр “Прытулак камедыянта” з Санкт-Пецярбурга прывёз спектакль “Лір” у пастаноўцы Канстанціна Багамолава, дзе акрамя абрысаў і найбольш вядомых шэкспіраўскіх фрагментаў у перакладзе М.Кузьміна выкарыстаны самыя розныя тэксты — ад Нішцэ да “Адкрыцця Іаана Багаслова” ды вершаў С.Маршака. А ў дадатковай праграме Магілёўскі абласны тэатр лялек прадставіў "трагіфарш у 2-х дзеях" “Гамлет”, уганараваны Гран-пры на форуме “М.@rt.-кантакт-2013”.

Абодва спектаклі аказаліся надзвычай нацыянальнымі — ужо па сваім змесце. Прычым не толькі таму, што ў “Ліры” ўвесь час згадваліся Красная плошча, Крэмль, Інстытут Сербскага, псіхалячэбніца Калужскай вобласці як савецкія рэаліі 1940-х, даведзеныя да
абсурдысцкай мяжы. Сама пастаноўка атрымалася надзвычай рэзкай, нават жорсткай, без аніякіх “сантыментаў” (сцэна першай шлюбнай ночы вырашана... стрэламі пісталету па інтымных месцах), з прынцыповымі момантамі то “тэатра паказу”, то стылізацыі пад строга дакументальны аповед і нават натуралізм у выяўленні побытавых дэталей. Калі героі ядуць бульбу, дык самую сапраўдную, з якой пара ідзе. А калі вырываюць вочы (праўда, штопарам), дык ліецца вадкасць — быццам з-пад вейкаў. І разам з гэтым, замест карты, згодна з якой Лір падзяляе каралеўства, — гумавая надзіманая жанчына. Замест вайсковых касак на лініі фронту — начныя гаршкі. Усё павернута на 180 градусаў, без паўтонаў-адценняў-ваганняў. Ажно да таго, што ўсе мужчынскія ролі іграюць жанчыны — і наадварот. Спектакль зроблены надзвычай прафесійна, адбудаваны па форме. Але ж “глядзіцца” ён розумам, як добрая крыжаванка. А некаторая безапеляцыйнасць выклікае не меншыя пытанні, чым тыя штампы, супраць якіх змагаліся пастаноўшчыкі.

“Несталічны” суперспект

Магілёўскі “Гамлет”, пастаўлены галоўным рэжысёрам тэатра Ігарам Казаковым, — не менш экстравагантны і парадаксальны. Але замест пазіцыі “ад зваротнага” тут куды больш не сарказму, а гуллівай іроніі, якая настройвае на яшчэ больш актыўны пошук асацыяцый. Беларускасць спектакля — у яго вясёлай “рознакаляровасці”, мностве сэнсавых адценняў (пры агульнай бела-чорна-чырвонай сцэнаграфіі), нарэшце — у народных традыцыях лялек з матэрыі. Розных памераў, усе яны вельмі стыльныя, з’яднаныя адной семантычна-эстэтычнай ідэяй (мастак — Аляксандр Вахрамееў). Спектакль нашпігаваны вобразамі-“пярэкрутамі”. Клінкі рыдлёвак “ператвараюцца” ў надмагільныя помнікі з “партрэтамі”, а тронкі — у могілкавыя крыжы. Карона — у зэдлік. Магільшчыкі — у чарвякоў...

У кожнага героя (прытым, што адзін артыст выконвае адразу некалькі роляў) — адметная пластыка, ажно да балетных падтрымак. Але спектакль ніколі не адбыўся б без сапраўды геніяльнага Гамлета — маладога і вельмі перспектыўнага Юрыя Дзівакова, які выкладаецца не на “ўсе сто”, а на “працэнтаў пяцьсот”, калі не больш. У той час як іншыя артысты імкнуцца ў сталіцу, ён зрабіў зваротны шлях — задоўга да таго, як Магілёў паспеў набыць статус Культурнай сталіцы. І сёння ўявіць гэтую пастаноўку з іншым выканаўцам — немагчыма.

Гамлет паўстае пародыяй на супермена, збіраючы ў сваіх паводзінах не толькі кіношна-мульцяшныя, але і оперныя штампы. Скрозь смех узрастае трагедыя — і гэтае шчыльнае суседства гумару і смерці як найлепшым чынам адпавядае эстэтыцы Шэкспіра, пабудаванай на “з’яднаных палярнасцях”.

Яшчэ адной дэталлю на карысць “Шэкспіра па-беларуску” з’яўляецца... музыка. У пецярбургскім “Ліры” выкарыстоўвалася полістылявая “нарэзка”: ад папулярных даваенных мелодый, якія малявалі эпоху, да сучаснага сімфанізму, што перадаваў эмацыйны стан дзеі. У нашым “Гамлеце” таксама ёсць цытаты — двух польскіх аўтараў. Але Ягор Забелаў далучыў да іх шмат аўтарскай музыкі, што стварае вобраз няўмольнасці: з асобных разрозненых гукаў раптам складаецца жудаснае па прымітыўнасці perpetuum mobile — штосьці накшталт “вечнага рухавіка”, здольнага змесці ўсё на сваім шляху. Дый цытаваны паланэз быццам “паступова нараджаецца” з мінімалісцкіх спалучэнняў, дзе часам задзейнічаны і “гукі сцэны”, прычым у пэўнай паслядоўнасці і рытме, што таксама складае своеасаблівую мінімалісцкую кампазіцыю.

А вось яшчэ адна “несталічная”, але ўганараваная пастаноўка — “Кацярына Іванаўна” Л.Андрэева, увасобленая Яўгенам Марчэлі ў яраслаўскім тэатры імя Ф.Волкава і адзначаная расійскай “Залатой Маскай”, — пакінула супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, спектакль паказаў прыклад таго, як звыклы псіхалагічны тэатр можна давесці да найвышэйшай кропкі экспрэсіянізму. З іншага ж — вымусіў задумацца пра мастацкую вагу некаторых прэмій. Бо для несталічнага расійскага тэатра (асабліва ў параўнанні з тым, што і як ставіцца ў тамтэйшай глыбінцы) — гэта суперузровень. А ў параўнанні з сусветнымі тэндэнцыямі — штосьці досыць трывіяльнае. Што ж, тым каштоўнейшыя павінны быць для нас дасягненні “Гамлета”...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і з архіва форуму

Працяг разважанняў пра  “ТэАРТ” і айчыннае тэатральнае мастацтва чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"