Марыконэ ад “Купалінкі”

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Канцэрт калектыву Белдзяржфілармоніі “Купалінка” — заўсёды яркая падзея. Не стала выключэннем і чарговае выступленне фальклорнага гурта ў рамках сёлетняй “Беларускай музычнай восені”. Гэтым разам — у супольным канцэрце з “Прымакамі” — музычным калектывам з Міхалова (Беласточчына, Польшча).

/i/content/pi/cult/452/9500/8-5.jpeg

Выбар такога замежнага партнёра для “Купалінкі” тлумачыцца досыць проста: паміж калектывамі некалькі гадоў таму наладзілася плённае супрацоўніцтва. Ды і “Прымакі” — не чужы нам музычны гурт: аснову іх рэпертуару складаюць песні на беларускай мове, а самі ўдзельнікі калектыву — этнічныя беларусы.

З іншага боку, “Прымакі” і “Купалінка” — калектывы вельмі розныя і па стылістыцы выканання песень, і па рэпертуары. Да прыкладу, выступленню першых былі ўласцівы забаўляльныя песні сацыяльнай тэматыкі, а ўвага залы дасягалася, найперш, праз харызму салістаў калектыву і асабліва яго кіраўніка Юрыя Астапчука.

Іншая справа — “Купалінка”. У іх выступленні — і надзвычайнае валоданне голасам, што дазваляе тонка ўспрымаць і вясёлыя фальклорныя, і аўтарскія меладычныя песні кшталту класічнай “Мой родны кут”. А што ўжо казаць пра віртуознае выкананне музыкі Эніа Марыконэ ў адметнай, народнай па стылістыцы, апрацоўцы Уладзіміра Сцепанкова! “Купалінка” пацвердзіла сваё рэнамэ нават нягледзячы на вымушаную замену гарманіста, які напярэдадні канцэрта захварэў.

Думаецца, што і поўная зала вялікай сцэны сталічнай філармоніі прыйшла, найперш, на, можна сказаць, брэндавую “Купалінку”. А таму для “Прымакоў” такі супольны канцэрт — выдатная магчымасць раскруткі на сваёй этнічнай радзіме. Тым больш, самы галоўны суддзя — глядач — застаўся задаволены (некаторыя нават спрабавалі танчыць пад энергічныя мелодыі “Прымакоў” проста на сваіх месцах). Адчувалася, што для такіх канцэртаў больш падышлі б і вялікія канцэртныя залы, дзе абавязкова ёсць танцпол.

Вялікі канцэрт “Купалінкі” і “Прымакоў” — не апошняе супольнае выступленне. Па словах дырэктара беларускага калектыву Алега Літвінюка, маюцца ідэі правесці канцэрты такога фармату ў Расіі, Літве, а таксама ў Польшчы. У бліжэйшых жа планах “Купалінкі” — удзел у Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Маскве, а таксама калядныя гастролі ў Францыі і выхад новага музычнага альбома.

На здымку: на сцэне — "Купалінка".

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"