Ёсць у кавярні гаспадар...

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Тэатральная плошча
“Гаспадар кавярні” з’явіўся і ў Мінску. П’есу Паўла Пражко паставіла ўвосень Таццяна Арцімовіч — у сталічным паб-клубе.

/i/content/pi/cult/452/9499/8-2.jpeg

Такая незвычайная сцэна для падобнай пастаноўкі — абсалютна натуральная. Бо ўвесь драматургічны тэкст — гэта адзіны вялізны маналог, што пачынаецца са слоў “Мяне клічуць павел пражко” (менавіта так, з малой літары). Ён выкладзены па-руску, без чырвоных радкоў, з прынцыповым захаваннем арфаграфічных ды іншых памылак, і нават з філасофскім абгрунтаваннем падобных “невыпраўленняў”. Пра што ж тыя разважанні героя? Пра ўсё, што яго хвалюе. Як плынь падсвядомасці, з нечаканымі адхіленнямі, паўторамі, пераскокваннямі з думкі на думку, вяртаннямі да сказанага раней і да т.п.

Што ж адбываецца з такім тэкстам у час пастаноўкі? Найперш… рэдактура! Бо акрамя “агучвання”, рэжысёр выводзіць на экран камп’ютарны набор пэўных фраз і цэлых фрагментаў, штосьці вылучае шрыфтам і тым самым “кіруе” глядацкай увагай. А ў выніку — фарміруе з агульнай моўнай плыні нейкую больш-менш лагічную форму, дзе нечаканыя пераходы будуюцца на асацыятыўных сувязях. Асобныя “блокі” (пра сябе, пра падзяку, памылкі, гумар, вайну, розум, багацце і многае іншае) выбудоўваюць, нарэшце, асноўную тэму — пра інфантыльнасць, пад якую аўтар падводзіць ледзь не ўсё на свеце.

Герой часам нагадвае надакучлівага суседа-спадарожніка, што вылівае на цябе перыпетыі свайго жыцця разам з багатымі “філасофстваваннямі”, не запытаўшы, ці патрэбна табе ўсё гэта. Тут, праўда, такі запыт не патрабуецца: у ролі згоды выступае прыдбаны білет. Да таго ж, рэжысёр імкнецца максімальна разнастаіць монаспектакль — не толькі за кошт відовішчных эфектаў (чытай: рухаў акцёра ды выявы на экране — пераважна тэкстаў), бо тыя ўсё роўна могуць быць хіба мінімальнымі, але і вар’іраваным выкладаннем тэксту. Ды не адно праз акцёра, але і “голасам чытальніка” (у яго ролі выступае сама Таццяна Арцімовіч), а таксама аўдыязапісам ліста Дзмітрыю Валкастрэлаву, відэазапісам маленькага пляменніка, як той расказвае анекдот. Выкарыстаны і прыём камп’ютарных спасылак: пры ўзгадванні імёнаў ужо добра нашумелых, але пакуль не так шырока вядомых расійскіх драматургаў і рэжысёраў Міхаіла Угарава, Івана Вырыпаева на экране з’яўляюцца старонкі з Вікіпедыі. Чым не асветніцтва ў ненадакучлівай форме? Асабліва калі ўлічыць, што спектакль прыцягвае моладзь, прычым не адно тэатралаў, а найперш тых, хто ў тэатр — ні нагой, ды не супраць “паклубіцца” ў добрай кампаніі.

Акцёр Павел Гарадніцкі сярод такой публікі — “свой сярод сваіх”. П’е піва, часам ужывае ненарматыўную лексіку (да гонару рэжысёра, без аніякага акцэнтавання, бо слоўцы ціха, амаль незаўважна, быццам бы “праслізгваюць” у размове). Каб лепш уладкавацца, ён цягне высокае барнае крэсла, нават сядае на саму барную стойку, звесіўшы ногі. Натуральнасці маўлення дапамагае “патаемны” мікрафон, праз які можна не фарсіраваць гук. Нязмушанай атмасферы спрыяе і тое, што нязвыклы спектакль становіцца толькі “сярэдняй часткай” вечарыны. Прыйшоўшы да прызначанага часу, публіка яшчэ амаль паўгадзіны адпачывае: займае месца за столікамі і робіць заказ. Дый пасля прагляду не спяшаецца, як у тэатры, у гардэроб, а працягвае свой адпачынак, хтосьці абмяркоўвае ўбачанае.

А чаму б, дарэчы, не зладзіць далейшае сумеснае абмеркаванне, дзе публіка магла б наўпрост звярнуцца да рэжысёра і акцёра? Вядома, для пачатку размовы можа спатрэбіцца “правакатар”, падсаджаны да гледачоў. Але такія дыскусіі могуць стаць штуршком да выхавання публікі. Тым больш, што, як запэўніла Таццяна Арцімовіч, плануецца пашыраць колькасць паказаў і пляцовак, ахапіўшы кавярні, магчыма, не толькі ў сталіцы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"