Капялюшны вернісаж

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Мінск
У галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці адкрылася выстаўка “Капялюшны вернісаж”. У экспазіцыі — капелюшы ручной работы майстроў з Беларусі і Расіі, а таксама — лялькі ды карціны.

/i/content/pi/cult/452/9497/11-2.jpeg

Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў многіх еўрапейскіх краінах для замужняй жанчыны і дарослага мужчыны любога сацыяльнага становішча лічылася нядобрым з’яўляцца па-за домам з непакрытай галавой. Існавалі, аднак, сітуацыі, дзе агаленне галавы лічылася неабходным: для мужчын — у царкве, на пахаванні; для жанчын — пад час рытуальных дзеянняў, звязаных, як лічылася, са стасункамі з “іншым” светам (напрыклад, некаторыя рытуалы выклікання дажджу).

Сялянкі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя найчасцей насілі галаўныя ўборы кшталту хусткі, гарадскія ж дамы пакрывалі галаву капелюшом. На пачатку ХХІ стагоддзя капялюш ужо не з’яўляецца неад’емным атрыбутам дамскага гардэроба, але, тым не менш, шматлікія модніцы з задавальненнем носяць капелюшы самага рознага кшталту...

Капелюшы, што дэманструюцца на выстаўцы, зроблены з самых розных матэрыялаў: шоўку, скуры, воўны, саломкі. Яшчэ Аскар Уайльд заўважыў: “Усе прыгожыя капелюшы ствараюцца з нічога — як і ўсе добрыя рэпутацыі”.

Экспануюцца да 10 лістапада не толькі капелюшы вырабу сучасных майстроў, але і вырабы 40-х — 60-х гадоў ХХ стагоддзя з асабістай калекцыі куратара выстаўкі Марыны Духан.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці