“Лічба” і арт у хуткім доступе

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ, дырэктар Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва”, мастак
“…Вяду сшытак, куды запісваю сайты, да якіх потым звяртаюся пад час працы. У спісе — ужо дзесьці 800 адрасоў, якія больш-менш зацікавілі мяне”, — кажа Аляксандр ЗІНКЕВІЧ і дзеліцца сваім досведам прафесійнай працы ў Сеціве.

/i/content/pi/cult/452/9494/13-5.jpg

1. Навіны

Вельмі карысны рэсурс для людзей, якія маюць якое-небудзь дачыненне да мастацтва, — art-info.com: для аб’ёмнага погляду на ўсё тое, што адбываецца на сусветнай мастацкай арэне. Гэта, вядома, дапаможнік для чалавека, які цікавіцца творчасцю і хоча вызначыць тэндэнцыі ў сучасным мастацтве. Важнае ў сайта — наяўнасць зручнай навігацыі, да ўсяго, там змешчаны цікавыя навіны, добрыя артыкулы, зразумелыя чытачу любога ўзроўню падрыхтоўкі.

2. Галерэя

Google запусціў выдатны праект — “Art Projekt”. Тут выкладзены выявы высокай якасці, прадстаўлена вялікая колькасць галерэй. Праект карысны для чалавека, які любіць наведваць выставачныя пляцоўкі, любавацца мастацтвам, але не мае магчымасці выязджаць непасрэдна на месца дзеяння. Плюс шмат досыць цікавых замежных галерэй з выдатнымі фатаграфіямі экспанатаў і пастаяннае папаўненне базы.

3. Гасцёўня

Нядрэнна развіваецца цяпер расійскі сайт gallerix.ru, дзе любы ахвотны можа прасачыць гісторыю сусветнага мастацтва, даведацца пра найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Тут змешчаны выявы палотнаў, навіны мастацтва і бібліятэка з кнігамі па дадзенай тэматыцы ці спасылкамі на іх. Акрамя таго, створана галерэя-гасцёўня, дзе могуць выстаўляць свае работы мастакі розных узроўняў.

4. Аналітыка

Больш жа спецыялізаваны сайт гэта — artnet.com. Рэсурс — часткова платны, але вельмі карысны для чалавека, які рыхтуецца да набыцця той або іншай карціны і ўважліва вывучае творчасць мастака. Варта разумець, што бясплатныя сайты даюць досыць стандартную інфармацыю. Тыя ж, што праводзяць сур’ёзную аналітычную працу, каб і надалей развівацца, павінны ўтрымліваць экспертаў,  а гэта ўжо патрабуе выдаткаў. Зрэшты, у Сеціве 98% падобных рэсурсаў — бясплатныя. І любыя артыкулы, пры веданні англійскай мовы або ўменні карыстацца перакладчыкам, даступныя наведвальніку.

5. Байнэт

Непачаты край работы на прасторах Байнэту — у стварэнні свайго нацыянальнага рэсурсу, бо інтэграцыя ў Сеціва беларускіх мастакоў вельмі лакальная і практычна адсутнічае. І вывучыць з дапамогай Інтэрнэту творчасць беларускіх мастакоў значна складаней, чым мастацтва любых іншых краін: базы даных не сістэматызаваны, разгорнутай інфармацыі, нават біяграфічнай, вельмі мала. Таму ёсць магчымасць развіваць дадзеную тэму больш актыўна.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА