Станіслаў Іосіфавіч ДРОБЫШ

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

31 кастрычніка на 75 годзе пайшоў з жыцця Станіслаў Іосіфавіч ДРОБЫШ — вядомы ў рэспубліцы хормайстар, педагог і прапагандыст народна-харавога мастацтва, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, прафесар, загадчык кафедры Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”.

/i/content/pi/cult/452/9492/12-3.jpeg

Станіслаў Іосіфавіч нарадзіўся 17 сакавіка 1939 года ў в. Заграддзе Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У сваім жыцці быў цікаўны да ведаў: скончыў Інстытут народнай гаспадаркі, музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі, Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага.

З 1977 года да апошняга часу працаваў ва ўніверсітэце, а з 1981-га — нязменны загадчык кафедры беларускай народна-песеннай творчасці .

У 1979 годзе стварыў вакальна-харэаграфічны ансамбль “Валачобнікі”, які стаў сапраўднай майстэрняй па вывучэнні і прапагандзе беларускага фальклору. Аўтар шматлікіх канцэртных праграм, вакальна-харэаграфічных пастановак.

Прафесар Дробыш Станіслаў Іосіфавіч выхаваў вялікую плеяду вучняў, якія працягваюць ягоную справу. Гэта вядомыя артысты, кіраўнікі творчых калектываў, грамадскія дзеячы.

За педагагічную, грамадскую і вялікую творчую дзейнасць неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, ганаровым знакам Міністэрства культуры СССР, ганаровым знакам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. За ўклад у выхаванне творчай моладзі атрымаў Прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1998 годзе.

Дробыш Станіслаў Іосіфавіч з’яўляўся членам Камісіі Міністэрства культуры па прысваенні званняў “народны”, “заслужаны” аматарскім калектывам; членам Камісіі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па прысваенні прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і самадзейнай творчасці; членам журы гарадскіх і рэспубліканскіх фестываляў народнай творчасці, членам Экспертнай камісіі Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па прызначэнні стыпендый і грантаў таленавітай моладзі.

Смуткуем у сувязі са смерцю С.І. Дробыша, выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім.

Калектыў Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”