Журавіны ў Альманах: як спраўдзіць праект?

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Абітурыенцкая задума можа стаць традыцыяй
У рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашай сталай аўтаркі Галіны Гашчук са Століна.

Гаворка ішла пра тое, што 20 кастрычніка ў вёсцы Альманы прайшло Другое Раённае свята журавін. Удзельнікаў віталі Балотная Гаспадыня, заснавальнікі вёскі Альманка і Альман. Побач з ДК прайшоў кірмаш-дэгустацыя страў. Пірагі з ягадамі пад журавінавы морс — смаката неверагодная! А бібліятэка падрыхтавала падборку літаратуры “Гаючыя ўласцівасці журавін”. Адзначаны лепшыя зборшчыкі ды нарыхтоўшчыкі ягад. Зацікавіліся ўнікальным святам і польскія самадзейныя артысты… Словам, ёмістая інфармацыя атрымалася. Але не было згадана аўтарства праекта. Паспрабуем ліквідаваць прабел. Прыдумала і рэалізавала свята Ніна Будкевіч. І ад “прыдумала” да “рэалізавала” прайшоў не адзін год.

/i/content/pi/cult/452/9491/12-1.jpeg

Нарадзілася Ніна Аляксееўна ў Альманах. Скончыла Пінскае вучылішча мастацтваў. У вёсцы Рубель працавала дырэктарам СДК, атрымала на Століншчыне званне “Малады чалавек года”, заняла пасаду метадыста па фальклоры ў райметадцэнтры. Пры паступленні на завочнае аддзяленне БДУКіМ Ніна Будкевіч прапаноўвае ў якасці творчай працы сцэнарый журавінавага свята. За гады навучання ён пераўтвараецца ў дыпломны праект, што займае першае месца ў сцэнарным конкурсе “К”. (Сцэнарый быў змешчаны ў нашым “Куфры-радцы” № 9 (45) за 2011 г.) У 2012 годзе праект з поспехам рэалізоўваецца ў Альманах…

Cправядлівасць мы ўзнавілі і аўтара ўзгадалі. Для чаго? Ды з той простай прычыны, што без аўтара і гаворкі няма пра аўтарскі праект, а тым больш — пра паспяховую рэалізацыю апошняга. Менавіта аўтар (чытай: асоба) здольны на крэатыў. Вынікам яго — канкрэтная і адметная справа, здольная на доўгатэрміновае развіццё. І такая ініцыятыўнасць у культурнай сферы — на вагу золата. Як зрабіць яе адной з прафесійных якасцей работніка культуры? Ці аўтарскіх праектаў па вызначэнні не можа быць шмат?

На гэтыя ды іншыя пытанні “К” адказваюць начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль ЗАРУБА і метадыст мясцовага РМЦ Ніна БУДКЕВІЧ.

— Наколькі важна захаваць аўтарства творчага праекта?

В.З.: — Аўтар не толькі прыдумвае — ён сваю ідэю ператварае ў жыццё. І Ніна Будкевіч дыпломную працу пісала не дзеля птушачкі, а з вялікім жаданнем пераўтварыць родныя Альманы ў журавінавую сталіцу. Прыдумаць і рэалізаваць — гэта неверагодна цяжка. Тым больш — стварыць усё на мясцовым матэрыяле. Але ў яе атрымалася. Мясцовыя жыхары ўсвядомілі, што збор журавін — не толькі сродак заробку, але і падстава для маштабнага свята з непасрэдным іх удзелам. Ужо сёння мы закладваем нашы заўтрашнія традыцыі… Таму на аўтарства дадзенага свята, якое становіцца брэндам раёна, мы не забываемся ніколі.

Н.Б.: — Мой праект — доўгатэрміновы, на ўсё жыццё. Таму яго аўтарства для мяне — вельмі важнае. Як важнай застаецца і сама сутнасць праекта: захаванне мясцовага фальклору, развіццё экатурызму, узнаўленне ягадных кірмашоў, развіццё запаведных палескіх тэрыторый…

— Як стымулюецца творчая ініцыятыва і ці шмат на Століншчыне арыгінальных культурных праектаў?

В.З.: — Праект мы падтрымалі. Выдаткавалі фінансавыя сродкі на правядзенне свята. Забяспечылі якасныя гук і святло. Сёлета зрабілі новую сцэнічную пляцоўку, бо на мерапрыемства збіраюцца ці не ўсе лепшыя калектывы, і не толькі са Століншчыны… Іініцыятыву імкнёмся падтрымліваць матэрыяльна. На сёння ў раёне — самабытныя праекты па ганчарстве, бондарстве, другі год запар працуе школа лозапляцення. Увогуле, з дапамогай Цэнтра сельскага прадпрымальніцтва і развіцця сельскай гаспадаркі і раённы краязнаўчы музей займеў некалькі грантаў, у тым ліку на правядзенне Гараднянскага кірмашу. Згаданы Цэнтр паспрыяў нам і ў набыцці сцэнічных касцюмаў. Ініцыятыва зыходзіла ад нашай моладзі. Гэткім жа чынам здабылі і клубную апаратуру коштам у 25 мільёнаў рублёў. У перспектыве — рэалізацыя беларуска-польскага праекта па захаванні культурнай спадчыны.

Н.Б.: — На Століншчыне ёсць цікавыя праекты. Але ў цэлым па рэспубліцы папраўдзе самабытных ініцыятыў па развіцці рэгіянальнай культуры — вельмі мала. Мо сапраўды любую цікавую ініцыятыву варта больш актыўна стымуляваць?

— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся пры правядзенні першага свята?

В.З.: — Цяжкасці былі арганізацыйныя. Усё ж свята — нестандартнае. І насельніцтва Альман упершыню сутыкнулася з неабходнасцю ўласнай прэзентацыі. Настроіць на суладдзе трэба было і сельсавет, і мясцовы СВК, які асаблівай заможнасцю не вызначаецца…

Н.Б.: — Да праекта спачатку паставіліся вельмі насцярожана. Але так бывае з любой новай нестандартнай справай…

— Якія перспектывы ў журавінавага мерапрыемства?

В.З.: — Ужо сёлета нас падтрымалі грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, валанцёры, што дбаюць пра захаванне Альманскіх балот, прыехаў гурт аматараў фальклору з Любліна… Свята практычна выйшла за межы раёна. Нас павінны падтрымаць прыродаахоўныя арганізацыі. Свята проста абавязана стаць больш грандыёзным. Варта і ўкраінцаў прыцягнуць.

Н.Б.: — Я перспектывы ўжо акрэсліла напачатку. Дадам толькі, што Альманы могуць стаць месцам правядзення навукова-практычных канферэнцый па праблемах аховы прыроды, рацыянальным выкарыстанні яе багаццяў. На балотах — не толькі журавіны, але і 70 працэнтаў раслін, жывёл, птушак, занесеных у Чырвоную кнігу…

— У чым галоўная задача раённага метадычнага цэнтра?

В.З.: — Я задаволены ягонай працай. Менавіта метадцэнтр, метадыстка Ніна Будкевіч і сталі каардынатарамі журавінавага мерапрыемства. Дапамог ГДК.

Н.Б.: — Натуральна, трэба вучыцца і вучыць нараджаць ідэі. Метадцэнтр, да прыкладу, мяркуе правесці свята лесу, пастаянны фэст імя фалькларыста Васіля Ліцвінкі — нашага земляка. Ідэя апошняга мерапрыемства належыць работніку культуры з Ніжняга Церабяжова Святлане Бажко.

— Наколькі істотнай з’явілася падтрымка праекта з боку Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра?

В.З.: — Шчыра кажучы, мы пакуль не звярталіся да абласных метадыстаў. Не, яны ведаюць пра нашы ініцыятывы, ведаюць, што мы спраўляемся самі. Але час ужо выходзіць на якасна новы ўзровень свята ў Альманах. Ёсць думка закласці ў праграму абласных мерапрыемстваў і наша журавінавае мерапрыемства. Яно — таго вартае.

Н.Б.: — Пастаянна кантактую з супрацоўніцай Цэнтра Ларысай Быцько. Яна вельмі зацікавілася святам у Альманах і паабяцала дапамагчы ў наступным годзе з падрыхтоўкай дакументаў па фінансаванні майго праекта…

 

Дарэчы

Гэта не адзіная падзея з падобнай тэматыкай у рэспубліцы. Сёлета яблычнае свята зладзілі ў аграгарадку “Васілішкі” Шчучынскага раёна. Да імпрэзы далучыліся і суседнія Старыя Васілішкі — радзіма знакамітага музыканта Чэслава Нэмэна. І яблыкі з ягонага саду  таксама пакаштавалі госці ўрачыстасцей. А на Глыбоччыне сёлета праводзілі свята вішняў. Дык мо арганізатары падзеляцца з калегамі крэатывам?

Фота Галіны ГАШЧУК

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"