“Экспануецца ўпершыню”: след у занатаванай мінуўшчыне

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Той, хто наведае традыцыйную штогадовую выстаўку “Экспануецца ўпершыню” ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, зможа на свае вочы пераканацца, як хутка бяжыць час і паўсядзённасць становіцца гісторыяй.

На выстаўцы прадстаўлены экспанаты з ліку тых, што ўзбагацілі фонды музея за перыяд з чэрвеня мінулага года па кастрычнік бягучага. Для экспазіцыі адабраны прадметы з калекцый дакументаў, мэблі, выяўленчага мастацтва, старадрукаў, карт, фатаграфій, зброі… Рэчавыя помнікі ў дадзеным кантэксце ахопліваюць больш за тры стагоддзі: з сярэдзіны XVII па нашы дні.

/i/content/pi/cult/452/9490/14-4.jpeg

На маю думку, найбольш цікавы сегмент экспазіцыі  — 50-я гады мінулага стагоддзя. Вельмі вобразна і праўдзіва паказаны побыт той пары. Тут, у прыватнасці, прадстаўлены прадметы жаночай вопраткі, упрыгожанні, часопісы мод. І яшчэ вельмі важны атрыбут тагачаснага жыцця — швейная машына, што мела, бадай кожная сям’я, якой дазваляў дастатак. У крамах выбар вопраткі разнастайнасцю не вызначаўся. Так, скажонае водгулле еўрапейскіх і сусветных брэндаў да нашых краёў даходзіла, але савецкай лёгкай прамысловасці дасягнуць падобнага ўзроўню было не пад сілу. Дакладней, у дзяржавы, занятай вырашэннем праблем сусветнага маштабу, да такой “драбязы” рукі не даходзілі. Між тым, як жыццё звычайнага чалавека з дробязей і складаецца… Вось і даводзілася савецкай жанчыне быць самой сабе і мадэльерам, і швачкай. Вельмі верагодна, што швейная машына, прадстаўленая ў экспазіцыі, была прывезена з Германіі ў якасці трафея. Тады ў побыце мелася шмат рэчаў, што наўпрост ці ўскосна нагадвалі пра нядаўнюю вайну. Урэшце, калі меркаваць па ўсмешлівых тварах на вокладках часопіса “Маладосць” тых самых 50-х гадоў (яны дапаўняюць гэты раздзел), псіхалагічны камфорт ад узроўню жыцця наўпрост не залежыць.

Сярод апошніх паступленняў у музейныя фонды — халодная і агнястрэльная зброя, а таксама элементы вайсковага рыштунку айчыннай ды замежнай вытворчасці. Новыя тэхналогіі тут, да прыкладу, увасоблены ў вайсковым шлеме НАТА, які зроблены з пластмасы, але за кошт канструкцыі не менш трывалы, чым металічная каска. Як узор сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прэзентацыйнага характару, што доўжыць рускую і савецкую традыцыі, глядзіцца вялікі сервіз, зроблены да 65-х угодкаў Перамогі і падораны Кіраўніку нашай дзяржавы Урадам Масквы.

Да гісторыі беларускай навукі маюць дачыненне асабістыя дакументы Б.Сцяпанава, вядомага як заснавальніка напрамку ў спектралізацыі і лазернай фізіцы. Палітычная гісторыя ўвасоблена ў архіўных матэрыялах першага намесніка міністра замежных спраў Беларускай ССР К.Кісялёва, якія адлюстроўваюць ягоную дзейнасць у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод тых, хто ахвяраваў музею новыя экспанаты, — не толькі дзяржаўныя ўстановы, але і прыватныя асобы. Такім чынам, кожны грамадзянін сваёй дабрачыннасцю можа пакінуць след у занатаванай гісторыі краіны. Зразумела, што музейшчыкі такія ініцыятывы вітаюць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"