“Мой тата ва ўсім быў мастаком…”

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Чаму Міхаіл Станюта пры жыцці меў толькі адну персанальную выстаўку?
…Першая пасля Грамадзянскай вайны доўгачаканая мастацкая выстаўка адбылася ў Мінску ў верасні 1921 года.

Яна была арганізавана пры садзейнічанні мастацкага аддзела Галоўпалітасветы Заходняга фронту. Гэты аддзел тады якраз узначальваў Станюта. Дарэчы, на той выстаўцы, якая прадставіла больш за 360 работ 33 мастакоў з розных гарадоў краіны, але ў асноўным — з Мінска, той жа Філіповіч паказаў партрэт свайго сябра Міхаіла Станюты. Вось што тады напісаў Змітрок Бядуля пра гэты твор: “Ненатуральныя да твару фарбы, няправільныя, размашыстыя лініі, скамечаныя штрыхі, рэльефная мускулатура твару — і ў агульным выніку атрымліваецца цэласнае ўражанне, жывое аблічча, вельмі падобнае да арыгінала, толькі самабытна-фантастычна стылізаванае, — гэта партрэт Станюты”.

(Працяг. Пачатак у № 43.)

/i/content/pi/cult/452/9488/15-1.jpeg /i/content/pi/cult/452/9488/15-2.jpeg

А яшчэ Міхаіл Пятровіч у 1924-м стаў сакратаром Аб’яднання мастакоў Беларусі, а з 1927-га — сакратаром Усебеларускага аб’яднання мастакоў (УАМ), што давала яму магчымасць, як кажуць, трымаць руку на пульсе мастацкага жыцця ўсёй краіны. Такім чынам, Станюта на поўным дыханні ўваходзіў у жыццё новай Беларусі як жывапісец-наватар, цудоўны рысавальшчык і таленавіты арганізатар творчых працэсаў, якія ў першай палове 20-х набіралі сілу і моц.

Што і казаць, Станюта, як і многія ягоныя калегі па цэху, шчыра верыў у тое, што адбывалася тады ў Беларусі, і яго палотны “Шклозавод”, “Бетоншчыкі”, “Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка”, “На будоўлі”, “Ліцейны цэх”, “Ударнік”, “Студэнт” — менавіта пра тое, як змяняецца аблічча краіны і душэўны склад яе людзей. Гэта быў час вялікіх спадзяванняў, усё кіпела, дыхала навізной і абнаўленнем, адраджэннем нацыянальных каранёў ды страчаных старонак сівой гісторыі…

Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка 1925 года стала папраўдзе выдатнай з’явай у культурным жыцці краіны, і ў яе арганізацыі, акрамя прадстаўнікоў Інбелкульта, Саюза работнікаў мастацтва і Наркамасветы, важная роля належыла і асабіста Міхаілу Пятровічу. Сам мастак
выставіў тут некалькі сваіх твораў, у тым ліку цудоўны партрэт Міхася Філіповіча, пра які я казаў вышэй, і рамантычны партрэт тэатральнага студыйца Васіля Рагавенкі ў ролі рыцара са спектакля “Цар Максімільян”: доўгія валасы, расчасаныя на бакі, твар — нязвыклы, падоўжаны, худы, шыя — адкрытая, шчыт каля грудзей, як успамінала Стэфанія Міхайлаўна. Дзе зараз гэты партрэт — невядома. Гаворка — пра акцёра, за якога ў гады вучобы ў Маскве выйшла замуж дачка Міхаіла Станюты — Стэфанія. Тады дырэкцыя выдзеліла маладым па 10 рублёў. На тыя грошы Стэфанія купіла сабе туфлікі-лодачкі і фільдэперсавыя панчохі. У іх і рэпеціравала. Васіль быў высокі, тонкі, і яго жартам называлі “Міногай у фраку”. Маладыя ў той час, калі мастак пісаў Васіля, разам ігралі ў вельмі складаным спектаклі Аляксея Рэмізава “Цар Максімільян”: Васіль — у ролі Велізарнага рыцара, Стэфанія — у ролі багіні Венеры. А летам маладыя ўпершыню паехалі ў вясельнае падарожжа ў Крым. Там, як успамінала Стэфанія Міхайлаўна, аб’ядаліся баршчом ды белым хлебам... Потым жылі ў Віцебску, на вуліцы Ветраной. Ігралі ў Другім драматычным тэатры (цяпер — Тэатр імя Якуба Коласа) разам з А.Ільінскім, П.Малчанавым, Ц.Сяргейчыкам, Р.Кашэльнікавай, М.Бялінскай, Я.Глебаўскай...

Але гэты сямейны саюз праіснаваў не вельмі доўга. Васілю з тэатрам давялося развітацца. Ён быў, так бы мовіць, залішне вясёлы, шумны, нястрымны, вельмі любіў расказваць анекдоты. А часы былі не такія вясёлыя, як анекдоты. І вось аднойчы, пад рогат сяброў, расказаў тое, пасля чаго на 15 гадоў апынуўся ў магаданскім ГУЛАГу... Потым камусьці паведаміў, што выжыў толькі таму, што ўсе гады заключэння “камікаваў”, забаўляў зэкаў ды лагерную варту рознымі жартамі, байкамі і вясёлымі гісторыямі…

Потым Васіль вернецца ў Віцебск, у яго з’явіцца новая сям’я, дзеці... Але ўжо будзе не да весялосці. Некалькі разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Словам, ГУЛАГаўская эпапея раздушыла, зламала гэтага таленавітага чалавека. Праз нейкі час прыйшла папера, што ён — рэабілітаваны, што саставу злачынства не было...

А што Стэфанія Міхайлаўна? У 1934-м яна паўторна выйшла замуж: за Аляксандра Кручынскага — кавалерыйскага афіцэра Чырвонай арміі, які, акрамя ўсяго іншага, навучаў артыстаў вальтыжыроўцы на конях. Праз два гады, 17 кастрычніка, нарадзіўся сын Аляксандр, што стаў таленавітым журналістам, пісьменнікам, літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам. Я ведаў яго даволі добра. Ён вельмі любіў маці, знешне быў на яе падобны, паважаў свайго дзеда Міхаіла Пятровіча. Напісаў дзве кнігі, прысвечаныя маці, дзе ў некалькіх фрагментах расказаў і пра дзеда, з якім ён жыў і ў акупацыі ў Мінску, і пасля вайны.

Але шлюб Стэфаніі з Аляксандрам Кручынскім таксама быў не вельмі доўгім. Вялікай актрысе ў жыцці, на жаль, не пашанцавала з мужамі. Калі пачалася вайна, БДТ-1 працаваў на гастролях у Адэсе. Адтуль артыстаў тэрмінова эвакуіравалі ў Томск. А пяцігадовы сын Саша застаўся з дзедам у Мінску, як і муж Стэфаніі — Аляксандр Кручынскі: яны проста не паспелі пакінуць горад, які ўжо 28 чэрвеня 1941 года апынуўся ў руках фашыстаў. Кручынскі, каб выжыць, падпрацоўваў на біржы працы і, як згадвалі, дапамагаў партызанам. Але пасля вайны яго судзілі ды адправілі ў варкуцінскі лагер, дзе ён і памёр. Што там на самой справе адбылося, не ведаю. А Стэфанія Міхайлаўна зноў засталася адна…

Аднак вяртаюся назад. Для мастакоў 1920-я гады былі часам, калі нараджалася прафесійнае беларускае мастацтва, якое заснавалася на шырокім выкарыстанні самабытных традыцый мінулага: раскрутцы новых тэм ды сюжэтаў, народжаных рэвалюцыяй. Першыя вынікі гэтага “сінтэзу” і падвяла Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка, дзе ярка праявілі сябе творцы ўсіх пакаленняў: ад Ю.Пэна, У.Кудрэвіча, Г.Віера, В.Волкава, А.Бразера, А.Ахова-Вало да З.Азгура, А.Тычыны, С.Юдовіна, А.Марыкса, П.Гуткоўскага, Р.Філіпоўскага, Р.Семашкевіча. Беларусы Міхась Філіповіч і Міхаіл Станюта, якія імкнуліся ў сваім жывапісе знайсці нешта ад матываў нацыянальнай спадчыны, тут знаходзіліся, як кажуць, “у першай дзясятцы”. За плячыма Філіповіча ўжо былі такія значныя творы, як “Вясновае свята”, “Карагод”, “Бітва на Нямізе”, “Духаў манастыр”, “Касцы”, “Сяляне на кірмашы”, ілюстрацыі да паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”; за плячыма Станюты — шматлікія беларускія пейзажы і партрэты, у тым ліку бліскучая карціна “Смутак” ды яркі па колеры “Дэкаратыўны матыў”.

Праз два гады прайшла і Другая Усебеларуская мастацкая выстаўка, потым, у 1929-м і 1931-м, — Трэцяя і Чацвёртая выстаўкі, у якіх Міхаіл Станюта таксама не толькі ўдзельнічаў, але і з’яўляўся адным з арганізатараў. У 1926 годзе ў Беларусі пачалося мэтанакіраванае вывучэнне рамесніцкай прамысловасці, народнага ткацтва па акругах. Вучоныя Інстытута беларускай культуры разам з мастакамі і мастацтвазнаўцамі праяўлялі вялікую цікавасць да народнага мастацтва. У навуковых экспедыцыях па вёсках рабіліся замалёўкі традыцыйнага адзення, арнаменту, тканін. Лепшыя рэчы траплялі потым у музеі. Вынікам гэтых экспедыцый з’явіліся альбомы замалёвак Міхаіла Станюты і яго сябра Міхася Філіповіча, у якіх аўтары засведчылі, што беларускае народнае ткацтва прадаўжала ўнікальныя традыцыі, закладзеныя ў папярэднія стагоддзі. І разам з тым, амаль усе рэгіёны краіны мелі і маюць свае мясцовыя варыянты ды асаблівасці ручнога ткацтва.

Больш за тое: акрамя занятку гэтай працай, што адбірала шмат часу і сіл, Станюта вясной 1927 года стаў адным з заснавальнікаў у Мінску так званага Усебеларускага таварыства бібліяфілаў, статут якога, між іншым, быў зарэгістраваны ў НКУС БССР. Разам са Станютам работу ў Таварыстве вялі яго кіраўнік, універсітэцкі педагог і мастацтвазнаўца Мікалай Шчакаціхін, краязнаўца Мікалай Каспяровіч, этнограф Аляксандр Шлюбскі, мастакі Анатоль Тычына, Герасім Пінкус і Аляксандр Ахова-Вало, пісьменнікі Віталь Вольскі і Андрэй Шашалевіч, мастацтвазнаўца Аляксандр Палеес. Галоўныя мэты Таварыства былі скіраваны на збор экслібрысаў, вывучэнне пытанняў культуры кнігі, абуджэнне цікавасці да апошніх шырокіх мас беларускага грамадства. За два гады існавання Таварыствам шмат чаго было зроблена: ад збору ўнікальнай калекцыі экслібрысаў да выдання кнігі А.Шлюбскага “Exlibris’ы Тычыны”, пра якую знакаміты вучоны Павел Беркаў пісаў, што яна выдадзена “вельмі прыемна і нават зграбна”. Мне гэтую кнігу паказваў калісьці ў сябе дома Анатоль Мікалаевіч Тычына, які казаў, што ў яе выданні вельмі шмат дапамог менавіта Станюта, хаця ён непасрэдна і не займаўся кніжным знакам. Але Таварыства праіснавала нядоўга: ва ўмовах узмацнення палітычнага кантролю і адміністратыўнага націску на творчыя ды грамадскія аб’яднанні ў 1929-м яно было расфарміравана.

Мне здаецца, што менавіта пасля такіх вось сацыяльных пературбацый у жыцці краіны, пасля пачатку жорсткай барацьбы з так званай нацдэмаўшчынай Міхаіл Станюта, так бы мовіць, нейкім чынам знік з грамадскай арэны, “сышоў у сябе”, адышоўшы ад нядаўніх ідэалаў у дачыненні да таго мастацтва, пра якое ён марыў у першыя паслярэвалюцыйныя гады — мастацтва свабоднае, прыгожае па каранёвай нацыянальнай форме і ўнутраным духоўным змесце. Сам чысты беларус, Міхаіл Пятровіч, канешне ж, не кінуў жывапіс, але стаў мала выстаўляцца, маляваў больш для сябе, “у стол”, затое рабіў тое, да чаго ляжала ягоная душа. А грошы зарабляў тым, што выкладаў і да, і пасля вайны маляванне ды чарчэнне ў школах і тэхнікумах Мінска. Адпачываў мала. Акрамя вандроўкі на Рыжскае ўзмор’е ў 1950-я, Міхаіл Пятровіч больш нічога і не ўспамінаў. Менавіта там да яго прыйшло натхненне і ён напісаў цэлую серыю акварэлей, у тым ліку спакойны “Туманны ранак у Дзінтары” і трывожныя “Кусты пад ветрам”. Цудоўныя рэчы!..

(Заканчэнне будзе.)

 

Пачатак артыкула пра Міхаіла Станюту чытайце тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"