"Варвараўская свечка" — таксама ідэалогія…

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Наталля БІСКУП, Мсціслаўскі райвыканкам:
Не будзе, напэўна, памылковым сцвярджэнне, што Мсціслаўскі раён Магілёўшчыны — унікальны і па геаграфічным месцазнаходжанні, і па колькасці гісторыка-архітэктурных каштоўнасцей. Побач — Расія. І замежныя турысты без стомы скіроўваюцца не толькі ў Пустынкі, не толькі да шматлікіх сельскіх цэркваў, але і ў сам раённы цэнтр, дзе захавалася старадаўняя забудова. Плюс да ўсяго — неймавернай прыгажосці прыродны ландшафт. Нездарма мулявінскія “Песняры” ў свой час упадабалі гэтыя мясціны як родныя…

/i/content/pi/cult/451/9483/12-2.jpeg

— Культура — частка дзяржаўнай палітыкі. Наша ідэалогія выпрацоўваецца ў адпаведнасці з патрэбамі грамадства і засноўваецца на нацыянальным падмурку. А для гэтага трэба захоўваць ды прымнажаць свае культурныя каштоўнасці. І мы цудоўна разумеем, што культура на сёння — не толькі яркія мерапрыемствы. Многім вядома, што асаблівасць нашага рэгіёна — россып архітэктурных каштоўнасцей. Таму прыярытэт аддзела — захаванне гэтай спадчыны. Але — і развіццё новых традыцый, далучэнне насельніцтва да сусветных мастацкіх скарбаў, рэалізацыя раённай культурнай палітыкі.

У адпаведнасці з даручэннем віцэ-прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка распрацавана канцэпцыя Праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйных культур у Мсціслаўскім раёне. Нас чакае маштабная праца па рэалізацыі дадзенага праекта. У лістападзе плануецца пасяджэнне Міжведамаснага савета па турызме пры Савеце Міністраў, што пройдзе менавіта ў нас. Калі ўнікальная праграма будзе адобрана на вышэйшым узроўні, можна будзе казаць пра капітальную рэстаўрацыю аб’ектаў горада і развіццё масавага турызму на Мсціслаўшчыне.

Наша зямля, сапраўды, — самабытная. Сярод землякоў — мноства мастакоў, музыкантаў, неабыякавых аматараў даўніны. Таму сталі традыцыйнымі Рэспубліканскі фестываль мастацтваў імя Мікалая Чуркіна, Фестываль сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”. Гэтыя мерапрыемствы збіраюць безліч гледачоў. Фэст, да прыкладу, наведала летась больш за 12 тысяч гасцей, сёлета — звыш 16. У 2012-м аддзел зарабіў на рыцарскім свяце больш за 200 мільёнаў рублёў, а за ўвесь год — амаль 600 мільёнаў. І гэтая сума ў бягучым годзе павялічыцца. Аднак з гэтай нагоды не магу не сказаць вось пра што.

Для нас галоўнай перашкодай у развіцці (правядзенні мерапрыемстваў, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы) застаецца пастанова Міністэрства фінансаў № 152, якая ну ніяк не стымулюе ўдасканаленне пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры. Наспеў, відаць, час перагледзець гэтую пастанову…

Сёння мы заняты таксама работай па ўключэнні ў спісы сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO абраду “Варвараўская свечка”. І тое — адна з галоўных нашых задач. Гэтым і спрадвечную традыцыю адраджаем, і міжнародны прэстыж Мсціслаўскага раёна ўмацоўваем. Усё ж гэты абрад становіцца яшчэ адной цікавосткай не толькі для ўнутраных, але і для знешніх турыстаў, якіх на Мсціслаўшчыне становіцца ўсё больш…

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"