“Мой тата ва ўсім быў мастаком…”

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Чаму Міхаіл Станюта пры жыцці меў толькі адну персанальную выстаўку?
“Мой тата ва ўсім быў мастаком…” — так аднойчы сказала пра свайго бацьку Стэфанія Міхайлаўна Станюта, вялікая наша актрыса і нацыянальны гонар.

/i/content/pi/cult/451/9480/15-1.jpeg /i/content/pi/cult/451/9480/15-2.jpeg

Мастацкая мода, як і ўвогуле любая мода, змяняецца. У 1920-я і на пачатку 1930-х гадоў сярод беларускіх жывапісцаў ды арганізатараў тагачасных мастацкіх працэсаў узвышаліся Міхаіл Станюта і яго сябра Міхась Філіповіч. А потым на першы план выйшлі іншыя мастакі, якія лепш за іх зразумелі ідэалогію новага савецкага мастацтва, свабоднага ад усякага “буржуазнага фармалізму і левізны”. І так здарылася, што Станюта як жывапісец аказаўся "засунутым" практычна да канца жыцця, і нават у біябібліяграфічны даведнік 1965 года “Белорусское искусство. Живопись” (выдавецтва “Кніжная палата БССР”), падрыхтаваны Валянцінай Дышыневіч і пад рэдакцыяй Івана Ахрэмчыка, ён не трапіў. Ды ўвогуле, у пасляваенныя гады і пазней пра Станюту амаль што не гаварылі ды не пісалі. Як і пра Філіповіча.

На пачатку майго творчага жыцця — а гэта 1960-я — 70-я гады — мне пашанцавала. Я, тады яшчэ малады мастацтвазнаўца, пасябраваў са многімі беларускімі мастакамі, якія былі значна старэйшыя за мяне, пачынаючы з Аскара Марыкса, Льва Лейтмана, Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Акіма Шаўчэнкі ды Анатоля Тычыны і заканчваючы больш маладымі творцамі.

Сярод іх — і Міхаіл Пятровіч Станюта, які быў аж на 60 гадоў старэйшы за мяне. Аднак гэта ніяк не перашкодзіла нашаму творчаму сяброўству, што доўжылася амаль шэсць гадоў. Я часта прыходзіў да мастака на кватэру (тады ён жыў у доме на рагу Ленінскага праспекта і Камсамольскай вуліцы), дзе ён незадоўга да сваёй смерці пісаў мой партрэт. У час сеансаў мастак шмат чаго расказваў мне “пра час і пра сябе”, нешта я потым дома запісваў у блакнот. Але многае, на жаль, выветрылася з памяці, бо тады ніякіх дыктафонаў у мяне яшчэ не было. Памятаю, што ён шмат разважаў пра Міле і Курбэ, Маціса і Клода Манэ, Густава Дарэ, якіх паважаў за свабодную пластычную мову, далёкую ад цяжкага, грувасткага “праўдападабенства”, хаця вельмі цёпла ўспамінаў сваіх маскоўскіх педагогаў-рэалістаў М.Касаткіна і А.Архіпава. Разважаючы пра мастацтва, я зразумеў, што ён вельмі добра ведаў Стары Запавет (мабыць, як і Новы), хаця адкрыта мы гэтую “тэму” не закраналі.

Не ведаю, куды потым знік мой няскончаны жывапісны партрэт: мо апынуўся ў сям’і ўнука мастака — Сашы Станюты, альбо — у сына Валодзі (ад другой жонкі мастака — Клаўдзіі Пракопаўны), а мо зусім дзесьці знік. Але мой другі партрэт, выкананы алоўкам і вуглем, Міхаіл Пятровіч паспеў падарыць мне, і зараз ён знаходзіцца ў мяне. Часам мы з мастаком прагульваліся па Ленінскім праспекце да цырка ці плошчы Перамогі, потым, на тралейбусе, — да парку Чалюскінцаў, любімага месца Міхаіла Пятровіча, дзе ён шмат гадоў пісаў эцюды, а яму на той час было ўжо далёка за восемдзясят пяць… Там, у парку, нават была яго любімая лаўка, дзе ён сядзеў і рысаваў алоўкам тых, хто апынаўся на колькі хвілін побач з ім. Гэта сапраўды была яго своеасаблівая “майстэрня” на пленэры, і тут ён пачуваў сябе даволі камфортна ды спакойна. Часам я частаваў яго загадзя купленымі мной бутэрбродамі. Ён спачатку заўсёды адмаўляўся, але потым беражліва адкладваў убок аловак ці акварэльны пэндзлік, браў бутэрброд і дзякаваў. А бывала, раптам, пабачыўшы цікавую жывую жаночую мадэль, якая плыла па дарожцы паблізу нашай лаўкі, забываў пра недаедзены перакус і імгненна зноў хапаўся за пэндзаль, вінавата паціскаючы плячыма...

У тыя часы я працаваў у апараце Саюза мастакоў на рагу вуліцы Энгельса і праспекта (зараз там уваход на станцыю метро “Кастрычніцкая”), і напрыканцы 1970 года дамогся дазволу ад Сакратарыяту Саюза зладзіць у выставачнай зале выстаўку твораў Станюты ў гонар яго 90-годдзя. Мастак даў згоду, хаця напачатку сумняваўся, што гэта атрымаецца, бо многія ягоныя работы — і жывапісныя, і акварэльныя, і малюнкі — зніклі ў час Вялікай Айчыннай…

Праз месяц, у студзені 1971-га, выстаўка адбылася. Людзей на вернісажы было шмат, і Міхаіл Пятровіч вельмі хваляваўся, урачыста хадзіў ля работ, ставіў аўтографы на сціплым каталогу выстаўкі, ахвотна адказваў на пытанні гледачоў. І быў шчаслівы!.. Дзіўна, што гэта была ягоная першая ў жыцці персанальная экспазіцыя… І — на жаль, апошняя…

Акурат праз тры гады, таксама ў студзені, адразу ж на другі дзень новага года, Міхаіл Пятровіч пайшоў з жыцця… Але сярод тых мастакоў і мастацтвазнаўцаў, хто прыйшоў 4 студзеня на пахаванне Станюты, было ўсяго некалькі чалавек: я запомніў А.Аладаву, У.Стальмашонка, У.Бойку, У.Мінейку, С.Геруса і тагачаснага суседа па пад’ездзе дома мастака — А.Бембеля. Было шмат жанчын, мабыць, з Купалаўскага тэатра. Зразумела, былі ўсе блізкія: Стэфанія Міхайлаўна, ейны брат Валодзя і ўнук нябожчыка — Саша. Якраз праз два месяцы споўніцца 40 гадоў з дня смерці Міхаіла Пятровіча Станюты. І няхай гэты мой нарыс стане своеасаблівай кветачкай на яго магілу…

…У 1996-м мы з Уладзімірам Стальмашонкам ездзілі на радзіму Станюты ў горад Чэрвень (былы Ігумен), дзе адкрывалі невялічкую выстаўку мастака, прысвечаную 115-годдзю з дня яго нараджэння. Вернісаж атрымаўся вельмі цёплым і пранізлівым; было шмат народу, мясцовага начальства, людзей культуры і школьнікаў. Прыйшлі і некалькі вельмі пажылых старых, што яшчэ памяталі славутага земляка. Адзін з іх распавёў, як Міхаіл Станюта працаваў, яшчэ да рэвалюцыі, рахункаводам у канторы старшага натарыуса Мінска, а потым — у камерцыйнай афіцыне Лібава-Роменскай чыгункі, пасля чаго з’ехаў у Маскву на вучобу ў Вольныя мастацкія майстэрні. А да таго, зусім маладым, вучыўся ў мінскай рысавальнай школе Якава Кругера і ў хатняй студыі мастачкі Пальміры Мрачкоўскай-Камоцкай. Толькі значна пазней я даведаўся, што Станюта ў школе Кругера, аказваецца, вучыўся разам з Х.Суціным і М.Кікоіным! Але ў час нашых сустрэч са Станютам гэтых імёнаў я яшчэ наогул не ведаў.

Канешне ж, “Партрэт дачкі”, створаны ў 1923 годзе (першапачатковая назва — “Эскіз да партрэта”), — лепшы твор майстра, які ўвайшоў у “залаты фонд” беларускага партрэтнага выяўленчага мастацтва. На палатне адлюстравана 18-гадовая Стэфанія Міхайлаўна Станюта — тагачасная вучаніца Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, будучая народная артыстка Беларусі і СССР, актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якому яна аддала больш за 70 гадоў творчасці.

Дзяўчына з доўгімі косамі, у лёгкай сукенцы, што свабодна аблягае статную фігуру, глядзіць убок па-маладому ўсхваляваным поглядам. На твары, на тонкіх руках — імпрэсіяністычныя блікі святла. Стракатыя колеры касцюма. Яркай стужкай схоплена прычоска. Поза — быццам бы статычная, але дзяўчына зусім не пазіруе: уся ейная фігура поўная ўнутранага руху… Мастак шчыра любуецца мадэллю. Але радасныя колеры — не самамэта. Яны пераканаўча падкрэсліваюць: тая задуменнасць, што на імгненне выявілася ў вобразе прыгажуні, вось-вось перарвецца светлай усмешкай… Менавіта вострай перадачай вокамгненнага стану душы, зруху ад аднаго настрою да іншага, адчуваннем рухавасці быцця зачароўвае партрэт, які намаляваны на адном дыханні, свабодна, шырока, без аглядкі на акадэмічныя нормы жывапіснага пісьма.

А вось як успамінала гэтую творчую работу сама Стэфанія Міхайлаўна: “Аднойчы, калі я ўлетку гасцявала дома, бацька вырашыў напісаць мой партрэт, — а можа, я сама прапанавала ці папрасіла, — і ўсё зладзілася хутка ды проста, без падрыхтоўкі. У блакітна-шэрай сацінавай сукенцы з кароткімі рукавамі, з вузкім беларускім паяском на галаве, я села на стале, падкурчыўшы ногі, абапіраючыся на стол рукамі і гледзячы некуды ўбок, а абедзве касы ляглі на калені. Хутчэй за ўсё, гэта я сама і прыдумала пазіраваць менавіта так, таму што прыгадваю, як рабіла “фон”, развешваючы сінюю хустку і замацоўваючы на ёй нешта накшталт бантоў з чырвонай гафрыраванай паперы. Бацька ўзяў аркуш кардону, прыкладна метр на паўметра, і за адзін ці два сеансы гэты дэкаратыўна-плоскасны тэмперны партрэт быў гатовы. Яго можна цяпер пабачыць у любым выданні рэпрадукцый з карцін Беларускага мастацкага музея і ў самой яго экспазіцыі…”

“Партрэт дачкі” таксама згінуў у час вайны. Як аказалася, немцы яго вывезлі ў Германію, як і шмат іншых твораў беларускага мастацтва. На шчасце, яго знайшлі і вярнулі ў Мінск дзякуючы дырэктару нашага Мастацкага музея БССР Алене Аладавай, старой сяброўцы мастака. Гэты партрэт — тыповы для смелай, своеасаблівай пластычна-жывапіснай манеры Станюты пачатку 1920-х гадоў, якую можна было пабачыць і ў пейзажах “Хаты”, “Прыцемкі”, “Вечар”, “Дарогі і хвоі”, у “Нацюрморце з яблыкам” і ў партрэце “Бежанец” ды “Аўтапартрэце”, дзе аўтар намаляваны з кароткімі вусікамі і ў капелюшы. Менавіта за такія творы Міхаіла Пятровіча крытыкавалі ў тыя часы апалагеты кандовага рэалізму, абвінавачваючы яго ў фармалізме і ва “ўпадніцкай дэкадэншчыне”. Праўда, потым Станюту паднялі на шчыт за “адлюстраванне рэальнага жыцця рабочага класа, яго стваральнай дзейнасці” — творы, да якіх сам аўтар ставіўся вельмі не адназначна, хаця і сярод іх былі па-наватарску бліскучыя.

Пэндзлю мастака належыць і дзіўны партрэт блізкага сябра і таленавітага жывапісца Міхася Філіповіча, які ён намаляваў з натуры ў 1925-м. Гэты партрэт я ўпершыню пабачыў на той самай выстаўцы 1971 года: Міхась Мацвеевіч — у моднай тады бекешы са зборкамі на спіне, з мехавым каўняром, пры гальштуку і ў шаліку. Ён выглядае вельмі эфектна, малады ў той час беларускі мастак, які пазней стаў у жывапісе нацыянальным сімвалам “беларускасці”...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"