Аўдыягід і відэаканал — патрабаванне часу

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Віталь ГАЎРЫЛАЎ, загадчык навукова- інфармацыйнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка
Ужо неаднойчы выказвалася прапанова аб’яднання ўсіх культурных устаноў краіны на агульным партале, але пакуль пытанне застаецца адкрытым. Што ж да музеяў, то праца ў гэтым кірунку ідзе ўжо пэўны час. Пра аптымізацыю музейнай справы распавёў адзін з распрацоўшчыкаў унікальнага праекта “Партал “Музеі Беларусі”.

/i/content/pi/cult/451/9478/13-1.jpeg

1. Сайт

Для любога музея неабходна мець сваё прадстаўніцтва ў сетцы Інтэрнэт: ці то вялікі паўнаважны сайт, ці то невялікую інтэрнэт-старонку, дзе публікуюцца навіны, змяшчаецца афіша мерапрыемстваў, знаходзіцца актуальная інфармацыя з адрасамі, тэлефонамі, маршрутамі. Для сучаснасці гэта — абавязковы мінімум. На нашым сайце — polotsk.museum.by — прадстаўлена актуальная інфармацыя аб адзінаццаці філіялах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. І ўсё гэта на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Сістэма работы сайта для большай аператыўнасці пабудавана так, што філіялы самі напаўняюць кантэнтам свае інтэрнэт-старонкі.

2. Алічбоўка

Адзін з апошніх цікавых праектаў — алічбоўка друкаваных выданняў, выпушчаных нашым музеем-запаведнікам. Супрацоўнікі фондаў і бібліятэкі зрабілі падборку ўсіх выданняў, а навукова-інфармацыйны аддзел яе алічбаваў. Зараз на сайце ў раздзеле “Бібліятэка” ў свабодным доступе для запампоўкі знаходзіцца больш за пяцьдзясят кніг і публікацый. У асноўным гэта зборнікі матэрыялаў канферэнцый, навуковыя працы, каталогі калекцый і выставак — усё ў pdf-фармаце, аптымізавана для чытання на планшэтах, электронных кнігах і, зразумела, камп’ютарах... Гэта праца працягваецца: алічбоўваюцца і выкладаюцца новыя выданні, якія выпускаюцца музеем-запаведнікам.

3. Відэа

Напрыканцы мінулага года, адразу ж пасля музейнага форуму, запусцілі канал музея-запаведніка на партале YouTube. Дагэтуль на сайце была прадстаўлена толькі тэкставая ды графічная інфармацыя, але вырашылі дадаць і відэаматэрыялы. На канале — ужо больш за шэсцьдзясят відэа рознай скіраванасці: як пра музеі, іх мерапрыемствы ды канферэнцыі, так і пра вядомых асоб Полаччыны. Мяркуючы па колькасці праглядаў, можна сказаць, што канал карыстаецца папулярнасцю. Усе матэрыялы створаны нашымі супрацоўнікамі. Дзейнасць у такім кірунку дапамагае “ажывіць” інфармацыю, што асабліва актуальна для моладзі, бо відэаролікі на папулярным рэсурсе глядзяць многія, а музею неабходна самапрэзентацыя.

4. Партал

Наш сайт — на партале museum.by. Гэты рэсурс прадастаўляе магчымасць усім музеям Беларусі бясплатна размяшчаць на ім свае інтэрнэт-старонкі. У першую чаргу праект разлічаны на зацікаўленасць саміх музейшчыкаў. Для гэтага ўстанове неабходна падаць заяўку — і ёй будзе арганізавана старонка, якую музей сам запаўняе ды вядзе. Такім жа чынам ствараецца і паштовая скрыня на дамене партала. Гэта вельмі зручна, асабліва для рэгіянальных устаноў, што не маюць дастатковага фінансавання ці пэўных спецыялістаў у штаце. Апошняе новаўвядзенне партала — структураванне інфармацыі па абласцях. Цяпер наведвальнік можа выбраць рэгіён і адразу ўбачыць усе яго навіны і мерапрыемствы.

5. Wi-Fi

Цяпер ужо не толькі кожны супрацоўнік, але і наведвальнікі павінны мець доступ у Інтэрнэт у сценах музея. Вось на пачатку гэтага года пры адкрыцці ў адным з нашых філіялаў стацыянарнай выстаўкі “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай” запусцілі пробны бясплатны Wi-Fi для наведвальнікаў. Ён распаўсюджваецца як у памяшканні ўстановы, так і ў музейным дворыку. Гэта дало магчымасць выкарыстоўваць сістэму QR-кодаў для размяшчэння дадатковай інфармацыі па экспазіцыі музея. Цяпер наведвальнік можа прасканаваць код і атрымаць інфармацыю з сайта музея на трох мовах. З дапамогай гэтай жа тэхналогіі можна пашыраць магчымасці аўдыягіда.

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ