Па тэлефоне і “жыўцом”

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Лінія паступовага руху: да новых мастацкіх пластоў
У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — ізноў прэм’еры. Гэтым разам — “Чалавечы голас” Ф.Пуленка і “Тэлефон” Дж.Меноцці.

/i/content/pi/cult/451/9475/9-1.jpeg

Гэтымі дзвюма опернымі аднаактоўкамі ХХ стагоддзя, рэзка адрознымі па стылі, але з’яднанымі тэмай тэлефонных размоў, прадоўжыўся вераснёўска-кастрычніцкі “лістапад” прэм’ер, падобны да святочнага салюту. Пры гэтым выявілася лінія паступовага руху ад даўніны да сучаснасці ды засваення новых мастацкіх пластоў, што не можа не радаваць. Заўважым і тое, што па-восеньску “бясконцая” чарада яшчэ не завершана: 23 — 24 лістапада мы ўбачым балет “Сем прыгажунь” Кара Караева. А там і Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пачнецца — таксама з прэм’еры, з оперы Г.Вагнера “Лятучы Галандзец”.

/i/content/pi/cult/451/9475/9-2.jpeg

Можна, безумоўна, узвесці на п’едэстал такое інтэнсіўнае музычна-тэатральнае жыццё нашага Вялікага. Толькі за першыя два месяцы сезона — шэсць прэм’ер! Прычым тры апошнія ладзіліся практычна адначасова, толькі на розных сцэнах: “Шэсць танцаў” на вялікай — 8, 9 і 11 кастрычніка, “…Голас” і “Тэлефон” на камернай — 9-га і 11-га. І гэта прытым, што тая ж камерная сцэна яшчэ не астыла ад баталій, якія разгортваліся ў аднаактоўках ХVІІІ стагоддзя (“Дырэктар тэатра” В.А. Моцарта і “Спачатку музыка, потым словы” А.Сальеры), увасобленых там усяго дзесяць дзён таму. Праўда, такая “хуткасць” і “адначасовасць” былі прадыктаваны зусім не імкненнем увайсці ў Кнігу рэкордаў Гінеса, а ўсяго толькі вытворчымі пытаннямі. Прэзентацыя дзвюх старадаўніх аднаактовак была перанесена з канца мінулага сезона, бо вырашылі пашыць новыя сцэнічныя строі замест падбору касцюмаў з іншых спектакляў. Падрыхтоўка ж “тэлефонных” опер, наадварот, фарсіравалася, бо галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ, чым можна ганарыцца, запатрабаваны не толькі ў нас, але і ў расійскіх тэатрах: адразу пасля прэм’еры свайго дыптыха ён рушыў у Самару.

Можна спяваць дыфірамбы і ў гонар нашых артыстаў, якія вытрымалі такі напружаны графік, калі адбывалася і асноўная пастановачная праца, і многія карэктывы ўносіліся літаральна ў апошні момант. Тым больш, ва ўсіх чатырох оперных аднаактоўках, што выпускаліся амаль разам, задзейнічаны пераважна артысты, у якіх пакуль не надта доўгі спіс працяглых сольных партый. У амаль гадзіннай манаоперы Ф.Пуленка “галасіла” Алена Сіняўская — і гэта было разбурэнне стэрэатыпаў успрыняцця і гэтага твора, і самой спявачкі. Бо дагэтуль яе кароннай партыяй была помслівая, бязлітасная Царыца ночы ў “Чарадзейнай флейце” Моцарта — і спявачка выдавала абсалютна роўны па моцы і напале “кулямётны” россып дыяментавых гукаў, што біў струменем сваёй шалёнай энергетыкі. А твор Пуленка — пра каханне. І — пра немагчымасць жыць без свайго любага.

Алена Сіняўская праводзіць спектакль на мяжы магчымага. Усю гадзіну артыстка вымушана трымаць сябе і нас у адным і тым жа стане жудаснай экзальтацыі — на піку экспрэсіі. Дэталёвасць яе “выбрыкаў” не выбудоўваецца ў адну лінію паступовага асэнсавання трагедыі, а набывае хаатычны рух, што прыводзіць да статычнасці спектакля. Ах, як мы добра разумеем героя, што застаецца па той бок тэлефонных размоў: такую жанчыну, прабачце, хочацца кінуць з самага пачатку, што публіка, крыху пачакаўшы, і робіць.

Хтосьці — сыходзіць, хаця зрабіць гэта цяжкавата: выхад “зачынены” сцэнаграфічным абсталяваннем. Хтосьці пачынае “адключацца”, бо чалавечая псіхіка патрабуе хоць якога “пераключэння”. Дый кіслароду ў маленечкай зале, дзе ўсё абгароджана шчытамі і ўключаны светлавыя пушкі, не хапае. А між тым, нават такая дробязь, як магчымасць бачыць гераіню, магла б разнастаіць дзею. Ну не адбудавана зала амфітэатрам! Значыць, сцэнічны подыум трэба было ўзняць яшчэ вышэй, улічваючы, што гераіня часцей не стаіць у поўны рост, а ляжыць, і бачна яе толькі з першага раду.

Затое тыя, хто ўсё ж застаецца на другую аднаактоўку, прыемна ўражваюцца “Тэлефонам” Меноцці, які ў цяперашняй версіі становіцца гулліва асучасненым анекдотам пра натуральную бландзінку: маўляў, падарыў ёй закаханы смартфон — дык як цяпер паспець прапанаваць ёй руку і сэрца паміж бясконцымі званкамі? Але Люсі (Ганна Гур’ева) усё роўна шкада: гэта ж трэба быць такой недалёкай, каб не бачыць сур’ёзнасці намераў хлопца! Шкада і Бэна (Сяргей Лазарэвіч): навошта яму ў жонкі такая “павярхоўная” дзяўчына, ад чвэрцьгадзіннай прысутнасці якой у яго ледзь вытрымліваюць нервы? Можа, не трэба рабіць герояў такімі абмежаванымі, недальнабачнымі?

Найвышэйшай ухвалы заслугоўвае не толькі выдатны вакал усіх дзеючых асоб, але і суадносіны салістаў з “маленькім аркестрам” на чале з Андрэем Івановым. Галоўнай інтрыгай абодвух спектакляў аказваюцца не сцэнічныя перыпетыі, а тое, наколькі інструменталісты і дырыжор, схаваныя за шырмай, чуйна падтрымліваюць усе душэўныя парывы салістаў, наколькі развіта ва ўсіх пачуццё ансамбля, тонкая музычнасць, выразнасць інтанавання. Малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў зрабіў папраўдзе “пуленкаўскае” пералажэнне для камернага складу. Думаю, сіл у яго на гэта пайшло не менш, чым магла б патрабаваць ягоная ўласная камерная опера. Дык, можа, няхай тэатр яму і замовіць, калі ён вытрымаў "выпрабаванне “перакладам”?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"