Падзарадзіцца ад "...Аблокаў"

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Заўжды прыемна канстатаваць, што культурнае жыццё ў рэгіянальных цэнтрах насычанае вартымі ўвагі падзеямі не менш, чым у сталіцы. Сярод такіх падзей я назваў бы персанальную выстаўку Міхаіла Канькова ў Брэсце. На ёй экспануюцца жывапіс і графіка.

/i/content/pi/cult/451/9474/8-5.jpeg

Мастак  — чалавек з багатым жыццёвым і творчым досведам. І свет ён пабачыў, і ў розных спецыяльнасцях сябе паспрабаваў. Нарадзіўся Міхаіл Канькоў у 1947 годзе ва Удмуртыі. Пачаў творчую кар’еру ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе атрымаў прафесію разьбяра па мастацкай апрацоўцы каменя. Ужо ў Беларусі працаваў як мастак-афарміцель, экспазіцыянер, інтэр’ершчык. Гэта ўсё па сённяшнім часе можна аб’яднаць ёмістым словам “дызайн”. Да выяўленчага мастацтва яго, мяркую, падштурхнула жаданне эмацыйнай самарэалізацыі. Справа ў тым, што ў пералічаных вышэй спецыяльнасцях пераважаюць функцыянальнасць, разлік, прагматызм. А вось жа даспеў чалавек да таго, каб зрабіць нешта па-за межамі логікі, без дай прычыны, не дзеля заробку, а, як кажуць, для душы.

Мастацкі крытык Барыс Крэпак, які пісаў тэкст да каталога выстаўкі, слушна заўважыў, што Міхаіл Канькоў “…менавіта ў станковай карціне імкнецца максімальна поўна выказаць сваё духоўнае і душэўнае “Я”: свае патаемныя пачуцці, думкі, эмоцыі, асабістыя ўяўленні пра складаную рэчаіснасць, у якой мы жывём…”. І далей крытык згадвае крыніцы натхнення мастака: старажытны іканапіс, творчасць Амедэа Мадзільяні, Сярэбраны век рускай літаратуры і выяўленчага мастацтва.

Для назвы сваёй выстаўкі мастак узяў паэтычны радок Іосіфа Бродскага “Праплываюць аблокі, праплываюць…”. Мабыць, не выпадкова. Творчая ментальнасць Міхаіла Канькова грунтуецца на сузіральнасці і рэфлексіўнасці — гэткі імпрэсіянізм, але з прысмакам спрадвечнай рускай тугі. Сюды ж трэба дадаць і схільнасць да спантаннага пошуку выразнасці. Інакш кажучы, у работах Канькова выразна дамінуе эмацыйны пачатак. Ад гэтых карцін можна “падзараджацца”, калі ты, зразумела, настроены на тую ж хвалю, што і аўтар…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"