"Сола" ў гонар “…Шлягера” і ноткі прапаноў

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Арыентацыя не толькі на "старое добрае" дзеля "добрага новага"
Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве” прайшоў у 13 раз. “Нешчаслівая” лічба, да якой на цяперашнім форуме былі наўмысна прымеркаваны і іншыя акалічнасці, ніяк не сапсавала свята. Гэта было бачна не толькі яго непасрэдным удзельнікам ды гасцям, але і тым, хто назіраў за падзеямі праз тэлеэкран.

Магчымасці “тэлепартацыі”

“Тэлепартрэт” фестывалю, вядома, аказаўся няпоўным, зробленым далёка не з усіх ракурсаў. Па-за межамі трансляцый апынуліся такія выбітныя падзеі, як джазавая праграма, конкурс маладых выканаўцаў, а таксама шэраг канцэртаў. Не было ў “…Шлягера” і тэледзённікаў, з-за чаго шырокія колы гледачоў не ўбачылі разнастайныя “каляканцэртныя” падзеі, пачынаючы з вельмі цікавых творчых сустрэч, якія ладзяцца на гэтым фестывалі. Тэлебачанне ахапіла толькі гала-канцэрты адкрыцця, закрыцця і “Месца сустрэчы — танцпляцоўка”. Але і па гэтым няпоўным зрэзе было відавочна, што фестываль аказаўся цікавым не толькі з-за добрай працы тых, хто вёў трансляцыі, але і паводле самога свайго ўзроўню, які простым паляпшэннем “карцінкі” не ўзнімеш. Прадоўжыліся і традыцыі шырокага геаграфічнага абшару, не абмежаванага краінамі СНД. Намецілася і такая тэндэнцыя, як “сяброўства” з іншымі фестывалямі. Увогуле, відавочна, што пасля пэўнага перыяду застою і нават заняпаду некаторых сваіх складнікаў (таго ж конкурсу, які мінулым разам не праводзіўся) фестываль пачаў развівацца наноў, не толькі працягваючы традыцыі, але і назапашваючы новыя.

А вам слабо памаладзець?

Фестываль заўважна памаладзеў — ва ўсіх сэнсах. Мінулі тыя часы, калі ён з любоўю аднаўляў у нашай памяці імёны тых, хто складаў гонар савецкай песні мінулых дзесяцігоддзяў. Сёння яго ўдзельнікамі становяцца, здавалася б, зусім маладыя артысты, прычым не толькі канкурсанты. Тыя ж “Иванушки International” літаральна некалькі гадоў таму былі “адкрыццём” аднаго са “Славянскіх базараў у Віцебску”, потым неаднаразова замацоўвалі свой поспех на гэтым “фестывалі фестываляў”. Сёння ж — яны выступалі на “Залатым шлягеры…” у негалоснай катэгорыі “нашых ветэранаў”. Ды што казаць, калі месцы бацькоў на гэтым фэсце паступова займаюць іх зорныя дзеці. Так, шмат гадоў запар у “…Шлягеры” ўдзельнічаў Алег Газманаў. Сёлета — ягоны сын Радзівон.

“Памаладзелі” і самі песні. Калі раней да шлягераў прылічвалі ўсім вядомыя песні не менш як 20-гадовай “вытрымкі”, дык цяпер на фестывалі гучаць і зусім нядаўнія кампазіцыі, якія займелі свой “арэал распаўсюджвання”, але не сталі пакуль усенародна любімымі, як ранейшыя хіты. А Лайма Вайкуле, акрамя звыклых “Лісця жоўтага” з “Вернісажам” увогуле прапанавала прэм’еру (праўда, з вядомай назвай, але іншую па мелодыі і змесце) — “Развітанне славянкі”. Спявачка папярэдзіла выкананне наступным каментарыем: маўляў, не ведаю, ці стане гэтая песня хітом, але — трэба паспрабаваць! Такі шлях — арыентацыя не толькі на “старое добрае”, але і на стварэнне “добрага новага”, здатнага надалей далучыцца да залатой шлягернай кагорты, — і павінен стаць адным са шляхоў развіцця фестывалю.

Сваю ролю тут павінен адыграць і конкурс. Калі другой абавязковай песняй на ім, следам за 20-гадовым шлягерам, становіцца прэм’ера, дык лагічным быў бы і конкурс на лепшую песню. Можа, не ў рамках фестывалю, а напярэдадні, і не міжнародны, а рэспубліканскі, каб стымуляваць развіццё нацыянальнай эстрады, але песенны конкурс патрэбен. І не адзін! Да фестывалю ў Маладзечне гэта можа быць кампазітарскі конкурс беларускамоўных песень, да “…Шлягера” — розных. Гэта стымулявала б не толькі саміх творцаў, але і ўсю эстрадную галіну нашага музычнага мастацтва. Бо Нацыянальная музычная прэмія вызначае лепшае з ужо раскручанага, а ў такіх конкурсах удзельнічалі б толькі навінкі (у тым ліку, напісаныя спецыяльна да конкурсу).

Ад “жыўца” не ўсе бягуць

Сёлетні “Залаты шлягер…” стаў не толькі “маладзейшым” па рэпертуары, выканаўцах (і, адпаведна, публіцы), але і больш “жывым”. Нават на гала-канцэртах, ва ўмовах тэлездымак, калі прасцей выкарыстаць фанаграму, большасць удзельнікаў імкнулася да “жывога” гуку. Атрымлівалася ва ўсіх па-рознаму. Быў і жудасны фальш, і “караоке” самадзейнага ўхілу, і сіпы-хрыпы разам з “качкай” голасу, і іншыя хібы. Але ж самае прыемнае — у гэтым неафішаваным спаборніцтве перамаглі беларускія артысты, даўшы фору многім знаным расійскім зоркам. Можа, так здарылася яшчэ і таму, што адкрываўся “…Шлягер” вельмі добрым пасылам — песень народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка, які спяваў пад “уласнаручны” акампанемент. Следам за маэстра і ўвогуле недасяжную планку задаў Пётр Ялфімаў — лучанкоўскай песняй “Зачарованая” ў джазавай афарбоўцы.

— Сёлетнія канкурсанты, — адзначыў Ігар Міхайлавіч ужо як член журы, — усе былі з добрымі галасамі — так званыя галасавікі. Але так і хацелася ў іх запытацца: а дзе ж ваша душа? Ухіл у бок адно голасу — яшчэ не залог добрага выканання. Мне Кабзон неяк расказваў, што пасля аднаго з выступленняў Уцёсаў спытаўся ў яго: ну і што ты, маўляў, крычыш? Кабзон тады задумаўся, і, маючы выдатны голас, надалей заўсёды імкнуўся паставіць у песні на першае месца яе змест і сваю індывідуальнасць. Так павінны рабіць і маладыя спевакі!..

Што ж, канкурсантам ёсць з каго браць прыклад: тая ж Іскуі Абалян, якая ў свой час стала ўладальніцай Гран-пры і Прыза глядацкіх сімпатый такога ж конкурсу на “Залатым шлягеры…”, сёлета ўзрасла ў зорку сусветнага маштабу, што заўсёды трымае высокі імідж, бездакорны прафесіяналізм і здзіўляе нас усё новымі творчымі знаходкамі. Яе выхады на цяперашнім фестывалі (не толькі ў якасці спявачкі, але і як вядучай) таксама былі вельмі яркімі, запамінальнымі і, галоўнае, папраўдзе стыльнымі.

Ну а па аранжыроўках было відаць, хто з удзельнікаў папраўдзе рыхтаваўся да фэсту, а хто проста ехаў “патусіць”. Бо новы час патрабуе новых аранжыровак — і выйгравалі тыя выканаўцы, якія стваралі новыя інструментальныя “адзенні” для ўсімі любімых мелодый, а таксама прывозілі і цікавыя “фантазіі” з фрагментаў розных кампазіцый.

Дуэт — справа тонкая

Адметнасцю “Залатога шлягера-2013” сталі некалькі дуэтаў, што склаліся менавіта да фестывалю ці акурат у час яго правядзення. Падобных прыкладаў “сумесных праектаў” можна згадаць шмат. Яўген Осін спяваў разам са знакамітым беларускім гуртом “Цягні-Штурхай”. Міхаіл Міхайлаў — з салісткай магілёўскай філармоніі Вольгай Гарнічар. Дуэтам спявалі нават пераможцы конкурсу — уладальнікі Першай прэміі Мікалай Манолаў з Балгарыі і Дзмітрый Мататаў з Ізраіля. (Дадамо, што Гран-пры журы вырашыла не прысуджаць, усе астатнія прэміі былі падзелены паміж некалькімі ўладальнікамі, а наш Алекша Чорны падзяліў ІІ месца.)

Цікава, але да “дуэтнасці” імкнуўся і сам фестываль як паводле сваёй арганізацыі, так і паводле складу ўдзельнікаў, “пазычаных” з іншых фестываляў. Шмат чаго было “перанята” (наўмысна і падсвядома — не мае розніцы) ад “Славянскага базару ў Віцебску”, які даўно пазіцыянуе сябе як “фестываль фестываляў”, Рэспубліканскага конкурсу “Белазаўскі акорд”, нават “Еўрабачання”. Невыпадкова гучалі і некаторыя “еўрабачанныя” песні апошніх гадоў. Усё гэта дазваляе пашыраць сваё фестывальнае кола, уключаючы ў яго лепшыя напрацоўкі іншых форумаў ды плённыя творчыя сувязі з пераможцамі разнастайных конкурсаў і фестываляў.

А што далей?

Арганізатары фестывалю ўжо сёння задумваюцца пра яго будучыню.

— На наступным фестывалі, у 2014 годзе, — распавядае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, — будзем намагацца ўзмацніць конкурс. У прыватнасці, плануем, каб канкурсанты спявалі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Таму пачынаем перамовы з кіраўніком калектыву Віктарам Бабарыкіным. Да фестывалю ў 2015 годзе павінна быць створана асобная Дырэкцыя, якая мае займацца справамі гэтага форуму. Ну а пакуль рыхтуемся завяршыць год яшчэ адным вельмі значным для Магілёўшчыны фестывалем, прысвечаным драматургіі. Нам патрэбны не толькі Цэнтр нацыянальнай драматургіі, што існуе ў Мінску, але і ўласная Лабараторыя нацыянальнай драматургіі, якая будзе садзейнічаць развіццю нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Да цяперашняга фестывалю драматургіі, што адбудзецца ў снежні, плануем прымеркаваць таксама форум маладых журналістаў. Так што фестывальны рух на Магілёўшчыне папраўдзе віруе!..

Невыпадкова тое, што, пры такой фестывальнай актыўнасці Магілёўшчыны, Ігар Лучанок зараз піша для сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі гімнічную песню. Трэба спадзявацца, ён стане музычным сімвалам не толькі горада, але і ягоных фестываляў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"