Ад Камаяў да Баха: яшчэ адзін абзац у турдаведнік

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Калі беларускія арганы загучаць на ўсе галасы?
Здавалася б, культурных брэндаў на Пастаўшчыне і так удосталь: ёсць тут і палац Тызенгаўза, і буйны фальклорны фэст, і Зюзя Паазерскі... Карацей, на любы густ. Іншыя, можа, ужо і супакоіліся б, але пастаўчанам — усё мала. Таму ў мінулыя выхадныя ў іх з’явіўся нават Фестываль арганнай музыкі. Свой, раённы — і без усякага іранічнага двукосся!

Унікальны для рэгіянальнай культуры праект — гэта яшчэ адзін абзац у турдаведнік па краі, яшчэ адзін штрых да ягонага, і без таго прывабнага, партрэта. І, урэшце, яшчэ адна магчымасць для жыхароў Пастаўшчыны спрычыніцца да тых узораў высокай культуры, якія рэдка “экспартуюцца” за межы сталіцы.

Як паўстаюць такія арыгінальныя ды змястоўныя пачыны, патрэбныя сёння не раўнуючы ў кожным раёне? Пастаўскі досвед сведчыць: усё вельмі проста... і незатратна! Галоўнае — убачыць тыя магчымасці ды рэсурсы, якія дагэтуль заставаліся па-за полем спазору. І, вядома, энтузіязм. Менавіта гэтым якасцям павінен навучыць нас Год беражлівасці — ініцыятыва, што патрабуе творчага падыходу.

/i/content/pi/cult/451/9466/4-2.jpg

Арган пачаўся з “…Гармоніка”

З энтузіязму, уласна, усё і пачалося. Аўтарам ідэі фэсту стаў выхадзец з Пастаўшчыны Тадэуш Стружэцкі — нашы чытачы памятаюць яго ў якасці намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Раённыя ўлады падтрымалі задуму, што называецца, з паўабароту. Тым больш, яна з’явілася не на пустым месцы.

— Першы арганны канцэрт прайшоў у Паставах ці не дзесяць гадоў таму, — згадвае Тадэуш Іванавіч. — Мы ўжо тады вырашылі разнастаіць праграму фэсту “Звіняць цымбалы і гармонік” класічнымі імпрэзамі. Адтуль, уласна, і карані...

Натуральна, кожная творчая задума патрабуе, так бы мовіць, “матэрыяльнай базы”. У Паставах гэтае пытанне вырашылася не зусім для нас звыклым, але, у прынцыпе, заканамерным чынам: пляцоўкай для класічных канцэртаў стаў касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Андрэя Падуанскага, у якім усталяваны невялічкі арган. Як выявілася, такі інструмент цалкам задавальняе патрэбы прафесійных музыкантаў.

/i/content/pi/cult/451/9466/4-3.jpg

— Канешне ж, на ім не кожны твор можна выканаць, — кажа вядомы арганіст Канстанцін Шараў. — Прыкладам, рамантыку — складана, а вось барочныя рэчы — калі ласка! Але майго рэпертуару больш чым дастаткова, каб утварылася канцэртная праграма…

Па сутнасці, нічога новага тут няма: класічныя імпрэзы адбываюцца ў храмах ці не ўсяго свету. У тым ліку — і беларускіх, але, на жаль, пакуль што гады ў рады. За межамі буйных гарадоў такія выпадкі ўвогуле адзінкавыя: прыгадваюцца хіба арганныя канцэрты ў знакамітым гервяцкім касцёле. Адпаведна, патэнцыял, як кажуць...

— Рыхтуючыся да фестывалю, мы правялі своеасаблівую “рэвізію” арганаў раёна, — распавядае намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў. — У нас захаваліся ў добрым стане ажно чатыры старадаўнія інструменты: у Паставах, Лучаі, Камаях ды Лынтупах…

Але самае важнае тут — стаўленне непасрэдных “гаспадароў” тых арганаў: прадстаўнікоў каталіцкага кліру. Назваць яго прыязным будзе нават замала — мяркуючы па тых сапраўды глыбокіх словах, якія мы пачулі “з амбону” цягам гэтага фэсту. Як выявілася, святары заўсёды адкрыты для любой добрай ініцыятывы — варта толькі яе прапанаваць...

Без культпаходу

Апрача ўласна аргана, любы арганны канцэрт павінен мець і яшчэ два абавязковыя складнікі: выканаўцаў ды публіку. З першымі праблем не ўзнікла. Фестываль падтрымалі сваім удзелам зоркі першай велічыні: Ігар Алоўнікаў, Канстанцін Шараў, Ксенія Негарэлая, а таксама іх маладзейшая наступніца Кацярына Нікалаева. Што ж да публікі... Прызнацца, тут узнікала пэўная перасцярога. Асабліва калі ўлічыць, што тры з чатырох фестывальных лакацый месціліся ў вёсках!

У філарманічных кулуарах ужо які год не сціхаюць млявыя дыскусіі наконт таго, ці патрэбны каму “на перыферыі” канцэрты класічнай музыкі. У сваю чаргу, “перыферыя” даўно выпрацавала кампрамісны варыянт адказу на гэтае пытанне: “недыскатэчнага” кшталту імпрэзы забяспечваюцца публікай па метадзе “культпаходу”.

Я паасцярогся б тут кпіць: можа, і праўда лепш так, чым ніяк? Зрэшты, падыскутуйма іншым разам: да нашага выпадку гэтая тэма ўсё адно не мае дачынення. Арганізатары фэсту ад тактыкі “культпаходу” адмовіліся з прынцыповых меркаванняў. І таму атрымаўся цікавы сацыяльны эксперымент з непрадказальнымі вынікамі.

Як ні дзіўна, вольных лаваў у касцёлах не было. Выключэннем сталі хіба Лынтупы, дзе вялікі храм, што стаіць у маленькім мястэчку, запоўніўся прыблізна напалову. Затое менавіта там на канцэрт прыйшло найбольш моладзі, а некаторыя — дык і цэлымі сем’ямі.

Але яшчэ мацней здзівіла іншае: пад час паўтарагадзінных канцэртаў ніхто не сыходзіў! І гэта нават прытым, што выканаўцы не сталі апускаць рэпертуарную планку ды рабіць адаптаваныя праграмы ў духу “the greatest classic hits”. У Лынтупах, Камаях, Лучаі гучала прыблізна тое ж, што звычайна гучыць на падобных імпрэзах у сталічнай філармоніі.

Цяжка знайсці большы антыпод шоу за арганны канцэрт у касцёле. Адзіны сродак утрымання ўвагі — гэта, уласна, музыка. Выканаўца знаходзіцца на хорах, за спінамі публікі, і “відовішчны складнік” зводзіцца да нуля. Можна хіба покрадкам разглядаць уніклівыя твары іншых слухачоў. Паверце, яны ўражваюць!

І духоўны хлеб, і надзённы...

Камайскі касцёл Святога Яна Прадвесніка не дарэмна намінуюць на ўключэнне ў Спіс UNESCO: гэты помнік сакральнага абарончага дойлідства нават цяжка з чымсьці параўноўваць, бо па сваёй архітэктуры ён — унікальны. Зрэшты, не толькі апошняй абмяжоўваюцца адметнасці храма. У яго інтэр’ерах можна ўбачыць карціну “Хрыстос і сірата” — адзін з двух твораў Альфрэда Ромера, якія захаваліся на Беларусі, там пачынаў сваё святарскае служэнне Казімір Сваяк... Пра гэта вам распавядзе ці не кожны камайскі парафіянін. Ды вы і самі даведаецеся дзякуючы мемарыяльным дошкам на сценах святыні.

Храм звязаны і яшчэ з адной выбітнай постаццю — вядомага арганіста і кампазітара ХХ стагоддзя Браніслава Руткоўскага, які большую частку жыцця правёў у Кракаве, а скончыў зямны шлях у Лейпцыгу, непасрэдна ў царкве Святога Тамаша, дзе пахаваны тамтэйшы кантар хору хлопчыкаў Бах... А вось нарадзіўся — у Камаях. Гэтае прозвішча я даведаўся дзякуючы Юрыю Кісялёву: сваё прывітальнае выступленне на пачатку канцэртаў намеснік старшыні пераўтвараў у невялічкі экскурс у гісторыю арганнай музыкі на Пастаўшчыне.

Больш за тое: у камайскім касцёле захаваўся арган, на якім будучы віртуоз сто гадоў таму ўзяў свае першыя ноты, і мы маглі пачуць сакавіты шляхетны голас гэтага інструмента. Ён выклікае заслужаную цікавасць даследчыкаў з розных краін: гэта адзін з нешматлікіх твораў знакамітага варшаўскага майстра Войцэха Гадкі, што дайшлі да нашага часу.

— Дзесяць гадоў таму арган быў у жудасным стане, — распавядае пробашч касцёла ксёндз Яцэк Хутман. — Мой бацька — касцельны арганіст, і таму мяне гэта не пакінула абыякавым. Ды, як аказалася, не толькі мяне...

Вялікую дапамогу ў аднаўленні аргана аказаў тагачасны кіраўнік мясцовага калгаса "Дружба" Баляслаў Шылько. Здавалася б, выпадак — проста фенаменальны: пры чым тут арган да сельгасвытворчасці? Зрэшты, на Пастаўшчыне ўжо быў прэцэдэнт: легендарны Адольф Валадзько ў свой час зрабіў немалы ўнёсак у рэстаўрацыю касцёла апостала Юды Тадэвуша ў Лучаі з яго найстарэйшым у краі арганам, якому ўжо больш за два стагоддзі.

У беларускіх мястэчках ды вёсках храмы спаконвеку былі не толькі духоўнымі, але і грамадска-культурнымі цэнтрамі — цэнтрамі жыцця ў самых розных яго праявах, уключна і з сельскай гаспадаркай. Здавалася б, савецкая эпоха ўнесла ў гэты патрыярхальны лад свае карэктывы — ды, як высветлілася, не назаўсёды. У тых рэгіёнах, дзе традыцыі не былі парушаны ўшчэнт, жыццё спакваля вяртаецца да свайго нармальнага “агрэгатнага стану”, без недарэчных дуалістычных падзелаў на сакральнае ды прафаннае. Вось і “Дажынкі” ў Паставах з нядаўняга часу ладзяцца менавіта на тэрыторыі касцёла! Як і даўней...

“Прадзьмуць” трубы

Ганаровы госць арганнага фэсту — ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк выказаў пажаданне, каб наступным разам на канцэрты былі запрошаны таксама і прадстаўнікі праваслаўнага духавенства: культурныя падзеі павінны спрыяць духоўнай еднасці паміж прадстаўнікамі розных канфесій.

У тым, што наступны раз абавязкова адбудзецца, ніхто з арганізатараў фэсту не сумняваецца. Ужо сёння вядуцца перамовы аб тым, каб раённая імпрэза набыла міжнародны складнік, — балазе за публіку не будзе сорамна і перад замежнымі мэтрамі арганнай музыкі.

— Як мы толькі што пераканаліся, высокае класічнае мастацтва сапраўды запатрабавана жыхарамі гэтага краю, — кажа Тадэуш Стружэцкі. — І паколькі навідавоку добрая воля з боку раённых улад і каталіцкага духавенства, няма вялікіх праблем зрабіць гэты фестываль традыцыйным…

У тым ліку, дадамо, і праблем фінансавых: бюджэтныя выдаткі на мінулы фэст былі настолькі мізэрнымі, што пра гэта нават смешна казаць.

Больш за тое: Тадэуш Стружэцкі спадзяецца, што лакальная падзея стане пачаткам вялікага пачыну — адраджэння беларускіх арганаў. Тут выдаткі ўжо будуць непараўнальна большыя, і менавіта механізм партнёрскай супрацы можа вырашыць агульную праблему.

— Мы ўжо мелі перамовы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, і Яго Эмінэнцыя паставіўся да гэтай ініцыятывы з вялікім энтузіязмам, — кажа аўтар задумы арганнага
фэсту.

Паводле прыблізных падлікаў навукоўцаў, у беларускіх касцёлах на сёння захавалася каля ста арганаў. Некаторыя з іх спраўна гучаць пад час кожнай імшы, але большасць патрабуе рамонту. Справа нятанная — каштарысы ў дзясяткі тысяч еўра ў дадзеным выпадку не здзіўляюць. Пацягнуць гэтыя выдаткі складана нават для вялікіх парафій (напрыклад, Будслаўскай і Нясвіжскай), не кажучы ўжо пра вясковыя.

— Уяўляеце, які плён быў бы, каб хаця б палова беларускіх арганаў загучала ва ўвесь голас, каб там пачалі ладзіцца канцэрты! — кажа Тадэуш Стружэцкі. — Многія тысячы людзей з усіх куткоў краіны змаглі б далучыцца да мастацтва самага высокага гатунку!..

Між іншым, правядзенне арганных канцэртаў — гэта ўжо сама па сабе мера па захаванні саміх інструментаў. Па словах спецыялістаў, каб арган не псаваўся ад часу, ён павінен гучаць — на ўсе свае галасы. Аднак музыканты-самавукі, якія абслугоўваюць Святую імшу, зазвычай карыстаюцца толькі невялікай часткай магчымасцей інструмента. Таму калі прафесіяналы хоць раз на год “прадзьмуць” усе яго трубы, толькі гэта ўжо пойдзе на карысць.

У вольны час паміж арганнымі канцэртамі наведалі сутарэнні палаца Тызенгаўзаў, дзе неўзабаве адкрыецца музейная экспазіцыя. У свежапабеленыя пакоі ўжо завезена пэўная частка абсталявання.

— Бачылі б вы, у якім стане некалі былі тыя лёхі! — згадвае ганаровы госць фэсту Уладзімір Шчасны, які на сваёй пасадзе старшыні Нацыянальнай камісіі на справах UNESCO моцна паспрыяў пачатку адраджэння занядбанага колісь палаца.

Гэтая справа не захраснула недзе на паўдарозе, на ўзроўні “фасаднай рэстаўрацыі”, як тое часта здараецца, — яна спакваля рушыць далей, хай і не гіганцкімі скачкамі. Музейны праект быў рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза ў рамках транспамежнага супрацоўніцтва паміж Пастаўскім раёнам і Рокішскім у Літве. Як бачым, гэта была менавіта ініцыятыва “мясцовага” ўзроўню.

— І тут мы лішні раз пераконваемся: многае залежыць менавіта ад актыўнай пазіцыі мясцовых улад, — канстатуе Уладзімір Шчасны.

Мінск — Пастаўскі раён — Мінск