Высокая мода ад французскага куцюр’е, класіка і рок

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Неспадзяванкі адкрыцця “Лістапада”
ХХ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, зрабіўшы стаўку на якаснае кіно, у свой юбілейны год не забыўся і на відовішча. Сёлетняе адкрыццё кінафоруму, якое адбудзецца ўжо ў наступную пятніцу ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі, не абыдзецца без прыгожай інтрыгі. Яскравае дэфіле гасцей і ўдзельнікаў форуму па “чырвонай дарожцы”, што распачне вечар, пройдзе не толькі пры любым надвор’і, але і… пры бляску высокай моды. Дзесяць беларускіх актрыс, якія прымуць удзел у шэсці, паўстануць перад публікай у строях “ад куцюр” французскага мадэльера Дэні Дзюрана.

/i/content/pi/cult/451/9464/3-7.jpg /i/content/pi/cult/451/9464/3-5.jpg /i/content/pi/cult/451/9464/3-6.jpg

Гэтыя шыкоўныя сукенкі з шоўку, карункаў ды іншых “высакародных” матэрыялаў, з вышыўкай бісерам, камянямі Swarovski, пер’ем на нашых прыгажунях-актрысах — не адзіная знаходка сёлетняга адкрыцця. Як зазначыў рэжысёр шоу — выкладчык кафедры рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Сергяйчук, “… сёлета галоўныя цырымоніі фестывалю мы паспрабавалі наблізіць да еўрапейскага фармату. І значыць — зрабіць іх у чымсьці наватарскімі, а разам з тым, змястоўнымі, што вытрымліваюць пэўны рэгламент”.

Першая змена, якую можна заўважыць, гэта адносна цэласная канцэпцыя цырымоніі адкрыцця. Рэжысёр абраў у якасці галоўнай, натуральна, тэму кіно, але вырашыў раскрыць яе праз розныя сродкі.

— Усё будзе пачынацца ў фае Палаца Рэспублікі, дзе гасцей сустрэнуць персанажы кінематографа 20-х — 40-х гадоў ХХ стагоддзя, — распавёў ён. — Дзяўчаты, апранутыя ў стылізаваныя сукенкі тых часоў, у вэлюмах, з мушкамі, музычнае суправаджэнне ансамбля акардэаністак, што грае “хіты” тых гадоў, — усё разам мусіць стварыць атмасферу нараджэння і апантанасці кіно таго перыяду, калі яно знаходзілася на пачатку свайго шляху…

Далей тэму своеасаблівым чынам развіваюць выстаўкі Музея гісторыі беларускага кіно, прымеркаваныя да юбілею “Лістапада”: “40 год. Гісторыя беларускіх анімацыйных фільмаў”, “Гісторыя ў кадрах”, прысвечаная 85-годдзю з дня заснавання кінастудыі “Беларусьфільм”, выстаўка “70 год з дня нараджэння беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука”. На гэтых прыкладах, адзначае Дзмітрый, ужо дэманструецца станаўленне і дасягненні менавіта беларускага кіно да 90-х гадоў.

А стан айчыннай кінематаграфіі апошніх дзесяцігоддзяў будзе адлюстраваны ўжо непасрэдна пад час цырымоніі адкрыцця “Лістапада-2013”.

— Тут мы звернемся да гісторыі Мінскага міжнароднага фестывалю, — удакладняе Дзмітрый. —- На сцэну Палаца Рэспублікі будуць запрошаны дырэктары кінафоруму Сяргей Арцімовіч, Валянціна Сцяпанава, Анжаліка Крашэўская, яго старшыня Генадзь Давыдзька, ды, вядома, артыст і дзеяч, без якога фестываль не здзейсніўся б, — Расціслаў Іванавіч Янкоўскі. Віншаваць форум з дваццацігоддзем прыедуць кінематаграфісты розных краін…

За музычны бок урачыстасцей будзе адказваць Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. “У сёлетнім шоу змяшаюцца класіка і рок”, — паведаміў пра яшчэ адну неспадзяванку імпрэзы рэжысёр.

— Аркестр Віктара Бабарыкіна будзе акампанаваць нашым маладым салістам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, якія выканаюць сусветна вядомыя оперныя хіты,  — зазначае Дзмітрый Сергяйчук.  — Таксама мы паспрабавалі зрабіць сінтэз розных відаў мастацтваў у нумарах: напрыклад, класічнай музыкі, сучаснай харэаграфіі і відэаарту. Спадзяёмся, што нашы эксперыменты будуць мець поспех…

Кульмінацыяй жа вечара стане балетная імправізацыя пад музыку вядомага нямецкага гурта “Scorpions”. Іх славуты хіт “Ураган” (“Hurricane”) прагучыць у “сімфанічнай” версіі, якую забяспечыць Віктар Бабарыкін і яго аркестр. А тое, што будзе адбывацца на сцэне, спецыяліст апісвае як незабыўнае відовішча.

— Гэта мае быць сапраўдная рокавая феерыя! — удакладняе Дзмітрый.

Разам з тым, нягледзячы на навацыі ды рэжысёрскія знаходкі, цырымонія адкрыцця фестывалю будзе прытрымлівацца пратакола Міжнароднай асацыяцыі кінапрадзюсараў (FIAPF), членам якой, нагадаем, з’яўляецца “Лістапад”.

— А гэта значыць, што ўсё будзе досыць дынамічна, — падсумоўвае рэжысёр, — і шоу не ператворыцца ў вялікі святочны канцэрт.

Адным жа з вядучых вечара стане беларускі тэлерэжысёр, сцэнарыст Сяргей Кацьер.

Фота прадастаўлены дырэкцыяй кінафестывалю.

 

Падрабязнасці

Сёлета дэфіле гасцей і ўдзельнікаў форуму па “чырвонай дарожцы” адбудзецца ў холе Палаца Рэспублікі, і тое сведчыць пра незалежнасць шоу ад капрызаў надвор’я.

Упершыню, разам з вядомымі беларускімі акцёрамі, рэжысёрамі, тэлевядучымі, у шэсці прымуць удзел і маладыя кінематаграфісты — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёры “Беларусьфільма” ды іншых кінакампаній, работы якіх будуць паказаны ў рамках Мінскага кінафестывалю.

Распачне дэфіле акцёрскі і рэжысёрскі свет Беларусі. Своеасаблівай кульмінацыяй гэтага блока стане выхад дзесяці беларускіх актрыс у строях ад французскага куцюр’е Дэні Дзюрана, адмыслова падабраных дызайнерам для кожнай мадэлі. Далей прайсціся па “чырвонай дарожцы” будуць запрошаны замежныя госці фестывалю, ды вядома, усе шэсць каманд журы. Вянчаць прыгожую цырымонію будзе выхад самога Дэні Дзюрана, які асабіста прыязджае ў Мінск, каб прадставіць сваю новую калекцыю ў рамках “Лістапада-2013”.

 

Дарэчы

Знаёмства французскага мадэльера і каманды “Лістапада” адбылося пад час аднаго з Канскіх фестываляў. Дэні Дзюран працуе ў Канах ужо на працягу дзесяцігоддзяў, і ягоныя работы — гэта сапраўдныя творы “ад куцюр”, створаныя адмыслова для выхаду ў свет. Матэрыялы высокага класа, ручная праца — вось пэўныя штрыхі почырку мадэльера. І варта адзначыць, што ў сваіх работах маэстра імкнецца стварыць аблічча жанчыны-дзівы — загадкавай, жаноцкай і недасяжнай.

Сёлета Дэні Дзюран вырашыў прыехаць у Мінск з мэтай прасоўвання сваіх твораў, ды, вядома, і як госць “Лістапада”.

Цікаўная дэталь: месье Дзюран выбіраў сукенкі, у якіх беларускія актрысы прадэфіліруюць па “чырвонай дарожцы”, амаль у “эклюзіўным” парадку. За пэўны тэрмін да фестывалю дызайнеру былі адасланы параметры артыстак, і куцюр’е падбіраў строі менавіта “па фігуры” актрыс.

— Вядома, усе кропкі над “і” расставіць канчатковая прымерка, — каментуе дэталі кіраўнік прэс-цэнтра фестывалю Марыя Бунас, якая вяла перамовы з прадстаўнікамі куцюр’е,  — але, мяркую, што гэты досвед нашым актрысам запомніцца…

Вельмі радуе тое, падкрэсліла Марыя, што гэтая атмасфера вясны, красавання і гламуру, уласцівая Канам, пераносіцца ў наш лістападаўскі Мінск…

Словам, In kino veritas!..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"