Культурны твітар: мы ў свеце

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Венгрыя

Іконы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 2014-м будуць прадстаўлены ў трох венгерскіх гарадах: Будапешце, Сольнаку і Кечкемеце. Экспазіцыя стане своеасаблівым адказам на арганізаваную ў нашай краіне выстаўку твораў венгерскіх мастакоў “Венгерская рапсодыя. Мастакі Сольнака” з калекцыі Дзяржаўнага музея імя Янаша Дам’яніча ў Сольнаку. Акрамя таго, у галіне супрацоўніцтва беларускіх і венгерскіх музеяў запланавана праводзіць абмен навуковымі выданнямі, мастацкія пленэры, а ў далешым абмяркоўваецца арганізацыя міжнароднага праекта “Пэн і Шагал: настаўнік і вучань”.

Літва

Карціны Юрыя Пэна будуць прадстаўлены на радзіме творцы ў Зарасаі. Экспазіцыя работ са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прысвечаная 160-годдзю мастака, стане першым крокам на шляху ўмацавання культурных ды турыстычных сувязей паміж гарадамі, цесна звязанымі з жыццём і дзейнасцю майстра.

Польшча

Міжнародны фестываль “Збліжэнне культур”, які прэзентаваў беларускую, рускую, польскую і ўкраінскую культуры, прайшоў у Варшаве. Наша краіна была прадстаўлена двумя выстаўкамі: мастацкага тэкстылю па матывах знакамітых беларускіх ручнікоў “Узорны спеў” мастакоў Алы Непачаловіч і Наталлі Сухаверхавай ды фотаэкспазіцыяй “Аб’ядноўвае нас Буг” брэсцкага фатографа з Брэста Ірыны Шэпялевіч. Цягам трох дзён у кінатэатры “Antropos” Этнаграфічнага музея ў Варшаве быў арганізаваны паказ беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх мастацкіх кінастужак.

Падрыхтавала Вольга НАВІЦКАЯ