Забаўлянкі не толькі для Янкі

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Этнадосвед
“Забаўлянкі для Янкі” — так называецца новы этнаграфічна-выхаваўчы праект для бацькоў ды іх дзяцей, што стартуе заўтра ў Віцебску ў выставачнай зале “Задзвінне”.

Тыя, хто будзе раз на месяц прыходзіць на семінары, навучацца рабіць лялькі, ладзіць з дзецьмі гульні, спяваць беларускія калыханкі — усё ў нацыянальных традыцыях. А першыя заняткі будуць прысвечаны… слінгу. Так-так, навамоднае прыстасаванне для нашэння на грудзі немаўлят было добра вядома нашым прабабулям. Яны не куплялі яго ў еўрапейскіх буціках, а рабілі самі — з кавалка льняной тканіны. Цяперашнія слінгі — гэта тыя ж старадаўнія “ноу-хау”, толькі тэхналагічна ўдасканаленыя і даведзеныя да фабрычнага вырабу. Дык чаму б не аднавіць і арыгінал?

— “Забаўлянкі для Янкі”, — распавядае адна з арганізатараў праекта, удзельніца студэнцкага этнаграфічнага таварыства “Поўнач” Ганна Архіпенка, — скіраваны на выхаванне дзяцей у нацыянальных традыцыях. Праект разлічаны на паўгода: будзем збірацца штомесяц да мая ўключна. Гэта, дарэчы, ужо не першы прыклад нашага супрацоўніцтва з “Задзвіннем”: разам мы рыхтуемся да “Славянскага базару ў Віцебску”, працуем з турыстамі, дэманструючы ім нацыянальныя абрады, ладзім “танцы з дудой” — штосьці накшталт этнадыскатэкі. Што ж да “Забаўлянак…”, дык на заканчэнне праекта плануецца таксама выпуск кніжачкі са зместам семінараў і аўдыяальбом беларускіх народных калыханак у набліжаным да аўтэнтычнага выкананні нашага гурта “Паўночная Сухадроўка”. Мы адкрыты для супрацоўніцтва і запрашаем усіх, хто ведае бабуліны песні, гульні, танцы, забаўлянкі, — звяртайцеся да нас! Мы будзем рады ўключыць у нашы зборнікі і ваш сямейны досвед!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"