Чатыры слугі двух гаспадароў

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Часам думаецца, што і сапраўды стылістыка камедыі дэль артэ надзвычай блізкая беларускім народным традыцыям. У прыватнасці, адным з доказаў гэтаму можа служыць папулярнасць на нашай нацыянальнай Купалаўскай сцэне твораў італьянскага драматурга Карла Гальдоні — літаратурнага “правазвесніка” гэтага жанру. Яшчэ не забыўся паводле яго п’есы спектакль Купалаўскага тэатра “К’ёджаўскія перабрэхі”.

 /i/content/pi/cult/144/945/4-slugi.jpg
Тэатр вырашыў не разлучацца з драматургам надоўга і прапанаваў пастаноўку, бадай, самай вядомай яго п’есы — “Слуга двух гаспадароў”. Але і тут тэатралаў чакаў сюрпрыз: не “даверыўшы” гэтую драматургію нікому з айчынных рэжысёраў, у якасці пастаноўшчыка спектакля Купалаўскі тэатр запрасіў шведскага рэжысёра Аляксандра Нардштрэма. Зрэшты, імя Нардштрэма для сталічных тэатралаў не сталася навіной: гэта ўжо другая пастаноўка рэжысёра на Купалаўскай сцэне. На жаль, першая — монаспектакль на Малой сцэне “Востраў Сахалін. Частка першая” паводле А.Чэхава з Раманам Падалякам у галоўнай ролі — прайшла, так бы мовіць, амаль незаўважанай тэатральнай грамадскасцю. Хаця бліскучая, удумлівая, тонкая работа акцёра ў гэтай пастаноўцы вартая сур’ёзнай увагі: не так часта на нашай сучаснай сцэне з’яўляюцца маладыя акцёры не “прэзентатыўнага” кшталту, а — са схільнасцю да глыбокай псіхалагічнай прапрацоўкі ролі.
… Напярэдадні прэм’еры выпадкова натрапіла на радыёперадачу канала “Культура”, прысвечаную знаёмству са Швецыяй. Слухачы, якім было прапанавана падзяліцца асацыяцыямі, што ўзнікаюць у іх са словам “шведскі”, называлі шведскую сям’ю, шведскі стол, шведскую сценку… Вядучая эфіру прапанавала ўсім ахвотным пазнаёміцца дзякуючы Купалаўскаму спектаклю і са шведскай рэжысурай, аднак, шчыра кажучы, паглядзеўшы “Слугу двух гаспадароў”, я асабіста не заўважыла ў спектаклі аніякіх адмысловых шведскіх “прыкмет” (хоць, шчыра кажучы, і не з’яўляюся спецыялістам па сучасным шведскім тэатры). Хутчэй, пастаноўка гэтая ўвабрала ў сябе традыцыі савецкага тэатра, дакладней, тое, як падобныя спектаклі вырашаліся ў 70 — 80-ыя гады мінулага стагоддзя.
Купалаўскія акцёры ў большасці сваёй надзвычай арганічна і лёгка адчувалі сябе ў зададзенай стылістыцы: з упэўненай і спакойнай паважнасцю — прадстаўнікі старэйшага пакалення Уладзімір Рагаўцоў (Брыгела), Мікалай Кірычэнка (Панталонэ), Віктар Манаеў (Ламбардзi), падкрэслена рамантызавана — пара маладых закаханых у выкананні Кацярыны Яворскай (Кларычэ) ды Аляксандра Паўлава (Сiльвiо), з доляй здаровага, “легалізаванага” сцэнічнага хуліганства — Юлія Шпілеўская(Беатрычэ) ды Павел Яскевіч (Фларында). Апошні, дарэчы, прадэманстраваў у сваёй ролі бездань сцэнічнага абаяння, моцную, “запальную” акцёрскую энергетыку і, бадай, бліжэй за іншых падышоў да адчування “класічнай” камедыі дэль артэ з акцёрска-хуліганістай прыродай яе масак. Чаму ж, думалася падчас спектакля, не ён іграе Труфальдзіна?
Пры ўсёй выбудаванасці спектакля, яго “слабым звяном” стаўся менавіта галоўны герой. У якасці своеасаблівага тэатральнага ходу рэжысёр прапанаваў нам… “размножанага” Труфальдзіна: гэтую ролю выконваюць чатыры акцёры тэатра — Дзмітрый Есяневіч, Раман Падаляка, Сяргей Чуб і Ігар Пятроў.
Аднак думаецца, што менавіта гэтае “драбленне” персанажа і сыграла з ім злы жарт, бо прыцягальнасць, абаяльнасць гальдоніеўскага Труфальдзіна якраз і заключалася ў тым, што ў адным персанажы змагло сумясціцца столькі самых розных, часам “несумяшчальных”, рэчаў і якасцей. “Чвартаваўшы” ж героя, рэжысёр прапануе нам увесь час “аднабокія” праявы Труфальдзіна: ці то прастакаватага хлопца, ці лайдака, выхваляку або эстэтствуючага пазёра. І здаецца, што ўсё дзеянне спектакля закручваецца не дзякуючы трукацтву гэтага хлопца, яго наўмысным ці несвядомым інтрыгам, а — насуперак ім, так што часам нават, асабліва ў другой дзеі, хочацца, каб персанаж гэты хутчэй сыйшоў са сцэны і не “замінаў” сачыць за сюжэтнай лініяй. Тым больш, што ўслед за ім “размножыліся” і Смеральдзіна (Вольга Няфёдава, Святлана Анікей, Вікторыя Чаўлытка і Валянціна Гарцуева).
Асобна хацелася б адзначыць сцэнаграфічнае рашэнне спектакля Валянцінай Праўдзінай — вытанчаныя “венецыянскія” масткі надзвычай удала стваралі атмасферу лёгкасці і нязмушанасці самога дзеяння.
Праўда, бліжэй да фіналу і яны аказалі спектаклю не вельмі добрую паслугу: у час, калі тэмпарытм сцэнічнага дзеяння мусіў з шалёнай хуткасцю набіраць абароты, акцёры ўсё больш увагі аддавалі перасоўванню гэтых масткоў, падмяняючы дынамічную змену сцэн перакамбінаваннем сцэнічных дэкарацый.
У цэлым жа, пры ўсіх адзначаных акалічнасцях, спектакль такі склаўся ў вясёлую нязмушаную “гульню ў тэатр”. І, здавалася, асалоду ад гэтага атрымалі не толькі гледачы, але і самі акцёры, якім надарыўся шанц сыграць не камедыйных “дурняў” ці, наадварот, глыбокадумных “сур’ёзных” персанажаў, а — проста вясёлых герояў, крыху “несапраўдных”, хоць шмат у чым і пазнавальных, смешных, але, разам з тым, — мілых і незласлівых па сваёй прыродзе.

Таццяна КОМАНАВА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА