Экзатычная даўніна, альбо Калі ў вёсках загучаць гуслі і варган?

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Музычную фальклорную спадчыну трэба пачынаць вяртаць праз дзіцячыя калектывы. Менавіта так лічыць дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, калі ў нас зайшла гутарка пра старадаўнія музычныя інструменты. Пра тыя, якія раней былі ў побыце нашых продкаў, а сёння не толькі не лічацца ў поўным “арсенале” інструментаў фальклорных калектываў, а і ўвогуле гатовы ўвайсці ў Чырвоную кнігу, калі б такая вялася.

 /i/content/pi/cult/144/944/Muz-instrumenty4.jpg
— На нашу думку — маю ўласную, — кажа Вячаслаў Віктаравіч, — і часовага навуковага калектыву, які працуе над заданнем па этнафоніі галіновай праграмы “Культура”, адраджэнне старадаўніх беларускіх інструментаў павінна пачынацца менавіта праз дзіцячыя калектывы. Я мяркую, што толькі ў гэтым выпадку мы можам спадзявацца на тое, што праз дзесяцігоддзе парныя дудкі, бубен з калатушкай, альбо колавая ліра ці дыятанічныя цымбалы загучаць не толькі ў лабараторных умовах, а і ўжывую ў рэпертуары нашых фальклорных гуртоў.
Яшчэ ў 1990-ыя гады хваля фальклорнага руху, які, як вядома, узнік на тэрыторыі былога СССР у 1960-я, дайшла да беларускіх дзіцячых калектываў. Дзякуючы намаганням шэрагу энтузіястаў — навукоўцаў і практыкаў, на Беларусі з’явілася некалькі цікавых фальклорна-этнаграфічных гуртоў — у асноўным у межах рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Танцавальны фальклор і дзеці”, які курыруе Белдзяржінстытут праблем культуры (М.Козенка, Т.Варфаламеева, А.Боганева, В.Лабачэўская). У выніку працы, якая не абмяжоўвалася толькі гэтым праектам, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з’явіліся дзіцячыя фальклорныя гурты, што трымаліся менавіта на спадчыне сваёй малой радзімы. Яны пачыналі з рэгіянальнага побытавага танца, потым далучалі спевы, музыку, касцюм, размоўныя жанры фальклору. Такімі гуртамі сталіся “Берагіня” з Мётчы Барысаўскага раёна, “Рудабельскія зорачкі” з г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці, “Нежачкі” з Расонаў Віцебскай вобласці, “Верабейкі” з Любані Мінскай вобласці і іншыя калектывы, якія існуюць амаль у кожным рэгіёне.
Праграма ўсіх гэтых калектываў закручана вакол побытавага старажытнага танца, аднак выконваецца ён сёння ў асноўным… пад баян ці гармонік. А ўсё з-за таго, што амаль не знайсці тых людзей, якія валодаюць інструментамі, на якіх акампанавалі для гэтых танцаў у даўніну. Такімі інструментамі, як дуда, колавая ліра, гудок, басэтля, альтэрня, варган, гуслі, бубен з калатушкай, вясельны барабан, і іншымі інструментамі, якія сённы выйшлі з побыту. Укараненне гэтых інструментаў, як лічыць В.Калацэй, мэтазгодна пачынаць не са сталых калектываў, а менавіта з дзіцячых. У той перыяд,калі яны пераймаюць ад дарослых, бацькоў — носьбітаў сваёй рэгіянальнай культуры — мясцовыя танцы, спевы, музыку, павінна ісці і абучэнне ігры на гэтых старажытных беларускіх інструментах.
— Для гэтага, — расказвае В.Калацэй, — мы арганізуем практыкум у нашым універсітэце, майстар-класы. Два гады таму быў падрыхтаваны праект “Укараненне інструментальнай каранёвай этнафоніі беларусаў у асяродку дзіцячых фальклорных калектываў”. Была пастаўлена задача вызначыць набор старадаўніх інструментаў, кожны з якіх можна выкарыстоўваць як асобна, так і разам — для акампанемента мясцовым танцам, спевам, гульням.
Але мала проста навучыць іграць на тым ці іншым інструменце. Мы заняліся яшчэ і перакладаннем іх танцавальнай музыкі на прапанаваныя інструменты, рэстаўрацыяй гэтай старажытнай “музычнай тканіны”.
 /i/content/pi/cult/144/944/Muz-instrumenty1.jpg

Навучыцца “кіраваць старадаўнім меласам” — іграць на гуслях ці бубне, — як кажуць, палова бяды. Другая праблема — набыць гэтыя інструменты, бо майстроў, якія займаюцца іх вырабам, можна пералічыць на пальцах. З найбольш вядомых гэта Уладзімір Пузыня, Віктар Кульпін, Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жукоўскі, Вадзім Пархімовіч, Валерый Зінкевіч.
— У рэгіёнах майстроў падобнага профілю амаль няма, а дзейнасць вышэйназваных, — тлумачыць В.Калацэй, — у асноўным зарыентавана на Мінск. Аднак у сталіцы гэтыя інструменты, вырваныя з натуральнага асяроддзя, з вясковага ландшафту, маюць, так бы мовіць, штучны, экзатычны характар. Я не хачу сказаць, што ў Мінску не можа быць фальклору і што гарадской моладзі ён не цікавы, але я назваў бы сталічны варыянт пост-фальклорам. Патрэба часу — азнаёміць менавіта рэгіёны са старадаўнімі, каранёвымі інструментамі.
— Якім чынам гэта рэальна рабіць?
— Раз на месяц дзеці — удзельнікі фальклорных гуртоў — прыязджаюць да нас у Мінск, ва універсітэт культуры. Мы з імі займаемся, асвойваем інструменты, развучваем музыку. Апроч гэтага, двойчы на год з 2002-га года ладзіцца “паказальная” фальклорная школа з канцэртамі, абрадамі, дыскатэкай пад дударскую музыку. Калектываў-удзельнікаў у нас не шмат, і гэта нармальна, бо да разумення і жадання займацца традыцыйнай культурай трэба яшчэ духоўна дарасці. У любым выпадку, мы не адчуваем незапатрабаванасці, бо матывацыя фальклору ў асяродку дзіцячых этнаграфічных гуртоў сфарміравана — дзякуючы іх выдатным кіраўнікам Антаніне Абрамовіч, Вольге Дульскай, Сержуку Выскварцы, Валянціне Ліцвінавай, Ларысе Рыжковай, Таццяне Пладуновай. Дзеці ідуць за імі, як за лідэрамі, і мы спадзяёмся, што да канца 2009 года яны цалкам асвояць старажытныя інструменты. Мы развучваем з імі тое, што бытуе менавіта ў іх, іхні мясцовы фальклор. Кожны з гуртоў прывозіць да нас касету з творам, які трэба развучыць, і мы робім рэканструкцыю дакладна для старажытнага інструмента, які дзіця абрала.
 /i/content/pi/cult/144/944/Muz-instrumenty2.jpg
— Аднак калі інструментаў у рэгіёнах няма, гурты вяртаюцца і працягваюць іграць на звычайных, сучасных інструментах…
— Так, практыкавацца, на жаль, яны могуць толькі тут, таму што пакуль колькасць інструментаў недастатковая. Вось з 2008-га года, калі іх лічба ў нас павялічыцца, мы будзем дарыць інструменты ўдзельнікам. У межах праекта на гэта выдаткаваны дзяржаўныя грошы.
— Якія інструменты найбольш запатрабаваныя?
— У асноўным гуслі, дуда і дудкі. Напэўна, таму, што па асаблівасцях гуку яны вельмі цікава гучаць і падаюцца ў пэўнай ступені экзатычнымі нашай моладзі. Магчыма, моду задае і Прыбалтыка, дзе калектывы выступаюць і дзе бачаць гэтыя інструменты ў тамтэйшых выканаўцаў. У Прыбалтыцы каранёвыя музычныя інструменты збольшага ўжо вернуты ў побыт.
— А іншыя фальклорныя калектывы цікавяцца гэтымі інструментамі?
— Канешне. Гэта гурты, якія граюць рэканструкцыі старажытнай музыкі. Іх цікавяць дуда, гуслі, у меншай ступені — гудок, розныя віды ўдарных. Дарэчы, пра іх дзейнасць зняты фільм “Старыя інструменты Беларусі” па сцэнарыі З.Саноўскага… А чаму мы адраджаем менавіта праз дзіцячыя калектывы? Па-першае, таму, што калі даросламу цікава, ён сам знойдзе інфармацыю пра гэтыя інструменты, замовіць іх, навучыцца іграць. Але наш праект распачаты з той прычыны, што на пачатку ХХІ стагоддзя востра адчуваецца: мы губляем сувязь са сваёй беларускай каранёвай культурай. Сёння культурная інфармацыя ідзе неабмежаваным патокам з усіх крыніц, гэта стварае аб’ектыўную карціну свету, але з яе асабліва відочна, што губляецца шчыльны кантакт з уласнымі каранямі. Таму мы ў праекце звярнуліся да дзяцей, бо менавіта ў іх узросце ідзе першае і самае моцнае знаёмства з культурай.
Дарослы, які не ўключаны ў яе ў маленстве, таксама можа далучыцца да сваіх традыцый, але ён усё ж становіцца на сумежную пазіцыю носьбіта некалькіх культур і найчасцей ніякай канкрэтна. Калі ж знаёмства з фальклорам адбываецца ў дзяцінстве, дык закладваецца ўстойлівая этнічная аснова, няхай нават потым чалавек і не будзе займацца мастацтвам, творчасцю.
— Аднак чаму старадаўнія інструменты ўзяўся адраджаць “постфальклорны” Мінск, а не рэгіёны?
— Пакуль гэта складаная праблема, якую на рэгіянальным узроўні складана вырашыць. Прыкладам, возьмем такі бок пытання: для таго, каб паўнавартасна займацца вырабам і распаўсюджваннем старадаўніх інструментаў, майстры-вытворцы едуць у мегаполіс, які мае вялікі “рынак спажыўцоў мастацтва” і дазваляе займацца гэтай справай на высокім фінансава-тэхнічным узроўні. Рэгіёны такі ўзровень прапанаваць пакуль не могуць. Ды і кошты інструментаў пакуль “зашкальваюць”.
 /i/content/pi/cult/144/944/Muz-instrumenty3.jpg

— Але калектывы з глыбінкі, дзеля якіх і задуманы гэты праект, не могуць замовіць з Мінска дарагі інструмент…
— Аднак можна навучыцца вырабляць іх самастойна. Наша задача — распрацаваць метадычны дапаможнік, па якім прафесійны разьбяр без асаблівай складанасці можа вырабіць інструмент сам. Больш за тое, калі тэхналогія вырабу ўжо распрацавана, і калі знойдзецца чалавек, які паставіць гэта на вытворчыя рэйкі, гэтым можна будзе займацца нават у заводскіх, прамысловых умовах. Гэта не складаней, чым вырабляць гітары.
— Але ж попыт на іх зусім не такі, як на гітары?
— Так, на архаічныя інструменты, на жаль, ні ва ўстановах адукацыі, ні на прадпрыемствах вялікага попыту і прапановы няма. Але не выключана, што калі-небудзь яны стануць папулярныя. Паглядзіце, у Ірландыі выкладаецца старажытная валынка (ірландская дуда) у музычных школах. Апошнім часам дуда выкладаецца ўжо і ў нашым універсітэце культуры і мастацтваў. І сённяшнія студэнты праз нейкі час маладымі спецыялістамі паедуць у райцэнтры — на свае малыя радзімы — выкладаць гэтыя інструменты ў дзіцячых школах і іншых установах культуры і адукацыі. Таму мы не губляем надзеі, што праз колькі гадоў мы пачуем сёння “экзатычныя” старадаўнія інструменты ў побытавых танцах і песнях рэгіёнаў Беларусі.

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ