Архітэктура? Гэта архіважна !

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Мінск апошнім часам стаў падобны да модніцы, якая, збіраючыся на баль ва ўмовах напружанага сучаснага рытму жыцця, паспявае пасядзець і перад люстэркам: то адну дэталь дабавіць, то другую, а то і ўвогуле літаральна адным смелым рухам кардынальна зменіць працоўны стыль на вячэрні. Актыўнае развіццё гарадской прасторы заўважаюць не толькі жыхары сталіцы, але і шматлікія госці. І калі мінчукі ўжо ўспрымаюць новабудоўлі ў гістарычным цэнтры за звыклую дадзенасць (да добрага прызвычайваешся хутка), дык госці, асабліва замежныя, не стамляюцца здзіўляцца, як хутка змяняецца гарадское аблічча. Але ж ці любая новабудоўля ў радасць? Ці магчыма далікатна, без “віхуры і ўціску”, наладзіць добрасуседства паміж найновымі выяўленнямі архітэктурнай думкі, сучасным дызайнам гарадскога ландшафту і гістарычнымі помнікамі, прычым як далёкай даўніны, так і нядаўняга мінулага?

 /i/content/pi/cult/144/943/Arhitektura1.jpg
У гэтай справе, як ні ў якай іншай, набывае вагу не толькі свой досвед, але і чужы: што ні кажыце, а ва ўмовах “будаўніцтва на стагоддзі”, якое, да таго ж, вымагае значных капіталаўкладанняў, лепей вучыцца на чужых памылках, чым з прыкрасцю канстатаваць свае. Таму нядзіўна, што такую зацікаўленасць выклікала нядаўняя Міжнародная канферэнцыя “Мастацтва і прастора: Мінск — Берлін”. Абранне нямецкіх спецыялістаў у якасці “партнёраў па абмеркаванні” было зусім невыпадковым. І далёка не першым. Беларускі дзяржаўны універсітэт, у прыватнасці — кафедра мастацтваў і Цэнтр візуальных мастацтваў і медыя Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, нашы творчыя саюзы архітэктараў і дызайнераў даўно і плённа супрацоўнічаюць з нямецкімі навукоўцамі і практыкамі, чаму ў немалой ступені садзейнічае падтрымка Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. Падобныя канферэнцыі, у тым ліку з удзелам спецыялістаў іншых краін, ладзіліся і раней.
І кожная наступная стварае ўсё большую прастору не толькі для навуковых паралелей, але і для палёту творчых думак.
Ва ўсёй Еўропе, да прыкладу, назіраецца трывожная і даволі небяспечная тэндэнцыя да прыніжэння ролі прафесійных архітэктараў. У тым жа Берліне ўсё больш адчувальнымі становяцца гэткія “спробы дэмакратыі”, калі канчатковае рашэнне на карысць таго ці іншага праекта прымаецца ў выніку шырокага грамадскага абмеркавання. Здавалася б, выдатна! Ёсць магчымасць не толькі прагназаваць, але і рэальна ўлічваць стаўленне гараджан да будучага будаўнічага аб’екта. Вывучаць такім чынам далейшы попыт і запатрабаванні карыстальнікаў. А пры нечаканым промаху — пазбаўляць нашчадкаў ад пошуку “крайняга левага”, бо адказнымі становяцца ўсе і ніхто. Але дзе гарантыя, што праўда заўсёды на баку большасці, што грамадская думка не памыляецца?
Падчас аднаго з такіх “абмеркаванняў” перамог далёка не самы цікавы і перспектыўны, затое адзін з самых, бадай, традыцыйна-ніякаватых праектаў.
Не менш сімптаматычнай з’яўляецца яшчэ адна тэндэнцыя, якую перажывала Еўропа. Яна тычыцца, здавалася б, цалкам супрацьлеглай з’явы, наступствы якой, тым не менш, носяць ідэнтычны характар. Размова ідзе пра плюсы і мінусы прыватных інвестыцый, калі пачынае спрацоўваць вядомая формула: хто плаціць грошы, той замаўляе і музыку. Але ж ці заўсёды такія прыватныя густы на карысць?
 /i/content/pi/cult/144/943/Arhitektura2.jpg

Абодва гэтыя падыходы (і празмерна дэмакратычны, і, наадварот, “прыватнаўласніцкі”) аднолькава неразумныя, бо азначаюць непрыманне іншых пунктаў гледжання, нежаданне зразумець чыюсьці іншую пазіцыю. Натуральнае наступства гэтага ў мастацтве — адсутнасць разнастайнасці, а значыць — і магчымасці выбару.
Апошняе набывае ў архітэктуры папраўдзе архіважную значнасць, вылучаючы гэты від мастацтва з усіх іншых. Бо калі табе не падабаецца музыка, ты можаш яе не слухаць: не пайсці на канцэрт (ці сыйсці з яго), выключыць магнітафон, нарэшце, проста заткнуць вушы. Тое ж самае — з жывапісам: кожны выбірае, ісці альбо не ісці на выстаўку, глядзець ці не глядзець. Нават праславутае “засілле рэкламы” не здаецца такім ужо магутным: бо тэлевізар можна выключыць, падчас “рэкламнай паўзы” зрабіць сабе “кава-паўзу” і г. д. Дый стракатыя плакаты, што акружаюць цябе на вуліцах і ў транспартных сродках, час ад часу змяняюцца. А вось архітэктурныя відарысы, у асяроддзі якіх мы праводзім усё сваё жыццё, змяняюцца значна радзей. Іх немагчыма “выключыць” адным націсканнем кнопкі ці заплюшчваннем вачэй. Нават калі не звяртаць ніякай, здавалася б, увагі на будзённае мільганне звыклых абрысаў у вокнах дома ці аўто, гэтае планамернае, нязменнае, пастаяннае ўздзеянне прасторы абавязкова адаб’ецца на кожным чалавеку.
Даўно ўжо даказана, што архітэктура надзвычай моцна ўплывае на фарміраванне псіхікі чалавека, яго мастацкіх і духоўных прыярытэтаў, адпаведных мастацкіх густаў. Падчас згаданай канферэнцыі, да прыкладу, гучалі слушныя думкі пра адпаведнасць заканамернасцей і канонаў храмавай архітэктуры і музыкі (прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Рэнанскі), пра глыбінна філасофскія, вельмі сімвалічныя, часта сакральныя, рысы такога звыклага элемента, як арка (выкладчыца і магістрантка ДІКСТ БДУ Вікторыя Рэтунская).
Менавіта навакольная прастора — у тым ліку прырода як сімвал “вечна зменлівай нязменнасці”, як найгалоўны “прататып” архітэктуры — найбольш значна ўздзейнічае на трываласць ментальных рыс кожнай нацыі.
У гэтым сэнсе беражлівае стаўленне да архітэктурных помнікаў, іх захаванне і аднаўленне — гэта не толькі “даніна памяці” ці клопат пра мастацкія каштоўнасці, але і стопрацэнтна бяспройгрышнае фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, магчымасць не страціць сваю адметнасць ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі, гэткай сусветнай уніфікацыі.
Але ж абсалютная застыласць, нават у архітэктуры, падобная да смерці. Гарадскі ландшафт змяняецца, ідучы за сучаснымі запатрабаваннямі і новымі тэхналогіямі. Што ж дапаможа вырашыць адвечную праблему архітэктурных “бацькоў і дзяцей” (не блытаць з архітэктарскімі) найбольш натуральна і гарманічна? Адказ адзін: папраўдзе прафесійны, навуковы падыход.
На жаль, цяперашнім творцам даводзіцца расхлёбваць памылкі мінулых дзесяцігоддзяў. Тут і шэрыя, нязручныя “хрушчоўкі” (у Германіі, дарэчы, на змену эйфарыі, выкліканай шчырым жаданнем іх “удасканаліць”, “перабудаваць”, прыйшло разуменне, што больш танна і проста іх знесці, замяніўшы на навабуды). Тут і парушаны гістарычны цэнтр Мінска, аднавіць які ўжо амаль немагчыма (скрыжаванне праспекта Пераможцаў і вуліцы Багдановіча, выкліканае колішняй неабходнасцю найхуткага вырашэння вытворча-транспартных праблем, “перарэзала” Стары горад, прайшоўшыся па самым яго “сэрцы”). Шматлікія крытычныя думкі, якія абвясціў на канферэнцыі кандыдат мастацтвазнаўства Ігар Герасіменка, выклікаюць і некаторыя дызайнерскія праекты, у свой час рэалізаваныя ў прасторы Мінска. Не менш спрэчак выклікаў і працягвае выклікаць, паведаміў прафесар сацыялогіі урбанізму Берлінскага тэхнічнага універсітэта Гаральд Бадэншатц, дызайн гарадскога асяроддзя новага Берліна, што ўзнік пасля знішчэння Берлінскай сцяны.
Дадам, што калі “экскурсія па Берліне” і іншых мясцінах свету для ўдзельнікаў і слухачоў канферэнцыі была выключна візуальнай, дык “экскурсія па Мінску”, акрамя звыклага “камп’ютэрна-слайдавага адлюстравання”,набыла і рэальныя абрысы. Увесь другі дзень канферэнцыі, нягледзячы на халоднае надвор’е, прайшоў непасрэдна “на аб’ектах”. У іх кола быў уключаны касцёл езуітаў, пра мастацкую прастору якога распавядала кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава, а ўласна “музычную прастору” ствараў вядомы беларускі арганіст і навуковец Уладзімір Неўдах, які ўдасканальваў сваё майстэрства ў Аўстрыі. Па цэнтры Мінска надзвычай цікава “экскурсаводзіў” завадатар канферэнцыі — загадчык кафедры мастацтваў і Цэнтра візуальных мастацтваў і медыя ДІУСТ БДУ, член Еўрапейскага таварыства культуры, Міжнароднага і Беларускага саюза дызайнераў, кандыдат архітэктуры Ігар Духан. А завяршылася сустрэча вельмі працяглым і багатым на ўражанні і творчую палеміку “няспешна-пешым” паходам па праспекце Незалежнасці з наведваннем падземнага гандлёва-выставачнага цэнтра “Сталіца” (не дзеля пакупак!). Падчас гэтай вандроўкі на чале з галоўным архітэктарам праектаў Міхаілам Гаухфельдам нават карэнныя мінчукі (і, дадам, спецыялісты, добра вядомыя з гісторыяй нашага горада) зрабілі для сябе шмат адкрыццяў.
Дык як жа спалучаць старое і новае? Скажаце: колькі людзей — столькі і думак? А між тым, у нашым дызайне, як адзначаюць навукоўцы, намецілася даволі заўважнае вяртанне эстэтыкі пасляваеннага часу. Прычым гэта відавочна не толькі ў некаторых элементах дэкору, скульптурным аздабленні і іншых “вулічных дэталях” сталіцы. Такі “сталічны стыль” становіцца ўласцівы іншым гарадам і мястэчкам краіны. З аднаго боку, мастацка адметная эклектыка сталінскіх забудоў патрабуе і адпаведнага працягу ў дызайнерскім вырашэнні гарадскога ландшафту. Да таго ж, адзін з самых на сённяшні дзень апрабаваных і запатрабаваных варыянтаў — зварот да рэтра, “неакласікі”, “старых песень пра галоўнае”.
Але ж ён не павінен быць адзіным! Бо любая індывідуальнасць, якая, прабачце, “выходзіць у тыраж”, атрымлівае безліч “калькавых” паўтораў, ператвараецца ў штамп і страчвае мастацкую каштоўнасць. А яшчэ, у дачыненні менавіта да чалавечага асяроддзя, фарміруе такую ж аднолькава “тыповую” псіхалогію. І… мысленне натоўпу.
Адным словам — больш архітэктуры добрай і рознай!

Надзея БУНЦЭВІЧ