Аляксандра КАНОНЧАНКА: “Вам гэтае святло да твару”

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Аляксандра Канончанка проста абавязана была стаць фатографам: пад наглядам свайго дзеда — навуковага даследчыка фотамастацтва — яна ўзяла ў рукі фотаапарат у пяцігадовым узросце. І з тых часоў не расставалася з ім. Вынік — летась яна стала адным з выбраных на рэспубліканскім узроўні ўдзельнікаў намінацыі “Фота” фестывалю-конкурсу “Млын моды”.

— Я— не прафесійны фатограф, у тым сэнсе, што зараз я атрымліваю адукацыю архітэктара, скончыўшы мастацкую школу і архітэктурна-будаўнічы каледж.
Калі б не мой дзед, я б наўрад ці ўзяла ў рукі фотаапарат. Хаця ў дзяцінстве мне яшчэ не дазвалялі здымаць, пераводзіць плёнку: тады я толькі наводзіла рэзкасць на той ці іншы прадмет, што падавалася мне вельмі займальным. У каледжы я стала фотакарэспандэнтам вучнёўскай газеты, занатоўвала на плёнку нашы падзеі, рабіла партрэты, фотахроніку.
 /i/content/pi/cult/144/942/Prezentacyja1.jpg
Сёння я займаюся на курсах у фотастудыі пры Акадэміі мастацтваў.
Я не частая ўдзельніца фотаконкурсаў, але гэты мяне зацікавіў. Аб’яднаўшыся з паплечнікам Данілам Анохіным, мы прынялі ўдзел у намінацыі “Фота” і перамаглі — сталі аднымі з шасці ўдзельнікаў другога тура ад усёй рэспублікі.
— А чаму вы вырашылі працаваць удваіх?
— Удваіх прасцей — як арганізавацца, працаваць, так і ўзыходзіць на фотаглебе. Удваіх больш прадуктыўна мысліць і развівацца. Напрыклад, калі мы здымаем нейкую падзею разам, атрымліваецца ў два разы больш кадраў і ракурсаў, адпаведна — удвая больш тых кадраў, якія будуць адабраны і захаваны, — якасных, цікавых і рознастылёвых. Таксама, калі ідзе студыйная праца, адзін дапамагае другому належным чынам выставіць святло, патрымаць адбівальнікі. А калі працуем асобна, маем магчымасць падмяніць адно аднаго, каб не адмаўляцца ад замовы.
— Думаю, фатаграфічная муза прыходзіць, як і любая іншая, не тады, калі яе чакаеш. Як ты ловіш яе?
— У прафесіі фатографа вялікая доля поспеху — гэта шанцаванне. Бо прадметы маглі б стаяць і не так, і не выклікаць у мяне пэўных пачуццяў. Гэтак і з імгненнем, якое не кожнаму дазволіць схапіць яго. А спадарыня сітуацыя? Яна пры іншых складніках можа і не стварыць гэтай сумы — цікавай карцінкі. Я гэта называю “сітуацыяй удачлівага кадра”.
— Табе прасцей працаваць з чалавекам ці з нежывым аб’ектам?
 /i/content/pi/cult/144/942/Prezentacyja3.jpg

— З чалавекам цікавей. У прынцыпе, “стыль” маёй працы — гэта падстройванне асяроддзя пад чалавека ці ўпісванне чалавека ў асяроддзе. Напрыклад, у двары аднаго інтэрната я ўбачыла прыгожы восеньскі пейзаж-нацюрморт з крэслам, якое стаяла на вуліцы. Але яму не хапала чагосьці.І я ўпісала ў яго… чалавека, дзяўчыну, якая разняволена падкрэслівала настрой пейзажу…
Як правіла, палова ідэі з’яўляецца ў галаве, а другая палова — гэта дапасаванне яе да рэальнасці, да рэальных прадметаў, асяроддзя.
— Аднак з людзьмі і складаней?
— Не складаней за архітэктурны аб’ект, помнік, які ўжо сто разоў здымалі з розных ракурсаў. Прытым, што чалавека можна перамяшчаць у прасторы, асяроддзі, такім чынам надаючы яму пэўную атмасферу, характар, экспрэсію. А яшчэ ёсць меркаванне, што некаторыя людзі нефотагенічныя. Я з гэтым не згодная. Бывае дрэннае святло і “крывыя рукі” фатографа. А бывае, што і элементарна непрыдатныя ўмовы працы.
— Ты любіш жывапіс. Напэўна, ён дапамагае ў фотапрактыкаваннях?
— У жывапісе, калі разглядаю альбомы рэпрадукцый, я заўсёды заўважаю, як мастакі працуюць са святлом у сваіх творах, якія ракурсы яны выкарыстоўваюць і ці магу я гэта ўзяць для сябе: пабудову святла, як яно падае і адлюстроўваецца. Іншым разам вельмі хочацца паўтарыць гэтыя ракурсы і светлавыя схемы ў сваіх кадрах, але, на жаль, не заўсёды гэта магчыма па “тэхнічных” прычынах. А здараецца, што святло ў мастака падае так, як не можа ў рэальнасці.
— А табе знаёмы “пакуты творчасці”? Можаш не спаць ноч, думаючы над кадрам?
— У мяне так часта бывае. Побач з ложкам у мяне заўсёды ляжыць папера з алоўкам, каб я магла адразу занатаваць спантанную думку або цікавую знаходку, якая можа прыйсці нават ноччу. А ў снах можна ўбачыць вельмі многа цікавых ракурсаў і момантаў, якія ў рэальнасці не сустрэнеш. Некаторыя кажуць, што ім сняцца чорна-белыя сны. Я нават не ведаю, што гэта такое. У мяне такія буйныя фарбы, кадры, але, на жаль, не заўсёды можна прачнуцца і занатаваць іх на паперы. Таму многае так і знікае разам з ранішнім
 /i/content/pi/cult/144/942/Prezentacyja2.jpg
абуджэннем.
Асабліва прадуктыўная “спячая” творчасць на пачатку выспявання ідэі, якая яшчэ не бачыцца ва ўвасабленні. Тады абкладваешся альбомамі, рэпрадукцыямі, кнігамі, свядомасць узрушваецца, думкі блытаюцца, часткі не стыкуюцца. І здараецца, што менавіта ў сне, калі мозг спрабуе завяршыць працу, знайсці рашэнне, звязваюцца ўсе часткі і бачыш цэлы малюнак, які назаўтра бяжыш рэалізоўваць… “Схапіць” кадр у рэальнасці таксама не заўсёды атрымліваецца: па законе подласці, здараецца, што ў самы непадыходзячы момант, калі з сабой няма фотаапарата, трапляецца воку нешта унікальнае. Таму поспех фатографа — гэта на 50 працэнтаў удача.
— Але, з другога боку, калі фотаапарат з табой — ты ў поўным узбраенні, як салдат, які павінен умець за некалькі секунд прывесці сябе ў “баявую гатоўнасць”.
— Сапраўды. З часам гэтыя рухі становяцца настолькі адточанымі, што збеглых ад мяне кадраў становіцца ўсё менш.
— А выпадковых сустрэчных на вуліцы фатаграфуеш?
— Рэдка. Я больш люблю пастановачныя кадры. Аднак калі людзі бачаць на вуліцы чалавека з фотаапаратам — мяне, — яны просяць сфатаграфаваць іх. І што цікава — большасць з іх нават і не пытаецца, як забраць здымак. Такі вось феномен... А аднойчы мы ўдзельнічалі ў фотагульні, дзе было заданне зрабіць партрэты на тэмы “Стакгольм”, “Бразілія”, “Куба” і гэтак далей. І нам з напарніцай трапіўся на вуліцы чалавек кубінскага, як нам падалося, каларыту. Але як яго сфатаграфаваць? Папрасіць — можа і адмовіць. Каб не “спудзіць” яго, я зрабіла выгляд, быццам фатаграфую сваю сяброўку, а не яго. Нечакана ён сам падыходзіць да мяне і… просіць сфатаграфаваць яго. Мы разгаварыліся. Высветлілася, што наш “кубінец”… са Стакгольма.
— Журналіст крыўдзіцца, калі герой матэрыялу ўказвае: напішыце пра мяне тое, а гэта не пішыце. Што можа пакрыўдзіць фатографа?
— Неверагодна, але — тое ж самае. Калі кажуць: здыміце мяне так, а не гэтак. Альбо, калі скардзяцца: маўляў, вы мяне мала здымалі, менш, чым Пецю і Васю. А ў мяне, наадварот, прынцып: калі нейкая падзея, свецкі раут, я здымаю ўсіх удзельнікаў аднолькава. Таму адказваю: усіх пароўну.
Я ўвогуле прыхільнік кампрамісаў — каб і замоўцы падабалася, і мне як аўтару. А вось самае прыемнае — калі твой кадр разумеюць: што ты зняў, чаму, якія высілкі затраціў, і наколькі цікава гэта атрымалася. І вельмі люблю канструктыўную крытыку.
— Звычайна, калі чалавек пачынае чым-небудзь займацца, ён адкрывае для сябе новы свет, пачынае заўважаць тое, што раней і пад мікраскопам не ўбачыў бы. На што стала звяртаць увагу менавіта ты?
— На святло — як яно падае і стварае аб’ёмы, ілюзіі, эфекты, фактуры. Яно можа змяняць нават увесь твар. Бывае, што не магу адарвацца ад чалавека, калі на яго прыгожа падае святло, не заўважаючы, што чалавек пачынае нервавацца: навошта я разглядаю яго? А я ж не стану яму тлумачыць, што ў вас, спадар, пад гэтым святлом вельмі прыгожая пляцоўка носа, і ўвогуле вам да твару гэтае святло. 

Занатавала Святлана КАСЯЧЭНКА