Старыя песні пра галоўнае, або Спеўнае поле “Акадэміі”

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Тамара СЛАБОДЧЫКАВА — дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вучаніца прафесара, народнага артыста СССР Віктара Роўды, шмат гадоў займаецца харавым мастацтвам. Яна ўвайшла ў гэты цудоўны свет вельмі натуральна, хаця ў дзяцінстве марыла стаць... лётчыкам, як старэйшы брат, які задаваў рэй. Дзяўчынка захаплялася рамантычнымі кніжкамі. Самай любімай была “Аповесць аб сапраўдным чалавеку”. Яе сям’я была надзвычай музычнай: тата іграў на скрыпцы, маці — на гітары. Усе цудоўна спявалі, музіцыравалі, у тым ліку і брат-лётчык, не быўшы прафесійнымі музыкантамі. І тое, што ў дзяцінстве будучы хормайстар захаплялася музыкай, было, на думку Тамары Слабодчыкавай, заслугай не толькі яе сям’і. Музычная культура, выхаванне бытавалі ў звычайным асяродку значна болей, чым зараз. У кожнай школе існаваў агульны хор, што было абявязковым.

 /i/content/pi/cult/144/941/Sub-sustrechy.jpg
— У дзяцінстве я за два месяцы, — прыгадвае Тамара Слабодчыкава, — асвоіла баян, навучылася на ім іграць сама. Па слыху хутка схоплівала мелодыі. Старэйшыя, калі заўважылі, што ў мяне ёсць музычныя здольнасці, прасілі акампанаваць. Вучылася ў музычнай школе. І ўсё адно пасля яе заканчэння не хацела быць музыкантам, а марыла аб кар’еры лётчыка. Калі дырэктар музычнай школы даведаўся аб гэтым, дык задаў мне, дзіцяці, правакацыйнае пытанне: “А ці здолееш ты паступіць у музычную вучэльню?..”.
Я рашуча адказала: “Паступлю! Але ўсё адно хачу пайсці ў авіяцыйны!”. У пятнаццаць гадоў паехала ў Магілёў і лёгка паступіла ў музычную вучэльню. Потым ужо настолькі сур’ёзна захапілася музыкай і сваёй працай, што перастала марыць аб чымсьці іншым. Я ўвесь час музіцыравала. Запатрабаванасць у музыкантах была вельмі вялікая. Людзей, якія могуць акампанаваць, было не надта шмат. Мяне запрашалі паўсюль. Жаданне ў многіх паслухаць менавіта жывую музыку, менавіта жывое выкананне было вялікім. Хаця можна было слухаць і кружэлкі, па радыё шмат гучала музыкі. Я прадоўжыла сваю адукацыю ў кансерваторыі — цяперашняй Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вучылася ў класе Віктара Уладзіміравіча Роўды, потым два гады — у асістэнтуры Маскоўскай кансерваторыі. Пасля яе заканчэння вярнулася з Масквы ў Мінск у 1979 годзе. А ў 1980-ым мяне запрасілі ў Акадэмію навук стварыць хор.
— А да гэтага вы працавалі з хорам?
— Да гэтага вельмі шмат працавала з хорамі. Літаральна са школы. Як толькі навучылася іграць на баяне, у сваім класе стварыла ансамбль. Я пастаянна практыкавала. Калі вучылася ў Магілёве, дык працавала адразу з 8-мю калектывамі. Мяне запрашалі арганізоўваць новыя хоры і ансамблі — і я бралася за справу. На час паступлення ў кансерваторыю я ўжо мела званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу. Хормайстры былі запатрабаваныя. Цяпер назіраецца іншая рэч. Змянілася эстэтыка часу. Зараз у нас больш увагі надаецца “раскручванню” поп-музыкі, поп-эстрады, а спевы ў хорах адышлі на другі план. Але не трэба забывацца, што яны дапамагалі і дапамагаюць людзям збірацца разам, развучваць музычныя творы. Не кожны праспявае песні, якія выконваюць цяперашнія спевакі — словы і мелодыі ў большасці незапамінальныя і складаныя для выканання. Калі ж гучала музыка тагачасная, яе ведалі ўсе — немузыканты, музыканты.“Старыя” песні стваралі высокапрафесійныя кампазітары, паэты. Неяк спяванне ў хоры стала нямоднае. Некаторыя кажуць: хор сцірае асобу. Але каб штосьці сцерці, трэба штосьці мець. Калі ты сапраўды асоба, дык цябе ніхто не “сатрэ”. Індывідуальнасць чалавека і заключаецца ў тым, каб умець прыстасавацца жыць у калектыве, умець саступіць, паслухаць і іншага, а не толькі адстойваць сваю пазіцыю. У харавым калектыве чалавеку прадастаўляецца не толькі магчымасць дыялога, а і ўдасканалення духоўных якасцей.
Знешні бляск цяперашняй эстрады — “ежа” пераважна для вачэй. Але ж у чалавека павінен развівацца яшчэ і інтэлект, слыхавыя адчуванні.
Зразумела, вокам ты ўбачыш хутчэй. Аднак праз думку, пачуццё зусім іншая асоба фарміруецца. Калі браць харавыя спевы — дык яны прымушаюць чалавека паглыбляцца ў свой унутраны свет.
— Чым адметны хор “Акадэмія”?
— Хор быў створаны 27 гадоў таму на базе тагачаснага Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук. Тады ён складаўся выключна з яго працаўнікоў. Гэта былі інтэлектуалы. Але ўсе яны не мелі музычнай адукацыі, некторыя не мелі і слыху. Ніякага адбору не было. Я ніводнаму чалавеку не адмовіла ў тым, каб той спяваў у хоры. Мы рэпеціравалі ў абедзенны перапынак. “Акадэмікі” прыдумалі з нагоды нават смешны лозунг: “Заменім высокаінтэлектуальнай духоўнай ежай нясмачную ежу нашай сталовай!”. Я наведвалася на рэпетыцыі пяць разоў на тыдзень. Праз паўгода хор пачаў пець акапэльна. Я разумела, што ад такіх людзей можна было патрабаваць больш, чым ад звычайнага аматарскага калектыву. Для таго, каб увесці іх у свет класічнай музыкі, арганізавала цыкл лекцый “Скарбы рускай харавой музыкі”, якія праводзілі лепшыя выкладчыкі кансерваторыі. Такім чынам мае “акадэмікі” атрымлівалі ўяўленне аб класічнай музыцы. За год хор набраў дастаткова вялікую праграму, пасля чаго распачалося актыўнае канцэртнае жыццё. За 27 гадоў свайго існавання “Акадэмія” дала мноства канцэртаў на радзіме і за яе межамі. Мы з поспехам выступалі ў Польшчы, Германіі, Францыі, Англіі, Італіі, Чэхіі і іншых краінах, атрымлівалі высокія ўзнагароды.
— Колькі чалавек спявае ў хоры?
— У “Акадэміі” спявае 40 чалавек ва ўзросце ад 20 да 65 гадоў. За гады яе існавання хтосьці мяняў месца працы, жыцця. Нягледзячы на тое, што апошнім часам у Мінску і ў Беларусі сістэма аматарскага самадзейнага харавога мастацтва функцыянуе не на поўную моц, асобныя калектывы, у прыватнасці, “Акадэмія”, працягваюць сваю дзейнасць. Напачатку ў хоры “Акадэмія” былі адны навукоўцы, а потым да нас пачалі прыходзіць людзі, якія любяць і жадаюць спяваць у хоры. Таму зараз у нас ёсць геадэзіст, дырэктар фірмы, некалькі маіх былых студэнтаў, прадстаўнікі іншых прафесій.
— Якія музычныя творы ўваходзяць у рэпертуар “Акадэміі”?
— Я адразу арыентавала спевакоў менавіта на класічную музыку — заходнееўрапейскую, беларускую, рускую. Летась у чэрвені ў нас адбыўся канцэрт, прысвечаны англійскай музыцы. Паколькі ў “Акадэміі” спяваў былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Велікабрытаніі Браен Бенет, мы вырашылі, калі ён з’язджаў з Мінска, зрабіць яму такі музычны падарунак. Для гэтага звязаліся з Шатландыяй, Ірландыяй, Уэлсам, збіралі песні з гэтых рэгіёнаў. На канцэрце прысутнічала шмат гасцей, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, якія ў захапленні ўспрымалі англійскія музычныя творы ў нашым выкананні.
А раней, у маі, “Акадэмія” прымала ўдзел у міжнародным фэсце аматарскіх хораў, які праходзіў у Францыі. Там мы пазнаёміліся з італьянскім дырыжорам Сальваторэ Ла Роса, якому вельмі спадабаўся наш калектыў. Італьянец адзначыў, што мы былі лепшыя на фэсце. Дарэчы, аматарскае харавое мастацтва на Захадзе вельмі развітае. Гэта найстаражытнейшая традыцыя, яна ідзе ледзь не з ХVІ стагоддзя, з эпохі Адраджэння, калі магутны паток мастацтва пайшоў у народ, свецкае выканальніцтва стала даступнае для ўсіх слаёў. У Сіцыліі, дзе працуе Сальваторэ Ла Роса, такіх харавых калектываў шмат. Ён запрасіў мяне на арганізаваны ім фэст, каб падырыжыраваць італьянскім аматарскім хорам.Сальваторэ Ла Роса так быў уражаны нашым выканальніцтвам, што нядаўна наведаў Мінск. З яго ўдзелам і “Акадэміі”прайшоў канцэрт класічнай музыкі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На наступны дзень маэстра дырыжыраваў аркестрам рускіх народных інструментаў Маладзечанскай музычнай вучэльні імя М.К. Агінскага. Увогуле, аматары-харысты на Захадзе цудоўна ведаюць класіку. У французскім горадзе Кот Дарэй, дзе праводзілася свята, мы сустрэлі шмат аматараў харавых спеваў. Некалькі гадоў таму жыхары гарадка вырашылі наладзіць міжнародны фэст, каб пазнаёміць моладзь з музычнай культурай народаў свету.
Якая цудоўная мэта!
— Чым прывабліваюць харавыя спевы?
— Харавыя спевы — найважнейшы з відаў музычнага мастацтва. У Беларусі даволі шмат фальклорных хораў. І гэта добра. Такое спяванне звязана са спецыфічнай манерай гукаатрымання. Каларыт фальклорнага хору спецыфічны, своеасаблівы. Не кожны валодае гэтай манерай.
Класічныя ж спевы больш даступныя, бо тут чалавек спявае звычайным голасам. На гэта здольны любы.
Яшчэ, каб стварыць аматарскі класічны хор, трэба навучыць яго ўдзельнікаў жыць у калектыве — інакш не стварыць харавое гучанне. Гэта як у аркестры, толькі там патрэбны інструменты. А ў хоры патрэбны голас, які ёсць у кожнага. Калі добрае слова пакладзена на добрую музыку, дык гэтае слова праз музыку правядзецца больш моцна, чым проста інструментальная музыка.
Зараз, на жаль, страчаны многія традыцыі. Людзі раз’яднаныя. Хор ліквідуе раз’яднанасць, непаразуменне, развівае мастацкія і творчыя здольнасці. Калі чалавеку добра, ён пачынае штосьці спяваць сам сабе. Так ён выказвае свой настрой, эмоцыі праз спевы. Нездарма кажуць: “Душа спявае”. Іграе чалавек на музычным інструменце — кажуць, што ў яго раяль спявае, скрыпка спявае.Раней у школах абавязковым быў урок спеваў. Потым яго назвалі ўрокам музыкі, дзе больш размаўлялі аб музыцы і спевах. Аднак калі няма жывой практыкі, чалавек губляе здольнасць і жаданне спяваць. Харавое гучанне а-capella сталася экзотыкай. Папулярная музыка выйшла на першыя пазіцыі. Але ж якая яна папулярная, калі яе немагчыма праспяваць? А вось класічны твор “Аве Марыя” — насамрэч папулярны, бо яго спяваюць, яго словы і мелодыя запамінальныя. Мы павінны захоўваць і ведаць класіку, якая з’яўляецца асновай культуры.
— І тым не меней, нягледзячы на выклікі часу, “Акадэмія” працягвае выступаць і скараць сэрцы слухачоў...
—- Сапраўды, нас успрымаюць вельмі добра і дома, і за мяжой. Я бачыла часта слёзы на вачах у людзей і ў Італіі, і ў Германіі, і ў Англіі, — яны проста плакалі ад таго, што чулі прыгожую музыку, гучанне хору.
Летась у верасні ў Мінску прайшло свята харавой песні Першамайскага раёна, якое адбылося на пляцоўцы каля цэнтральнага будынка Нацыянальнай акадэміі навук. У ім удзельнічалі не толькі мінскія калектывы, а і аматарскія хоры з усёй Беларусі. Гучалі акапэльныя прыгожыя творы і класічная музыка. І сёлета напрыканцы мая плануецца наладзіць падобны вялікі канцэрт.
І яшчэ. Аматары харавых спеваў не пакідаюць надзеі выступіць на беларускім Спеўным Полі. Што для гэтага неабходна? Трэба да гэтага ісці двума шляхамі — стварыць, зразумела, пляцоўку для арганізацыі такіх спеваў, а таксама выхаваць са школы пакаленне, гатовае спяваць разам. Тады наша Спеўнае Поле будзе існаваць.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА