“Вытворчы раман”

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Гісторыя Лідскага бровара як частка гісторыі краіны
Днямі кіраўніцтва ААТ “Лідскае піва” правяло сустрэчу з журналістамі, на якой ішла гаворка пра вынікі сезона, перспектывы вытворчасці, экспартны патэнцыял прадпрыемства і галіны. У кантэксце размовы былі прыгаданы культурныя праекты, што ладзіць векавы бровар, дбаючы пра ўласны імідж, інтарэсы дзяржавы, захаванне нацыянальных традыцый і пашырэнне ў грамадстве побытавай культуры.

/i/content/pi/cult/449/9406/12-1.jpeg

Так, да канца кастрычніка прымаюцца работы на конкурс “Летапіс напояў у цэнтры Еўропы”. Аб’ектам даследавання з’яўляюцца факты, датычныя беларускай культуры, у тым ліку ўжывання розных напояў на тэрыторыі Беларусі ў розныя стагоддзі. Гэта можа быць гісторыя з’яўлення альбо рэцэптура напою; гарадская байка ці сямейная легенда, дзе прысутнічае той або іншы напой; гульні, абрады, песні… Конкурс адрасаваны моладзі ва ўзросце ад 18 да 31 года, прадстаўнікі якой цікавяцца найперш побытавай культурай нашай зямлі.

Журналісты сталі ўдзельнікамі прэзентацыі кнігі “Гісторыя Лідскага бровара. 1876 — 2012” — першага поўнага гістарычнага летапісу завода. Яна доўжыць добрую традыцыю савецкай пары, калі кожнае прадпрыемства, чыя роля ў эканоміцы была заўважнай, мусіла мець музей працоўнай славы і кнігу-летапіс.

Выданне — шыкоўнае. У ім вядзецца аповед уласна пра Лідскі бровар — ад заснавання да нашых дзён. Летапіс прадпрыемства складаецца з чатырох раздзелаў, якія фактычна адпавядаюць чатыром асноўным перыядам гісторыі заходніх земляў Беларусі з канца ХІХ да памежжа ХХ і ХХІ стагоддзяў. Пачынаўся завод як прадпрыемства сям’і Пупко. Гэта 1876 — 1939 гады. “Стык эпох” прыпадае на 1939-ты — 1943-ці: у той час адбылася змена гаспадара, завод нацыяналізавалі, а потым была вайна… Наступны перыяд у кнізе ахоплівае 1944-ы — 1990-я: пачынаецца вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заканчваецца пярэдаднем распаду Савецкага Саюза. І, нарэшце, незалежная Беларусь: першыя крокі ў рыначных умовах, пошук партнёраў у Заходняй Еўропе, тэхнічнае пераўзбраенне, клопаты дня сённяшняга… У асобным раздзеле распавядаецца пра ўзнагароды, якое атрымала лідскае піва на шматлікіх міжнародных фэстах ды выстаўках-конкурсах.

Гісторыя Лідскага бровара разгортваецца на тле падзей, лёсавызначальных для краіны і свету. “Вытворчы раман”, у якім задзейнічаны тысячы людзей, успрымаецца як сумленная хроніка супярэчлівай эпохі. У кнізе шмат ілюстрацыйнага матэрыялу, які дае ўяўленне пра гісторыю горада Ліды, пра побыт яго жыхароў у розныя часы, і нават пра развіццё рэкламнай справы ў Беларусі на працягу апошніх 150 гадоў.

Фактычна, гэта навуковае даследаванне. Але кніга прасякнута гонарам за родны завод, за людзей, якія на ім працавалі раней і робяць гэта зараз, за горад. Думаю, нават жыхары Ліды, якім яна трапіць у рукі, адкрыюць для cябе родны горад з нечаканага ракурсу.

Гартаючы кнігу, я пачуваў сябе наведвальнікам віртуальнага Музея Лідскага бровара. Дарэчы, самая старая частка вытворчага комплексу, што з’яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры, насамрэч прыстасавана пад музей прадпрыемства…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"