Фестываль: вопыты музычнага менеджменту

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Стратэгія існавання форуму па версіі прадзюсара замест “кашы- малашы”
Тэарэтычны досвед фестывальнага менеджменту ў мяне звязаны з выкладаннем дысцыпліны “Менеджмент музычнай культуры” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а практычны — з гастролямі гурта “Палац”, удзелам у журы шматлікіх фэстаў, арт-менеджментам музычных фестываляў “Bela-Music” і “Камяніца”. Вось на іх і спынюся асобна, каб зірнуць на плён працы, пабачыць поспехі ды пралікі, а таксама — падзяліцца вопытам з калегамі.

/i/content/pi/cult/449/9405/5-12.jpg

Напачатку — генезіс

Пачну з погляду ў мінулае. Мне даводзілася сустракаць адрозныя думкі наконт узнікнення фестывалю як з’явы культуры. Сцвярджэнні пра тое, што музычныя фэсты ў сучасным выглядзе з’явіліся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Вялікабрытаніі, я не пераправяраў. Патрэба ў тым — невідавочная. А вось сцвярджэнні, што дагістарычныя чалавекападобныя істоты ладзілі фэсты гэтак жа, як і вышэйшыя сацыяльныя жывёлы (дэльфіны, ваўкі), выглядаюць, прызнацца, перабольшваннем з антрапаморфным адценнем.

Відавочна, слова “фестываль” аднакаранёвае з лацінскім “festivus”, што азначае “святочны”, “святочная ежа”. У сучасным жа разуменні тэрмін нясе ў сабе паказ дасягненняў, спаборніцтва ў самых розных сферах культуры ды мастацтва. І такія “паказы-спаборніцтвы”, відавочна, надзвычай уплываюць на развіццё пэўнай культурнай з’явы.


Што ні канцэрт — то фэст?

А цяпер пачынаем рухацца ў кірунку практыкі. Вось што яшчэ важна падкрэсліць: стратэгія развіцця, устойлівае існаванне фестывалю абумоўлена наяўнасцю ідэі, мэты, легенды і яго інтэрактыўнасці. Заўважце, які назіраем парадокс: сёння большасць сумесных музычных выступленняў у клубах арганізатары ці самі ўдзельнікі імкнуцца на афішах пазначыць не іначай, як “фэст”, прытым што ні мэта, ні легенда, ні інтэрактыўнасць у гэтай імпрэзе (а “impresa” ў перакладзе з лацінскай мовы — “уражанне”) не прадугледжаны. У выніку замест фэсту — “каша-малаша”.


Арганізатар, фестываль — для гледача!

Звярну ўвагу на тое, што публіка — наведвальнікі фэсту з’яўляюцца больш важнымі яго ўдзельнікамі, чым самі музыканты, рэжысёры, мастакі, занятыя ў падзеі. І гэта важна патлумачыць шэрагу арганізатараў беларускіх фестываляў. Канешне ж, пакрытыкаваць нашы пэўныя і вядомыя фэсты паводле іх мэт, ідэй, легенд ды інтэрактыўнасці я мог бы вельмі жорстка і, паверце, абгрунтавана. Аднак пазбегну такога “прыемнага” занятку (зрабіце гэта самастойна, калегі). Пакрытыкую тыя далёка не ўзорныя фэсты, за арганізацыю якіх я быў непасрэдна адказны.


Вопыт першы: “Bela-Music”

Музычны open-air-фестываль беларускай рок-музыкі “Bela-Music” (адбыўся ён аднойчы: 23 мая 2009 года) быў задуманы як форум сапраўднай поп-музыкі (не эстрады), фармат якой даводзілася тлумачыць словамі “рок”, “актуальная”, “запатрабаваная” беларуская музыка. Больш падрабязнае тлумачэнне дадзенай праблемы — у артыкуле “Поп-музыка не зэдлік ля дарогі” (“К” № 36 за 2013 г.).

Ідэя грунтавалася на тым, што гэта будзе беларускі “фестываль фестываляў”. Легенда: усе беларускія СМІ і фестывалі, якія маюць хіт-парады ці ладзяць прэміі, узнагароды, прадставяць на фэсце той гурт альбо выканаўцу, які, на іх погляд, стане найбольш цікавым ды запатрабаваным у адпаведным годзе. Тады адгукнуліся ўсе буйныя музычныя інтэрнэт-парталы, фестываль “Рок-каранацыя” ды інш. Ішлі паспяховыя перамовы з радыёстанцыямі і тэлеканаламі (як узровень цікавасці адзначу стасункі з АНТ). Назва фэсту карэліравала з легендай пра тое, што слова “Беларусь” было прыязна ўспрынята нацыянальнай элітай пачатку ХІХ стагоддзя з варыянтам напісання на старалацінскай мове “Bela Rus”, што азначае “першапрыгожая Русь”, і, суадносна, “Bela-Music” — першапрыгожая музыка. Інтэрактыўнасць прадугледжвала скарыстаць галасаванне наведвальнікаў музычных інтэрнэт-парталаў, якія далі згоду на падтрымку фэсту. Гэта дазваляла пазбегнуць спрэчак ды рознагалосся: маўляў, хто, чаму і па якіх крытэрыях называе пэўнага выканаўцу
найлепшым.

Фэст сабраў амаль тры тысячы гледачоў, атрымаў выдатныя водгукі прэсы, але і — расчараванасць арганізатараў. Памылкі ды праблемы мерапрыемства былі звязаны з дрэнным фінансавым менеджментам, недахопам вопыту супрацы са спонсарамі і, асабліва, з дзяржаўнымі структурамі. Апошнія, падтрымаўшы форум, разглядалі яго як малапрыбытковае мерапрыемства.

Сціплае, малаінфарматыўнае (тут — мая недапрацоўка) тлумачэнне мэты — стварыць падставы для арганізацыі агульнадзяржаўнай нацыянальнай музычнай прэміі — выглядала няўпэўнена, а некаторых чыноўнікаў увогуле спужала. Прынамсі, на той момант, хаця праз пару гадоў у краіне была заснавана Нацыянальная музычная прэмія.

Вынікі для мяне як прадзюсара такія: аб’яднаць аднадумцаў, валанцёраў, прыхільнікаў падзеі ў цэласнае працаздольнае згуртаванне не атрымалася. Але — падштурхнула ўсе музычныя парталы актывізаваць правядзенне сваіх уласных фэстываляў ды прэмій-узнагарод (сёлета і наогул вельмі актыўна).


Вопыт другі: “Камяніца”

6 — 7 верасня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прайшоў V Міжнародны фольк-фэст “Камяніца”, які сабраў каля 8 тысяч наведвальнікаў. Ідэя форуму — прадставіць папулярных транслятараў нацыянальнай фальклорнай музыкі — была ўдалай і вельмі дэмакратычнай па сваім змесце. Тым больш, абсалютная большасць фальклорных фэстаў у Беларусі прадстаўляла (і робіць гэта па сённяшні дзень) ці носьбітаў фальклору, што цікава перадусім спецыялістам-фалькларыстам, ці аматарскія гурты, якія спяваюць другасны постсавецкі фальклор.

Легенда “Камяніцы”. Яна заключалася ў тым, каб арганізаваць “сучаснае гучанне нацыянальнай музыкі ў традыцыйным асяроддзі” (маю на ўвазе музейны ланшафдт, традыцыйнае адзенне, стравы), што выдатна вылучыла фэст на фоне іншых са звыклай арганізацыяй “старога гучання ў сучасным асяроддзі”. Усім нам знаёмы стандарт кшталту “фальклорны хор з баянам на плошчы са шкла і бетону”, ці не так?

Беларускае слова “камяніца” звычайна перакладаюць, напрыклад, на рускую мову, як “каменный дом”. Гэта слушна, але — не зусім. Камяніца — гэта каменнае збудаванне, якое нельга было падпаліць і якое будавалася нярэдка на выспе, так, каб у яго немагчыма было ўварвацца ворагу. Гэткі спрошчаны замак не для магнатаў, а для звычайнага люду пазней выкарыстоўвалі пад начлег падарожнікаў, карчмароў ды пад бытавыя і харчовыя патрэбы. У дадзеным сэнсе назва фестывалю “Камяніца” выглядае шматсэнсоўна і ёміста.

Інтэрактыўнасць фэсту прадугледжвала наяўнасць традыцыйных строяў сярод прысутнай публікі, узнагароджанне лепшых з іх. Гэта паспяхова атрымалася зрабіць, нават прытым, што першапачаткова ўяўлялася немагчымым.

Памылкі ж і праблемы год ад года паступова выпраўляліся ды вырашаліся. На сённяшні дзень надзвычайнай праблемай з’яўляецца адстутнасць вопытнага інстытута гукааператарства. Людзі, якія працуюць з моцным гукавым абсталяваннем, амаль не маюць вопыту працы з агучваннем традыцыйных, фальклорных інструментаў.

Шэраг тэхнічных праблем з хуткаснай перакамутацыяй немагчыма вырашыць нават пры наяўнасці фінансаў: няма адпаведнага вопыту, навыкаў, якія фарміруюцца рэгулярнай практыкай. А запрасіць замежную каманду гукатэхнікаў ці выхаваць уласную ўяўляецца на сёння немагчымым.

Другой праблемай фэстаў застаецца вялікая колькасць на іх міліцыі, турнікетаў, праверак. Так, тое — бяспека. Але, падаецца, тут варта пашукаць аптымальны механізм узаемадзеяння праваахоўных органаў ды арганізатараў буйных фестываляў.

Трэцяй жа праблемай застаецца электрасілкаванне музейнай пляцоўкі: усё працуе на прывазных электрагенератарах. Гэтая праблема знішчае ўсе высілкі па арганізацыі харчавання. Да таго ж, згодна з заяўленым фарматам (ідэі, легенды, сацыяльных зносін), фестываль неабходна было адразу звязаць з датай традыцыйнага беларускага свята. Зараз аднавілася гаворка пра магчымасць пераносу фэсту “Камяніца” на дзень святкавання Вялікадня-Пасхі. З аднаго боку, гэта можа прынесці пэўныя перавагі, з іншага ж — разбурыць традыцыі існуючага фэсту.

А, магчыма, трэба рабіць цалкам іншы “Велікодны фестываль”. Але гэтае пытанне пакуль актыўна абмяркоўваецца, а ідэя — толькі нараджаецца…

Алег ХАМЕНКА, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фалькларыст, лідар гурта “Палац”

Аўтар: Алег ХАМЕНКА
калумніст газеты "Культура", лідар гурта "Палац", фалькларыст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў