Будаўнічае пытанне

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Калегія
9 кастрычніка прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У ліку іншых на парадак дня было вынесена і пытанне “Аб выніках праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь ААТ “Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца” па пытанні рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і эфектыўнасці функцыянавання АДАБ у якасці заказчыка аб’ектаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь".

Інфармацыя начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Дзіяны Гулідавай была заснавана збольшага на выніках праверкі Камітэта дзяржкантролю. Апошняя ж паказала, што пры працы на аб’екце “Рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы па вуліцы Энгельса, 7” дапушчаны завышэнне кошту будаўніча-мантажных работ, парушэнні заканадаўства пры правядзенні таргоў з пастаўшчыкамі тэхналагічнага абсталявання, мэблі, шэраг іншых недахопаў.

Інакш кажучы, ААТ “Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца” функцыі заказчыка выконвае не ў поўнай меры. У выніку быў дапушчаны шэраг сур’ёзных парушэнняў заканадаўства пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, пастаўлены пад пагрозу тэрмін уводу ў эксплуатацыю шэрагу аб’ектаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і капітальнага рамонту. Менавіта пра гэта казалі ў сваіх выступленнях начальнік Галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску Камітэта дзяржаўнага кантролю Іван Рамановіч, начальнік упраўлення кантролю будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску Камітэта дзяржаўнага кантролю Вера Мацулевіч.

Сярод асноўных прычын названых парушэнняў Дзіяна Гулідава назвала паслабленасць кантролю з боку дырэкцыі, нерэгулярнасць фінансавання і несвоечасовасць падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі.

Галоўны інжынер дырэкцыі Павел Улашчанка зазначыў, што ці не 80 працэнтаў кадраў установы — абноўлена. А на рэпліку міністра культуры Барыса Святлова пра неабходнасць пераструктурызацыі Дырэкцыі галоўны інжынер адказаў, што ААТ варта пераўтварыць у рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства.

Асобнымі членамі калегіі была агучана і такая думка наконт кантролю за дзейнасцю дырэкцыі: ці патрэбна людзям культуры і мастацтва рабіць галоўны ўпор у сваёй працы на фінансава-гаспадарчую дзейнасць? На гэта міністр культуры заўважыў: гаворка ідзе пра ўдасканаленне работы не адной дырэкцыі, а — усёй галіны. Інакш кажучы, неабходна зрабіць сістэмныя высновы, зразумець, урэшце, што будаўніцтва, рэканструкцыя і рэстаўрацыя аб’ектаў культуры — не дакука, а найпершы клопат тых, хто неабыякавы да лёсу нацыянальнай спадчыны. Карацей, выснова, што работнік культуры — і швец, і жнец, і на дудзе грэц, знайшла яшчэ адно рэальнае пацвярджэнне.

Наш кар.