"Напэўна, мэтр быў бы не супраць..."

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Аксана БАГДАНАВА, дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура
У музейнай супольнасці ці не ўсяго свету па-ранейшаму не сціхае дыскусія: што ж такое музей у наш час і якім яму належыць быць у ХХІ стагоддзі? Натуральна, нам ад гэтых фундаментальных ды надзённых пытанняў таксама нікуды не падзецца. Менавіта ў пошуку адказаў на іх мы і прыйшлі да сённяшняй канцэпцыі нашай установы. Гэта свайго кшталту “два ў адным”: “Сучаснае мастацтва ў традыцыйным музеі”.

/i/content/pi/cult/449/9402/4-6.jpeg

Ці можа музей сёння жыць сваім спаконвечным традыцыйным жыццём? Чаму ж не? Уласна, наш музей гэтак і жыве — у свой “нармальны” час працы. З 11-й да 18-й гадзіны наведвальнік можа спакойна занурыцца ў мемарыяльную прастору экспазіцыі, няспешна “счытваючы” ў ёй коды мінуўшчыны. Але пры гэтым ён таксама мае магчымасць прыйсці ў тыя ж сцены ўжо ў іншы час — увечары альбо нават уначы — і стаць сведкам паралельнага, другога жыцця нашага музея: кінапаказаў на вольным паветры, канцэртаў імправізацыйнай музыкі, харэаграфічных і тэатральных эксперыментаў...

У афіцыйнай назве нашай установы ёсць слова “мемарыяльны”. Здавалася б, яно павінна цалкам прадвызначыць яе дзейнасць, пазбавіўшы ўсялякіх “пошукаў ды ваганняў”. Праблема хіба ў адным: такі музей разлічаны на вельмі вузкі сегмент наведвальнікаў — людзей, якія цікавяцца скульптурай і ўвогуле мастацтвам савецкай эпохі. Па сутнасці, атрымаўся бы музей для даследчыкаў. А гэта, на маю думку — няправільна! Цяжка нават падлічыць, колькі людзей (і пераважна, дарэчы, маладых) адкрылі для сябе творчасць Заіра Азгура дзякуючы, скажам, выстаўцы Канстанціна Селіханава альбо Open air-фестывалю “Кінемо”, якія ў нас праходзілі. Пры гэтым, мы здолелі цалкам унікнуць і нейкага агрэсіўнага піяру, і стопрацэнтна камерцыйных праектаў.

Натуральна, тут можа ўзнікнуць заканамернае пытанне: а ці ўхваліў бы сам Заір Ісакавіч такую “інтэрвенцыю” на ўласную тэрыторыю? Ці ўпадабаў бы ён узоры сучаснага мастацтва? Па зразумелых прычынах, даць адназначны адказ у дадзеным выпадку немагчыма. Але дасканала ведаючы біяграфію знакамітага скульптара, можна выказаць здагадку: напэўна, ён быў бы не супраць. Творчыя пошукі, ваганні, эксперыменты ні ў якім выпадку не былі для яго чужымі — згадайма гэтую постаць на пачатку ягонага шляху ў мастацтва, у перыяд гарачага юнацтва... Насуперак меркаванням многіх, жыццяпіс Заіра Азгура нельга звесці толькі да пераліку рэгалій апошняга.

Ды і канфрантацыя паміж “старым” і “новым” мастацтвам у дадзеным выпадку падаецца цалкам надуманай (мяркую, што і не толькі ў дадзеным). Ці можна сказаць, што Заір Азгур не быў сучасным мастаком свайго часу: у 20-я, 30-я, 50-я?.. Больш за тое: хто з нас ведае, як праявіўся б гэты выбітны аўтар у цяперашні час, у ХХІ стагоддзі?

Урэшце, магу прывесці і яшчэ адзін аргумент. Мінулае нашага музея —творчая майстэрня. Гэта было зусім не толькі “вытворчае памяшканне”, але і тое месца, дзе заўсёды віравала культурнае жыццё ва ўсіх яго размаітых праявах. Тут бывалі многія знакавыя постаці, тут гучалі дыскусіі, музыка, вершы... Асоба мастака — заўсёды шматгранная. Скульптар не толькі лепіць, але чытае філасофскія і мастацкія кнігі, праводзіць час у развагах, наведвае тэатры...

Погляд на творчасць Заіра Азгура будзе аднавымерным без уліку такога кантэксту — кантэксту яго эпохі. У гэтым доме яна не толькі ўвасаблялася ў манументальныя творы, але і стваралася — літаральна “тут і зараз”, у сваіх самых жывых і пакуль “незацвярдзелых” праявах. І таму мы працягваем гэтыя працэсы, запрашаючы цікавых прадстаўнікоў культуры сваёй эпохі — тых, хто прагне творчага выказвання і мае што сказаць.

У Расіі сёння ідзе актыўная дыскусія адносна абнаўлення фармату літаратурных музеяў, і Фёкла Талстая, якая з’яўляецца супрацоўнікам музея свайго знакамітага дзядулі, таксама не баіцца самых смелых ды нечаканых ініцыятыў. Таму не магу сказаць, што мы вынаходзім кола. Хутчэй, проста рухаемся ў агульнасусветным напрамку, знаходзячыся, у той самы час, у сваёй прасторы — прасторы беларускай культуры.

Сапраўды, сёння многія калегі ўсведамляюць, што пашырэнне музейных вымярэнняў праз стварэнне тых або іншых разнастайных мультыдысцыплінарных праектаў у наш час становіцца папросту непазбежным. Але самае галоўнае — не апускаць планку. Важна, каб той новы кантэнт, які мы прапануем аўдыторыі, не быў “салонам”, кітчам, камерцыйнай “аднадзёнкай”. А таксама і самадзейнасцю. Сама музейная прастора патрабуе сур'ёзнага падыходу.