"Пазбыцца мітусні, каб паспець аддзячыць"

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Людміла ЛЕБЕДЗЬ, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
— Цікава, ці ўсе чытачы “К” ведаюць гісторыю прафесійнага свята работнікаў культуры, якая, між іншым, пачалася акурат пятнаццаць гадоў таму? Ва ўсялякім выпадку, нагадаць будзе не лішнім.

/i/content/pi/cult/449/9400/4-3.jpeg

У чэрвені 1998 года адбыліся парламенцкія слуханні па тэме ўдасканалення заканадаўчай базы ў галіне культуры. У ліку запрошаных быў і тагачасны дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра Марк Аляксандравіч Коп. Выступаючы з высокай трыбуны, ён прапанаваў заснаваць прафесійнае свята для работнікаў культуры. Маўляў, ніводная ўрачыстасць без нас не абыходзіцца, а вось сваёй уласнай — дасюль не маем.

Падобная ідэя лунала ў паветры яшчэ з савецкіх часоў, ды ўсё ніяк не магла ўвасобіцца. Але гэтым разам прапанова вельмі хутка знайшла водгук, і ўжо ў кастрычніку таго самага года мы ўпершыню адзначалі Дзень работнікаў культуры.

Уласна, гэта я да таго, што само сабой нічога не здараецца — за кожнай з’явай альбо падзеяй у нашай беларускай культуры стаяць канкрэтныя постаці. І нярэдка бывае так: з’явы застаюцца, а вось імёны іх стваральнікаў нібыта зацярушваюцца “пылам гісторыі”. Гэта несправядліва.

Вось яшчэ прыклад. Адным з нумароў урачыстага канцэрта, які наступстваваў цырымоніі ўручэння Дзяржаўных прэмій “За духоўнае адраджэнне” і Спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за 2012 год, была “Мяцеліца” ў выкананні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Гэты яскравы танец можна ўбачыць і ў рэпертуары шматлікіх аматарскіх калектываў з усёй краіны. Але падазраю, што далёка не кожны яго выканаўца, не кажучы ўжо пра гледачоў, ведае імя аўтара пастаноўкі: гэта Ларыса Дзмітрыеўна Ляшэнка  — адна са стваральніц ансамбля песні і танца “Нёман”. Звесткі пра яе можаце нават не шукаць у Інтэрнэце: амаль нічога не знойдзеце. Зрэшты, неўзабаве будзе добрая нагода згадаць пра ейныя заслугі: налета споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння гэтага выбітнага харэографа.

Імёны некаторых мэтраў, каго ўжо няма з намі, афіцыйна ўвекавечаны ў назвах тых калектываў, якім яны ахвяравалі значную частку жыцця. Прыкладам, народны цымбальны аркестр Смаргонскага РДК носіць імя свайго стваральніка — заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандра Дзяругі. Ды, на жаль, такія адзінкавыя прыклады пакуль не сталі тэндэнцыяй.

Але ж нашай удзячнасці заслугоўваюць не толькі тыя ветэраны культуры, хто ўжо сышоў у іншы свет, але і тыя, хто жыве сярод нас — і дагэтуль працуе на сваёй ды нашай ніве. Так, творчыя людзі не ведаюць, што такое пенсія: яны працуюць столькі, колькі могуць дыхаць. Вось і згаданы ўжо Марк Аляксандравіч па-ранейшаму з’яўляецца супрацоўнікам метадычнага цэнтра, хоць даўно ўжо размяняў восьмы дзясятак. Натуральна, яго жыццёвы даробак не абмяжоўваецца ідэяй прафесійнага свята: ён быў сярод тых, хто фарміраваў вектар культурнага развіцця ўсяго Гродзенскага рэгіёна. Але ці шмат мы надаём цяпер увагі гэтай постаці?

На ўрачыстай імпрэзе з нагоды сёлетняга свята Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за ўклад у развіццё культуры будзе ўзнагароджаны, сярод іншых, і кампазітар-самавук Яўген Петрашэвіч — аўтар знакамітых “Залатых каласоў”. Гэты самабытны творца, якому ўжо за 80, адлюстраваў у музыцы ці не ўсю гісторыю роднага Гродна — ад Давыда Гарадзенскага і да нашых дзён. Але ці напоўніцу запатрабавана сёння яго каласальнае творчае багацце? Днямі акурат абмяркоўвалі гэтую тэму з небезвядомым этнахарэографам Міколам Козенкам — і разам прыйшлі да адмоўнай высновы. Бо сам кампазітар — чалавек вельмі сціплы, асабліва як для нашага часу. Вядома, ён гатовы падзяліцца ўсім, што мае, але... Ініцыятывы звонку пакуль не відаць.

І я нават разумею, чаму. Часта нас, работнікаў культуры, настолькі ахоплівае штодзённая мітусня, што мы забываемся на вельмі важныя рэчы, бясконца адкладваем “на потым”. Хаця трэба разумець: гэтыя імёны, іх творчасць — нароўні з нашай нацыянальнай культурнай спадчынай. Мы павінны іх зберагаць гэтак жа рупліва, як тыя ж традыцыйныя тэхнікі рамёстваў.

Вышэй я казала толькі пра дзеячаў культуры з Гродзеншчыны, бо і сама родам адтуль. Але ж такія знакавыя постаці ёсць у сучаснай гісторыі культуры не раўнуючы кожнага рэгіёна. Гэта і Іосіф Сушко з Маладзечна, і Аляксандр Рыбальчанка з Гомеля, і Анатоль Вараб’ёў з Брэста, і Іван Сірыкаў з Віцебска... Спіс можна доўжыць і доўжыць.

Напэўна, тут адразу могуць узнікнуць два пытанні. Як нам аддзячыць тым, хто закладаў падмуркі сённяшняй рэгіянальнай культуры? Як не даць іхнім творчым набыткам проста знікнуць, бы вада ў пясок? Адказы на кожнае з іх падаюцца мне відавочнымі.

Па-першае, на такіх людзей нельга забывацца (гаворка — пра газетныя артыкулы, тэлеперадачы, радыёпраграмы...). Паверце, ім ёсць пра што вам распавесці. Ды і яны лішні раз адчуюць сваю запатрабаванасць, зразумеюць, што не дарэмна трацілі жыццёвыя сілы! А па-другое... Ведаеце, сённяшнія тэхнічныя магчымасці настолькі ўдасканальваюць ды спрашчаюць фіксацыю любой інфармацыі, што стварэнне асабістага архіва творцы стала даступнай справай для кожнага метадычнага цэнтра. Ды і дадатковых фінансаў для гэтага не спатрэбіцца.

І перадусім гэтым павінны займацца людзі “на месцах” — тыя, што ў “крокавай даступнасці” ад саміх талентаў. Бо такія захады маюць і чыста практычны сэнс. Мы часта бачым сведчанні таго, што новае — гэта своечасова згаданае старое, якому ўдалося надаць сучаснае гучанне. І невыпадкова многія мастацкія калектывы сёння з задавальненнем выкарыстоўваюць той дыхтоўны, глыбокі па змесце матэрыял, што быў створаны дзесяцігоддзі таму, — пры ўсёй маёй павазе да цяперашніх кампазітараў і паэтаў...

Гэтыя багацці трэба зберагаць для нашчадкаў. Урэшце, моладзь павінна ведаць гісторыю нашай, беларускай культуры, прычым не толькі знакавых постацей нацыянальнага маштабу, але і “сваіх герояў” — з роднага райцэнтра або вёскі.

...Але перш-наперш нам трэба хоць ненадоўга забыцца на ўсю гэтую надзённую мітусню.