Кросны ў гарадской кватэры

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Пятро ЦАЛКА, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, майстар па ткацтве
Гарадская моладзь і традыцыйная культура… Здаецца, гэтыя два паняцці можна смела паставіць у антанімічны шэраг: што можа быць паміж імі агульнага? Але ж… устрымаемся. Бо само сучаснае жыццё паказвае зусім іншы варыянт развіцця падзей. Падобна на тое, што менавіта моладзь з вялікіх гарадоў у наш час становіцца той сілай, якая здатная захаваць традыцыі вясковых бабуль.

/i/content/pi/cult/449/9399/4-2.jpeg

Для вясковага чалавека традыцыйная культура — гэта частка яго звычайнага жыцця, а для гарадскога, асабліва моладзі, — “экзотыка”. Пагадзіцеся, нам заўжды хочацца паспрабаваць нешта далёкае, дзіўнае і нязведанае. Хтосьці прагне выправіцца ў вандроўку па Індыі ці Егіпце, хтосьці — пакаштаваць маракуйю або смажаных конікаў... Вось і традыцыйныя спевы ды ўмельствы можна дапасаваць да шэрагу гэткіх “дзівос”.

Вядома, вельмі прыкра называць нашу родную культуру “экзотыкай”. Але... На жаль, гэта так, бо мы, гарадскія жыхары, настолькі далёка адышлі ад сваіх каранёў... Часам здаецца, быццам нам бліжэй культура нейкіх абарыгенаў з Афрыкі, чым родная. Ды і сцэнічныя ўвасабленні фальклору часцей за ўсё можна назваць хіба пародыяй на яго.

Але ж сітуацыя спакваля выпраўляецца. Калектывы, якія бяруць за аснову менавіта тыя вясковыя спевы, што паказваюць сапраўдную беларускую культуру, у Гомелі ўжо не рэдкасць. Як і людзі (ад “першаклашак” да сталага ўзросту), якія прыходзяць у наш музей, каб навучыцца ткацтву. Ведаю нават тых, хто трымае ў сябе дома... Што б вы думалі? Не, не экзатычную марскую свінку і не папугая ара, а сапраўдны ткацкі стан, які грукае на ўсю хату ў цэнтры Гомеля, нібыта не звяртаючы ўвагу на тое, што на вуліцы ХХІ стагоддзе.

Многія прадстаўнікі гарадской моладзі не абмяжоўваюцца толькі цікавасцю да дзівосных вясковых традыцый — яны самі становяцца іх пераемнікамі. Таму апошнім часам наша традыцыйная культура набірае новыя абароты. Ці можна назваць гэтае захапленне павярхоўным? Падаецца, тут варта памятаць: гарадскі аматар “традыцыйнай экзотыкі” проста вяртаецца да сваіх каранёў — прызабытых, таямнічых і таму інтрыгоўных. Менавіта сваіх.

Урэшце, некаторыя з такіх маладых людзей звязваюць сваё жыццё з культурай, балазе тут яшчэ “поле не ўзаранае”… Менавіта моладзь са сваім імпэтам ды цягавітасцю да нечага новага можа на свае плечы ўзняць і панесці гэты цяжар. Ды не проста панесці, а — пабегчы, з прыскокамі ды іншымі выкшталцонымі фігурамі. Трапляючы ў сферу культуры, рамантык, які жыве ў кожным з нас менавіта ў такім узросце, пачынае не проста працаваць, а ператвараць сваю працу ў жыццё — сваё і жыццё ўсіх, хто знаходзіцца побач.

І самае галоўнае тут — слова жыццё. Але ж не трэба забываць і пра ўмовы, у якія трапляе малады спецыяліст са сваімі рамантычнымі поглядамі, пра яго першае месца працы. Мне вельмі пашанцавала з такім “палігонам”: гэта Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. “Не на камень упала зярнятка”, таму адразу і ў рост пайшло. Гледзячы на сваіх старэйшых калег, а галоўным чынам — на дырэктара Галіну Рыгораўну Нячаеву, разумееш: альбо ты працуеш на ўсе 100% і нават больш, альбо табе тут месца няма.

Азіраючыся на больш чым трыццацігадовую гісторыю музея, прыходзіш да высновы: менавіта маладосць у тыя далёкія 70-я зрабіла гэтую грандыёзную справу, гэты сапраўдны цуд. Без запалу, імпэту, цягі да ўсяго новага ён быў бы проста немагчымы. І сёння мы, новая “маладая гвардыя”, можам з гонарам казаць, што працуем у адзіным на Беларусі раённым музеі, які мае свой філіял у абласным цэнтры…

Так, многія ўзнялі б тут тэму пра заробкі і астатнія праблемы работнікаў культуры, але калі ты малады, дык разумееш, што не гэта ў жыцці галоўнае. Ты не хочаш глядзець на рэаліі “цвяроза”, але прагнеш аддана спасцігаць таямніцы сваёй працы, тварыць, ствараць, жыць.