Калі этна — плюс у эканоміку культуры

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
У чым падабенства і розніца стаўлення да ўласнай этнакультуры суседніх народаў: літоўцаў і беларусаў? Пытанне праясняецца, калі наведаць у верасні два фэсты: “Вяртанне да вытокаў” на Гродзеншчыне і “Tautu muge” ў Вільнюсе.

/i/content/pi/cult/449/9398/4-1.jpeg

Вось Вільнюс. У верасні тамтэйшы праспект Гедыміна ажыўляецца “Tautu muge”: ідзе традыцыйны “Кірмаш нацый”. У канцэпцыі форуму асветніцтва спалучаецца з турбізнесам, аховай культурнай спадчыны і развіццём прыватнага сектара эканомікі. Сёлета (акрамя продажу прадметаў мастацтва ды народных промыслаў) турыстаў і вільнюсцаў чакалі спаборніцтвы па марафоне, спектакль вогненных скульптур ды піратэхнічныя шоу, навуковая канферэнцыя, а таксама канцэрты артыстаў з усёй Літвы, польскага Гданьска, рускай, украінскай, нямецкай, грэчаскай дыяспар. Спецыяльна запрошаныя былі і беларусы — носьбіты традыцый беларускай дуды, што аднаўляюцца, і аўтэнтычных спеваў — гурт “Ветах”.

А гэта ўжо Гродзенскі раён. Фэст “Вяртанне да вытокаў”, які сёлета ўпершыню развітваўся са жніўнем і сустракаў верасень — пакуль больш камерная і менш маштабная падзея, але — таксама недвухсэнсоўнае сведчанне шанавання мясцовай каранёвай культурнай традыцыі і разумення яе “немузейнасці”, упісанасці ў святочныя і камерцыйныя “структуры паўсядзённасці”. Тое і не дзіўна, бо Ігару Лябецкаму, які курыраваў фэст ад мясцовых улад, дапамагалі ў правядзенні апошняга выпускнікі факультэта традыцыйнай культуры Універсітэта культуры і мастацтваў — Ірына Гарчычка і Антон Янкоўскі.

Сведчанне прадуманай падрыхтоўкі — нават абранне месца для фэсту: аграгарадок з гаючай і “смагазадавальняючай” назвай "Квасоўка". Па сваіх напрамках — сустрэча з мастацтвам вуснай традыцыі (мясцовыя калектывы “Адэльчанка”, “Парэчанка”, “Матуліна песня” і мінскія “Капэла на таку”, ізноў жа, “Ветах”); гандаль вырабамі носьбітаў мясцовых традыцыйных промыслаў і рамёстваў (панямонская кулінарыя ад кухараў з Адэльска, Індуры, Гожы, Луцкаўлян, народныя музычныя інструменты ад дудара і майстра Мар’яна Скрамблевіча); знаёмства з турыстычнымі і культурнымі помнікамі Гродзенскага Панямоння (легендарным Свята-Барысаглебскім (Каложскім) храмам, Аўгустоўскім каналам, палацам Валовічаў, старажытнымі цэрквамі і гатычнымі касцёламі) — малады гродзенскі фэст відавочна суадносіцца з віленскім калегам-доўгажыхаром.

Розніца — у маштабах, памерах фінансавага абароту і ступені заканадаўчай ды нарматыўнай прапрацаванасці фестывальнай і экатурыстычнай дзейнасці, якія ў нас, на жаль, яшчэ павінны ўдасканальвацца.

Напрыклад, на “Tautu muge” мёд, сыр, піва, садавіна, гародніна, мяса і рыба, па-народнаму апрацаваныя ды прыгатаваныя, суседнічаюць з бурштынам, разьбой па дрэве, апрацоўкай металу, традыцыйнымі лекамі, паляўнічымі трафеямі, керамікай і тэкстылем (вырабам якіх не грэбуюць выпускнікі мясцовай Акадэміі мастацтваў). Дзве тысячы рамеснікаў, мастакоў, фермераў, якія спецыялізуюцца на нацыянальнай кулінарыі, сёлета ўзялі ўдзел у “Кірмашы…”. Паводле яго ўмоў, прадметы і прадукты мусяць быць зроблены як з выкарыстаннем старых тэхналогій, так і ў адпаведнасці з найновымі, але павінны захоўваць характарыстыкі ды якасны склад народнага мастацтва і рэцэптуры. Тады — яны маюць сертыфікат і лепш прадаюцца. Гандаль на кірмашы — занятак прыбытковы, і ўдзельнікі апошняга плацяць за месца ад 130 літаў (блізу 500 тысяч рублёў) да 500 еўра за тры дні. Кошты — нізкія, прывабліваюць шмат пакупнікоў. З дапамогай “Кірмашу нацый” практыкуецца захаванне народных рамёстваў, кулінарыі і каранёвых жанраў мастацтва Літвы, а Вільнюс застаецца адным з гарадоў свету, паток замежных турыстаў у які ўвесь час узрастае. Відавочна, што з гэтага не сорамна браць прыклад арганізатарам беларускіх форумаў этнакультуры.