Як павысіць прэстыж работніка культуры?

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Менавіта на гэтае, хоць і банальнае, але няпростае і ўжо хранічна хваравітае, пытанне мы папрасілі адказаць людзей, для якіх праца ў сферы культуры стала неад’емнай часткай жыцця. Такія, як яны — самаадданыя і няўрымслівыя, — да драбніц ведаюць, чаго варты клопат па захаванні ды развіцці нацыянальнай духоўнай спадчыны, якім няпростым бывае шлях да сэрца і душы слухача ды гледача… Хоць збольшага і вядомы адказ на пытанне, вынесенае ў загаловак, але не грэх паўтарыцца, тым больш — напярэдадні Дня работнікаў культуры.

Валерый ГЕЙХМАН, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама:

/i/content/pi/cult/449/9397/3-7.jpeg— Прэстыж работніка культуры — у павазе да яго. Больш нічога не патрэбна! Праўда, павага проста не даецца… За што паважаюць? За якасць працы. Будзе ў клубе ці бібліятэцы цікава, значыць і мясцовае кіраўніцтва — старшыні сельсаветаў, дырэктары сельскагаспадарчых арганізацый — стане да такога работніка культуры прыслухоўвацца.

Калі машуць зневажальна рукой “А-а-а, гэта аддзел культуры нарабіў…” — адна справа. А калі радуюцца ў захапленні “Ого, што аддзел зрабіў!” — зусім іншая. Прынамсі, у Ельскім раёне культура працуе не па першай схеме, а па другой…

Канкрэтызую. Калі мерапрыемства якаснае, не фармальна падрыхтавана, а з душой, калі за кожным крокам работніка культуры — прафесіяналізм, значыць працуе ён на ўласны прэстыж…

 

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы:

/i/content/pi/cult/449/9397/3-8.jpeg— Нацыянальная культуры — гонар любой дзяржавы. Народная творчасць нацыянальнай культуры — гонар двайны. З вытокаў народнай творчасці бярэ пачатак і прафесійнае мастацтва. Маю на ўвазе спевакоў, харэографаў, тэатральных акцёраў, мастакоў. Словам, работнікі Цэнтра адказваюць, ахоўваюць, зберагаюць і ўсяляк развіваюць беларускія народныя традыцыі. Ці ж не ў гэтым прэстыж нашай прафесіі?..

І беларускія мастацкія традыцыі — не музейны экспанат. Яны працуюць, арганічна ўпісваюцца ў сучаснасць. Да прыкладу, на фестывалі “Залаты шлягер” дзейнічае Горад майстроў… Лічу, што за апошнія гады дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Магілёўшчыны зрабіла прарыў, і на сёння рамесніцтва “задыхала” больш вольна, давяла ўладам сваю выключную патрэбнасць. Таму і падтрымлівае аблвыканкам любое пачынанне народных майстроў. І ў гэтым — таксама прафесійны прэстыж…

 

Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы!

Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце у каментарыях да артыкулаў на нашым сайце kimpress.by ды на facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressby, twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"