Вандроўкі па кнізе і свеце

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысуджана па выніках мінулага года дырэктару сеткі публічных бібліятэк Жодзіна Тамары ЧАРНОВАЙ за ўкараненне новых тэхналогій і выкарыстанне інавацый у арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва.

 /i/content/pi/cult/144/939/Bibliyatekar.jpg
— Тамара Паўлаўна, калі ўпершыню прыехала да вас, дык і здзівілася, і пераканалася: сучасная бібліятэка — цэлы свет, і сканцэнтраваны ён у вашай гарадской цэнтральнай бібліятэцы не толькі ў звычайных кнігах…
— За гэта і далі нам прэмію, што бібліятэка — не толькі кніжны збор. Ёсць у нас і 800 кампакт-дыскаў — нашы фонды на электронных носьбітах.
— Што гэта за інфармацыя?
— Звычайная, але вельмі неабходная сёння для ўсіх. Мы ўжо цягам пяці гадоў укараняем новыя камп’ютэрныя і інфармацыйныя тэхналогіі. У нашай мультымедыйнай зале вы ўбачыце і самыя сучасныя тэлевізар і камп’ютэр, і DVD-прайгравальнік... Калісьці інфармацыя захоўвалася на гліняных дошчачках, папірусах і берасцяных граматах, а цяпер — на лазерных дысках!
— І што захоўваецца ў першую чаргу?
— Энцыклапедыі — ад філасофскіх да даведнікаў для хатніх гаспадынь. Амаль у кожны дом прыйшлі камп’ютэры, і наш чытач наўпрост можа звязацца з бібліятэкай, знайсці, што яму неабходна. Заўжды прыходзім на дапамогу.
— Інфармацыя інфармацыяй, але і звычайная кніга — не на другім плане?
— Натуральна, але і патрэбы часу не ігнаруем, паважаем кожнага свайго наведвальніка... І няблага зарабляем на бібліятэчных камп’ютэрных паслугах. 40 мільёнаў рублёў — вельмі важкі гадавы вынік узаемакарыснага супрацоўніцтва з сучасным чытачом. Менавіта для гэтага мы набылі ў свой час новыя камп’ютэры, лазерныя дыскі, іншую сучасную тэхніку, якая здольная захоўваць інфармацыю 50 — 100 гадоў.
— Колькі ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы чытачоў?
— Амаль 12 тысяч. Мы ўлічваем, што маладым людзям сёння вельмі цікавая, напрыклад, інфармацыя па псіхалогіі, па этыцы. Натуральна, яе лёгка можна знайсці ў нашых фондах.
— Агульная колькасць кніг?
— 90 тысяч. Для нашага горада — норма. Але кніжны фонд пастаянна папаўняем. І за кошт заробленых грошай, і за кошт бескарыслівых дароў. Хтосьці з нашых сяброў пераязджае ў другі горад — лішнія кнігі перадае нам. Пастаянна ахвяруецца літаратура і з асабістых калекцый. Кніжныя дарункі бываюць вельмі шчодрыя.
— Ведаю, што пры бібліятэцы дзейнічае клуб аматараў кнігі...
— І дарыльшчыкаў! Мы час ад часу збіраем гэтых мецэнатаў разам, вельмі даражым такім плённым сяброўствам. Усе чытачы без выключэння— дапытлівыя і цікавыя асобы.
— Тамара Паўлаўна, не магу не запытацца: а вы, як чытач, якім кнігам аддаяце перавагу?
— Вы, напэўна, здзівіцеся: гэта перш за ўсё юрыдычная і эканамічная літаратура. Трэба паспяваць за часам. Мастацкая бібліятэка ў мяне і дома неблагая... Люблю Пушкіна — хто ж яго не любіць. Чытаю з задавальненнем апавяданні Чэхава. З замежных пісьменнікаў на першым месцы — Лопэ дэ Вега. А яшчэ захапляюся жаночым раманам. На мой погляд, яго каралева — сучасная французская пісьменніца Журат Макнот.
— У залах вашай бібліятэкі заўжды выступаюць беларускія паэты і празаікі. Хто з іх асабліва запомніўся?
— Вельмі ўразіла творчасць паэтаў Леаніда Дранько-Майсюка і Валянціны Паліканінай. Пасля цікавых творчых вечароў яны для Жодзіна сталі роднымі. Зрэшты, ніхто з беларускіх творцаў яшчэ не адмовіўся ад запрашэння наведаць нашу бібліятэку, сустрэцца з чытачамі, пачытаць новыя творы.
— І яшчэ адна выключная адметнасць вашай бібліятэкі — дзякуючы камп’ютэрным магчымасцям любы чытач можа павандраваць і па Беларусі, і па іншых краінах...
— Канешне! Гэта так званы віртуальны турызм. Да паслуг чытачоў — 150 турсайтаў. Заходзьце да нас — і зможаце павандраваць па краіне, у якой вы ніколі не былі!

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА
На здымку: дырэктар сеткі публічных
бібліятэк у Жодзіне Тамара Чарнова.