Ад краязнаўства — да радзімазнаўства

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Алесь Карлюкевіч — не пасынак на ніве прыгожага пісьменства. Кнігі аўтара “Зацітава Слабада”, “Сцежкамі Ігуменшчыны”, “Знічкі Айчыны”, “Далёкія і блізкія суродзічы” (пра знойдзеных у свеце землякоў), “У лучнасці братняй” (старонкі пра сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі народаў іншых краін), “І марам волю дам” — гэта шырокі краязнаўчы досвед у самых розных формах жыццядзейнасці ў спазнанні гісторыі роднага краю. І вось што важна. Напісанае Карлюкевічам — з разуменнем духоўных каштоўнасцей Айчыны, выпрацоўка якіх абумоўлена сацыяльна-гістарычнымі прычынамі часу. Чырвонай ніткай праходзіць у даследаваннях пісьменніка думка: генетычная сувязь чалавека і прыроды (сінтэз прыроднага і народнага) злучана з духоўным светам асобы.

/i/content/pi/cult/448/9389/14-3.jpeg

Мікратапанімія вёсак Пухавіцкага раёна, структурна-семантычныя характарыстыкі каузальных словазлучэнняў рэгіёна з яго асаблівасцямі мовы, літаратуры, фальклору — усё гэта бярэцца Алесем Карлюкевічам як сацыякультурны і гістарычны кантэкст. Больш за тое: засяродзіўшы ўвагу на сістэме каштоўнасных ідэалаў, Алесь Карлюкевіч вызначыў у сваіх творах умовы аптымальнага развіцця светапогляду чалавека, сфарміраваў сваю этычную канцэпцыю.

Канцэпцыя самасцвярджэння асобы літаратурнымі героямі твораў празаіка-публіцыста ў межах культурна-асветніцкай парадыгмы павялічылася, узрасла, калі Карлюкевіч звярнуўся да жанру казкі, увёў чытача ў кола грамадскіх праблем, не адыходзячы ад маральна-эстэтычных прынцыпаў, грамадзянска-патрыятычнага пачатку, гуманістычных ідэй, афарбаваўшы ўчынкі герояў у танальнасць дабрачыннасці.

У новай кнізе казак, адрасаваных дзецям малодшага школьнага ўзросту, аўтар спрычыніўся да праблем экалогіі і культуры, стаў збіральнікам народнай памяці, выявіўшы суадносіны з сучаснасцю як фактар пераемнасці пакаленняў, даў повязь часоў у кантэксце шырокай сусветнай геаграфічнай прасторы.

Герой кнігі “Прыгоды Шубуршына” (выдавецтва “Звязда”, 2013 г.) калабок Шубуршын дапамагае пяцікласніцы Верачцы далучыцца да жыватворных крыніц духоўнага ўзбагачэння (паэзію Янкі Купалы трэба ведаць!), складае свой самаробны падарожны атлас, захапляецца маляваннем. “Малеча перажываў з-за таго, што ўслых і сказаць баяўся. Малюючы са слоў Веранікі і яе настаўнікаў Афрыку, Азію, Каракумы, Сахару, Ціхі акіян і шмат што яшчэ, ён марыў, што некалі па сваіх малюнках здзейсніць сапраўднае падарожжа”.

Гэта завязка твора.

Рыхтуючыся да падарожжа, Шубуршын напачатку пазнаёміўся з запаведнымі мясцінамі прыгожага Мінска (“Шубуршын становіцца веласіпедыстам”), затым прадоўжыў вандроўку па знакамітай Свіслачы (раздзел “Як Шубуршын па Свіслачы падарожнічаў”)
на лодцы-трэсачцы…

І нават парашутыстам пабываў наш герой з дапамогай лагоднага павучка. Павучок-канатаходзец з вышыні свайго палёту дапамог Шубуршыну ўбачыць яго малую радзіму, агорнутую ціхмянай Балачанкай-ракой (раздзел “Шубуршын збіраецца стаць парашутыстам”).

“У звычайным — незвычайнае” — этычны прынцып Алеся Карлюкевіча замацоўваецца на працягу знаёмства героя з побытам народаў Грэцыі, Егіпта, Індыі. “Наступным за Індыяй адрасам стала Канада, дзе Шубуршын паспеў перакінуцца слоўцам са старым гіганцкім асятром. Таму ўжо было пад 150 гадоў, і даўжыня яго складала шэсць метраў. Асётр, пазнаёміўшыся з Шубуршынам, доўга дзівіўся яго падарожнай адвазе і смеласці”.

Літаратурны прыём Карлюкевіча (знаёмства Шубуршына з краінамі свету) праз сон нашага лодачніка-падарожніка на хвалях Свіслачы — акт сацыяльнай ідэнтыфікацыі героя праз фактар-метафару камунікатыўнай практыкі пазнання.

Увогуле, метадалогія аўтарскага падыходу Алеся Карлюкевіча дазваляе яму абагуліць вынік з жыццёвых рэалій на падставе факталагічнай асновы адлюстраваных падзей у казцы.

І гэта не перабольшанне. Праз жанр казкі Алесь Мікалаевіч паказаў, як фарміруюцца асновы чалавечай асобы, базавых сацыяльных адносін (сустрэча Шубуршына з дзядулем Фенолагам, размова з дэльфінам).

Узняўшы праблему экалогіі і культуры, Алесь Карлюкевіч у сваёй новай кнізе пра прыгоды Шубуршына адкрыў маленькаму чытачу свет дабрыні, зрабіўшы наступны крок ад краязнаўства да радзімазнаўства.

Браніслаў ЗУБКОЎСКІ, ветэран педагагічнай працы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Мар'іна Горка