Іерогліфы "ведаў"

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Першыя бібліятэкі ў Кітаі з’явіліся яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Вядома ж, у першую чаргу яны былі скіраваны на захаванне важных дакументаў, у тым ліку радаводу імператарскай сям’і, распараджэнняў ды ўказаў кіраўніцтва краіны, запісаў са звесткамі пра важныя падзеі ды незвычайныя прыродныя з’явы.

Каб лепш арыентавацца ў гэтым моры папер, іх пачалі размяшчаць у храналагічным парадку і па адпаведных катэгорыях. Што і казаць, нават самыя раннія бібліятэкі Кітая насілі сістэмны характар і сталі вынікам свядомага збору ды выкарыстання пісьмовай спадчыны.

На думку даследчыкаў, у гісторыі Кітая маецца нямала цікавых для гісторыі бібліятэк, улічваючы тое, што ўсе імператарскія дынастыі будавалі ўласныя бібліятэкі ды архівы для захоўвання літаратурных скарбаў і афіцыйных дакументаў. Аднак публічных бібліятэк у Кітаі не існавала да канца ХІХ стагоддзя. І нават пасля бібліятэчнае абслугоўванне расло павольна ды спарадычна. Мяркуйце самі: у 1949-м у краіне было ўсяго пяцьдзясят пяць публічных бібліятэк, большасць з якіх размяшчалася ў буйных гандлёвых цэнтрах.

Пасля стварэння Народнай Рэспублікі кіраўніцтва краіны імкнулася развіваць спектр бібліятэчных паслуг і зрабіць іх даступнымі па ўсёй краіне. Адпаведны нацыянальны закон 1957 года паспрыяў стварэнню двух нацыянальных бібліятэчных цэнтраў, адзін з якіх размясціўся ў Пекіне (сёння гэта Нацыянальная бібліятэка Кітая), а другі — у Шанхаі (Шанхайская бібліятэка). Акрамя таго, было створана дзевяць рэгіянальных бібліятэчных сетак.

Тым не менш, нават з прыняццем згаданага закону бібліятэк было відавочна мала, а тыя з іх, што былі даступныя шырокай грамадскасці, маглі прапанаваць вельмі абмежаваны выбар літаратуры і паслуг.

/i/content/pi/cult/448/9385/13-1.jpeg

Кіраўнікі ўрада, звязваючы малую колькасць бібліятэк з асноўнай перашкодай для мадэрнізацыі эканомікі, на пачатку 1980-х паспрыялі развіццю бібліятэчнага абслугоўвання. У выніку гэтых намаганняў у 1986 годзе ў Кітаі налічвалася ўжо больш за 200 000 бібліятэк, у тым ліку Нацыянальная і шэраг розных грамадскіх, адукацыйных, навуковых і ваенных бібліятэк. У кітайскіх вышэйшых навучальных установах таксама былі створаны навуковыя бібліятэкі або адпаведныя аддзелы. У бібліятэках на той момант было акумулявана амаль 256 000 000 экзэмпляраў кніжнай прадукцыі.

Па стане на канец 2004 года ў Кітаі публічныя бібліятэкі валодалі калекцыяй са звыш 400 мільёнаў друкаваных адзінак. Пры гэтым Нацыянальная бібліятэка Кітая з калекцыяй з больш чым 26 мільёнаў тамоў з’яўляецца найбуйнейшай у Азіі і мае самую вялікую калекцыю кітайскіх кніг у свеце.

Першыя электронныя выданні паступілі ў фонды Кітайскай нацыянальнай бібліятэкі ў 1987-м. Цяпер завяршаецца фарміраванне агульнанацыянальнай сеткі лічбавых бібліятэк, якая аб’яднае ўсе мясцовыя бібліятэкі і цэнтрам якой стане Нацыянальная лічбавая бібліятэка Кітая.

І яшчэ адзін цікавы факт. Сёння сярод жыхароў Кітая самаабслугоўванне ў бібліятэках становіцца ўсё больш папулярным. Так, у Пекіне летась адкрылася 50 пунктаў кругласутачнай выдачы кніг з вендынгавага аўтамата, а яшчэ 100 плануецца адкрыць у бліжэйшы час. Кожны гіганцкі аўтамат-бібліятэка памерам з тры аўтамабілі змяшчае 400 кніг, якія можна браць і вяртаць у любы зручны час, нават ноччу. Чытач можа ўзяць да пяці кніг на тэрмін да чатырох тыдняў за адзін раз. Калі ў “мабільнай” бібліятэцы не будзе хапаць кніг ці аўтамат сапсуецца, сігнал пра гэта паступіць у публічную бібліятэку праз цэнтры апрацоўкі даных.

Хто ведае, магчыма, гэтае ноу-хау зацікавіць і беларускія бібліятэкі.

Ло ЯНЬ, студэнт 3-га курса Інстытута журналістыкі БДУ