Нашы ў Малдове: арт-рынак і мова

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Знайсці ключы да сэрца моладзі
Кажучы пра беларускую супольнасць у суседніх Расіі, Украіне, Польшчы ды Літве, мы часцяком забываемся на немалую колькасць суайчыннікаў, якія жывуць у Малдове. Сярод іх — бізнесмены, інжынеры і, вядома ж, творчыя людзі. Адзін з іх — мастак Вячаслаў ІГНАЦЕНКА, чыя выстаўка “Калейдаскоп” улетку прайшла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Пасля адкрыцця праекта мастак разам з намеснікам старшыні беларускай грамады ў Малдове, кіраўніком беларускай нядзельнай школы ў Кішынёве, культуролагам Ганнай МАЗУР пабываў у Інфацэнтры “Культура-інфа”.

/i/content/pi/cult/448/9382/12-1.jpeg

В.І.: — Стараюся наведваць родны край хаця б раз на год, пабачыцца з роднымі ды сябрамі. Знаходзячыся на Беларусі, імкнуся пабываць і ў сталічных музеях ды галерэях. Калі ж казаць аб праектах, то, сапраўды, раней мае выстаўкі праходзілі на Беларусі. Сёлетняя ж — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва — зусім іншы ўзровень. Спадзяюся, яна спадабалася мінчанам. На жаль, ажыццяўляць такія праекты больш часта — вельмі дарагое задавальненне, улічваючы тое, што сам вымушаны быў аплачваць транспартныя выдаткі…

— Пад час адкрыцця выстаўкі вы зазначалі, што перыядычна ўдзельнічаеце ў пленэрах. Ці бывалі з гэтай нагоды ў Беларусі?

В.І.: — На жаль, у беларускіх пленэрах ніколі не ўдзельнічаў. Відавочна, што тая тысяча кіламетраў з лішкам, якая падзяляе Мінск і Кішынёў, — вялікая перашкода для актыўнага ды плённага супрацоўніцтва паміж мастакамі мітраполіі і дыяспары. З іншага боку, усё трымаецца на асабістых кантактах, і калі цябе не ведаюць, то, адпаведна, не будуць запрашаць паўдзельнічаць у праектах, якім бы таленавітым ты ні быў. У гэтай сувязі, хацелася б пад час прыездаў наладжваць супрацоўніцтва з мастакамі ды галерэямі абласных і раённых цэнтраў.

— Наколькі актыўнае выставачнае жыццё ў Малдове?

В.І.: — Надзвычай актыўнае! Я нават на ўсе адкрыцці выставак не паспяваю хадзіць!

Але большасць выставачных праектаў у Малдове — саматужныя, якія часцей за ўсё праводзяцца ў бібліятэках. А вось буйных мастацкіх галерэй, акрамя залы Саюза мастакоў, у Кішынёве і няма.

Тым не менш, удзельнічаю ва ўсіх групавых выстаўках Саюза мастакоў Малдовы, не першы год з’яўляючыся сябрам арганізацыі. У Малдове заўсёды падкрэсліваюць, што я — беларускі мастак, тым больш, цікавасць да нашай краіны ў Кішынёве — вялікая, а яе імідж — высокі.

 — А ці шмат увагі з боку грамадства прыцягваюць мастацкія праекты?

В.І.: — У тым і справа, што мастакі, у сваёй большасці, ладзяць выстаўкі для сябе ды сяброў. На наступны дзень пасля адкрыцця часцяком можна назіраць пустыя залы… Праўда, маюцца і выключэнні. Да прыкладу, у той жа Нацыянальны музей прыроды і этнаграфіі, дзе я ў свой час прадстаўляў выстаўку, людзі ходзяць, бо там — цікавая інтэрактыўная экспазіцыя.

— А беларуская грамада ў Малдове падтрымлівае творчыя ініцыятывы сваіх суайчыннікаў?

Г.М.: — Натуральна! Стараемся падтрымліваць і маральна, і матэрыяльна. Тыя ж буклеты да выставак Вячаслава Міхайлавіча зроблены за кошт нашай абшчыны. Скажу шчыра: без падтрымкі мастаку вельмі цяжка. Так склалася, што ў Малдове, як і ў многіх постсавецкіх краінах, творца вымушаны дзейнічаць ды змагацца сам па сабе. Паўнавартаснага арт-рынку няма як у Беларусі, так, тым больш, і ў Малдове. Словам, бракуе неабходнай інфраструктуры: ні дылераў, ні дастатковай колькасці галерэй, ні адпаведных СМІ.

— Як вы трапілі ў Малдову?

Г.М.: — Што да мяне, то калі б мне хтосьці гадоў дзесяць таму сказаў, што я пераеду са свайго роднага Мінска ў Кішынёў, не паверыла б! У мяне ўсё добра складвалася дома: залаты медаль пасля школы, на “выдатна” абаронены дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, перспектыўная прапанова па працы… Але — выпадковае знаёмства з добрым малдоўскім хлопцам перарасло ў шчырае вялікае, не падуладнае ніякім межам пачуццё і перанесла мяне, карэнную мінчанку, да не менш карэннага кішынёўца.

Потым, неяк абсалютна натуральна, пачынаеш шукаць сваіх, сваіх па духу, па мове, па адметных і непаўторных аўтэнтычных рысах, уласцівых толькі тым, хто, як і ты, мае адну Радзіму, і імя ёй — Беларусь! Так я і знайшла “сваіх” у беларускай грамадзе Рэспублікі Малдова.

 — Колькі слоў пра арганізацыю, калі ласка.

Г.М.: — Грамада існуе ўжо амаль дваццаць гадоў. Увосень будзем святкаваць наш юбілей. За гэты час арганізацыя аб’яднала сотні беларусаў, якія па волі лёсу трапілі ў Малдову. Афіцыйна ў грамаду ўваходзіць каля трохсот чалавек. Сярод членаў суполкі шмат творчых асоб: выдатныя мастакі, паэты, спевакі, музыканты і кампазітары. Прыходзяць да нас і прадстаўнікі бізнесу, дзяржаўныя служачыя, праграмісты… Аднак усе тут сябе пачуваюць камфортна, таму што нас аб’ядноўвае любоў да роднай Беларусі.

Усяго ж у Малдове — восем этнакультурных аб’яднанняў землякоў. У свой час быў створаны Каардынацыйны савет беларускіх суполак Малдовы пры Пасольстве нашай краіны.

— Які галоўны прафесійны клопат у вас як намесніка старшыні арганізацыі беларусаў Малдовы?

Г.М.: — Перад нашай супольнасцю стаіць вельмі сур’ёзная праблема працы з моладдзю. Наш актыў, у пераважнай большасці, — людзі сталага веку. Маладыя людзі, калі і прыходзяць, то вельмі рэдка. Тое ж можна сказаць і пра дзяцей, якія неахвотна наведваюць нашы мерапрыемствы са сваімі бабулямі.

Аднаўленне дзейнасці беларускай нядзельнай школы, якая размясцілася ў Пасольстве, трохі змяніла сітуацыю ў лепшы бок. Але, відавочна, гэтага мала. Я ўжо неаднойчы казала пра стварэнне маладзёжнай беларускай фармацыі ў Малдове. Без гэтага супраціўляцца асіміляванню вельмі цяжка. Трэба ўлічыць, што дзеці, дваццацігадовая моладзь у Кішынёве не ведаюць нават рускую мову, не кажучы пра нашу родную. Таму тым, хто прыходзіць да нас, даводзіцца ўсё перакладаць з беларускай мовы на малдоўскую. І тым не менш, праз колькі месяцаў дзеткі авалодваюць родным словам, пачынаюць спяваць, чытаць вершы…

— Магчыма, для прыцягнення моладзі варта больш актыўна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі і магчымасці Інтэрнэту?

Г.М.: — Безумоўна. Нам патрэбны добры сайт, насычаны разнастайным матэрыялам, у тым ліку інтэрактыўным. Але, разам з тым, трэба больш актыўна выкарыстоўваць магчымасць і тых жа квот для паступлення нашых суайчыннікаў з Малдовы ў беларускія ВНУ. Спадзяюся, што і святкаванне 20-годдзя беларускай абшчыны ў Малдове, якое будзе адзначацца ў лістападзе, прыцягне ўвагу грамадскасці і, найперш, нашых шматлікіх суайчыннікаў…

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"