"GlassНавігацыя" па шкляных пуцявінах

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Выстаўка
"Сёння вы можаце вырабіць шкляную скульптуру з дапамогай мікрахвалевай печы, можаце скарыстацца 3D-прынтарам, які падкажа вам арыгінальную скульптурную форму, але майстэрства, прафесіяналізм па-ранейшаму не страчваюць сваёй актуальнасці". Гэтыя словы славутага бельгійскага майстра Эдварда Ляйбовіча можна лічыць своеасаблівым эпіграфам да першага Міжнароднага фестывалю мастацкага шкла "GlassНавігацыя", што завяршыўся на мінулым тыдні ў Галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску.

/i/content/pi/cult/448/9379/9-7.jpeg

Падзея стала сапраўднай неспадзяванкай для айчыннай арт-публікі. Многія прызвычаіліся ставіцца да мастацкага шкла як да чагосьці ўтылітарнага, ужытковага і… кансерватыўнага. Адным словам — разнавіднасці ДПМ. Наведаўшы ж выстаўку, гледачы пераканаліся, што "традыцыйны" матэрыял не толькі валодае неабсяжным дыяпазонам выяўленчых магчымасцей, але і здатны стаць адэкватным рэтранслятарам найсучасных канцэптуальных павеваў. Бо мастацкае шкло — даўно ўжо не толькі прыгожыя вырабы кшталту вазы ды фужэра. Гэта наравістая матэрыя, якая прагне вырвацца на свабоду ды выявіць усю разнастайнасць сваіх магчымых форм. А розныя тэхнікі дапамагаюць ёй у тым.

Акурат для таго, каб паказаць невычэрпнае багацце магчымасцей "супрацоўніцтва" аўтара з матэрыялам, і быў зладжаны мінскі фестываль. Найвялікшай неспадзяванкай стала шырокае замежнае прадстаўніцтва. Арганізатары фэсту не мелі сродкаў для аплаты дарогі і пражывання гасцей, аднак тыя паставіліся да гэтага з разуменнем і ўзялі ўсе выдаткі на сябе.

"Шкляныя людзі" — гэта адмысловая "каста" сучасных творцаў, прадстаўнікі якой раскіданы па розных кутках свету. Нягледзячы на геаграфічныя адлегласці, яны даўно ведаюць адно аднаго і раз-пораз з’язджаюцца ў адну "кропку зборкі", каб папрацаваць разам, прадэманстраваць публіцы новыя творы ды падзяліцца досведам з усімі ахвотнымі. Заўсёднікамі такіх замежных форумаў з нядаўняй пары сталі і беларускія мастакі Алена Атрашкевіч ды Павел Вайніцкі. Менавіта іх намаганнямі ў свеце "шкляных людзей" сёлета з’явіўся новы тапонім — Мінск.

Ідэю спецыфічнага форуму падтрымалі Музей гісторыі горада Мінска, Беларускі саюз мастакоў, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і прыватны партнёр — галерэя шкла і керамікі “Vaiva”. Праграма ўключала не толькі выстаўкі, але і прагляды кінафільмаў, майстар-класы мэтраў, якія давалі магчымасць пазнаёміцца з рознымі праявамі, тэхнікамі ды развіццём сучаснага мастацкага шкла.

Традыцыйнае выдзіманне, выразанне алмазам, апрацоўка кіслатой — гэтыя тэхнікі па-ранейшаму “ў трэндзе”, і нельга выказаць словамі, на што здатны крохкі матэрыял у руках мастака, які яго шануе і разумее.

— Шкло — гэта асобны свет, які мае на ўвазе працу з формай, колерам, святлом. Яно можа раскрывацца нават не ў чатырох, а ў пяці вымярэннях, трэба толькі разумець яго прыроду і верыць яму, — словы Эдварда Ляйбовіча сталі своеасаблівай прэамбулай да галоўнай падзеі форму — міжнароднай выстаўкі, дзе былі прадстаўлены творы мастакоў шкла з дзевяці кран свету.

Напрыклад, работа “Карал” Варэла Веса з Фінляндыі — гэта кавалак рознакаляровага шкельца, нібыта выцягнуты з дна мора, і яго чароўную крохкасць падкрэслівае адмысловая падстаўка з цэглы. “Галюцынагены” Вольгі Сазыкінай (Беларусь) — празрыстыя шкляныя кветкі, што з’яўляюцца з кансервавых слоікаў; здаецца, яшчэ хвіліна — і яны растануць у паветры, пакінуўшы наведвальніка сам-насам з пытаннем: ці не прымроілася яму размаітае суквецце? Яшчэ адзін запамінальны кантраст — сумесная работа беларускіх мастакоў У.Кір’янчыка, К.Ракіцкай, М.Сядова, М.Валодзіна і А.Атрашкевіч — інсталяцыя “Датычная памяці”: набор сталовага начыння, дзе металічныя “галоўкі” відэльцаў і лыжак працягваюць шкляныя ручкі, захоўваючы дотык папярэднікаў. У спалучэнні з іншым матэрыялам шкло толькі падкрэслівае свае “здольнасці” ды прыцягальнае хараство.

Іншы паварот — шкло як “музыка сфер”, дзе сутыкаюцца колеры і фактуры.

У гэтым рэчышчы вылучаюцца літоўскія майстры. На выстаўцы прадстаўлены творы Індрэ Стулгайтэ-Крукіене “Хутар”, дзе ў маленькіх дамках “жывуць” маленькія “бурбалкі” святла, “Камяні Марса” — з іх касмічна-бірузовым начыннем. Нельга забыцца на “Захад” славутага Рэмігуса Крукаса, дзе ў шурпатым марыве патыхае-разліваецца рудое сонца. Аднак поспехі робяць і беларусы: сумесная работа Д.Жаўтаровіча, А.Аляксейчык, У.Кір’янчыка, Е.Крыштопіка “Канфлікт чорнага”  — гэта прыгожая дуэль чорнага і празрыста-нефрытавага, выяўленая, нават абмежаваная, геаметрыяй форм.

Што яшчэ можа дазволіць сабе шкло? Якія свавольствы? Ды ўсе, якія пажадае майстар: напрыклад, “скурчыць грымасу” (як у творы таго ж Ляйбовіча “Дыятрытавы твар”), ператварыцца ў “гравюру” (“Месячная саната” Александра Фокіна), стаць мастацкім адлюстраваннем рэнтгенаўскага здымка (“Шкляныя косткі” Сяргея Белавокага), пагуляць з піктаграмамі (“Увага” Вальды Верыкайтэ)…

Ды, вядома ж, яно можа дазволіць аўтару паразважаць над сэнсам быцця (пра гэта сведчаць філасофскія работы “Бясчасавасць”, “Знікненне” Алены Атрашкевіч, “Калыска для коткі” Аляксандра Аляксейчыка) і ўбачыць знаёмыя рэчы, міфалагемы, герояў у нечаканым ракурсе (“Акцябраты” і “Маленькі прынц” Паўла Вайніцкага).

Як засведчыў фестываль, тэхналогіі мастацкага шкла здатныя не толькі арганічна ўвасабляць характэрныя для сучаснага мастацтва выказванні "на сур’ёзную тэму", але і ўзбагачаць іх новымі візуальнымі нюансамі, не падуладнымі ніякім іншым выяўленчым сродкам. Шкло можа многае, калі аўтар удыхае ў матэрыял сваю думку і душу. Бо як сказаў фінскі шкломайстар Веса Варэла: “Калі ў вас няма страсці — вы не мастак”.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"