Спачатку — зінгшпіль…

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

А гледачу карысна пазнаёміцца
На камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі адбылася прэм’ера дзвюх аднаактовак: спачатку — Моцарта, потым — Сальеры. Анонсы абяцалі “інтэрактыў” у вечнай спрэчцы: хто каго? Бо гэтыя дзве пастаноўкі — “Дырэктар тэатра” і “Спачатку музыка, а потым словы” спаборнічалі паміж сабой яшчэ ў 1786 годзе, замоўленыя іх аўтарам у якасці своеасаблівага кампазітарскага конкурсу. Тады перамог — Сальеры. А цяпер?..

/i/content/pi/cult/448/9375/8-1.jpeg

Адкрыем “страшэнную” тайну — ізноў Сальеры. Бо яго опера — рэальна лепшая. Ужо хаця б таму, што гэта — опера, вырашаная ў лепшых італьянскіх традыцыях, дзе нават рэчытатывы не вымаўляюцца, а спяваюцца — пад акампанемент клавесіна. У Моцарта ж — зінгшпіль. У нацыянальных нямецкіх традыцыях. Таму там усяго пяць музычных нумароў (уверцюра, дзве жаночыя арыі, тэрцэт і фінальныя “куплеты” дзеючых асоб), затое многа дыялогаў. І сярод партый-роляў ёсць падзел на спеўныя з размовамі ды цалкам размоўныя, дзе артыст можа заспяваць хіба ў фінальным “хоры” ўсіх удзельнікаў. Ну што з таго зінгшпіля возьмеш, акрамя гумару? Але ж гэта — Моцарт, і замест простых матыўчыкаў, патрэбных для “правільнага” зінгшпіля, ён піша адмысловыя вакальныя фіярытуры, з якімі ніколі не справіцца звычайны комік.

А ці ж спраўляюцца оперныя салісты з размоўнымі дыялогамі, ды яшчэ ў Камернай зале імя Л.Александроўскай, дзе ад гледачоў іх не аддзяляе нават сцэнічная рампа? На жаль, не ўсе.

Больш натуральнымі выглядаюць хіба рэчытатыўны Банкір (Павел Пятроў) і, часткова, Буф (Дзмітрый Капілаў). Дзяўчаты з Дзіцячага музычнага тэатра-студыі ўвасабляюць абдзеленых на талент актрыс, але такія ролі, каб выклікаць у гледачоў жывы смех, патрабуюць, насамрэч, яшчэ большага акцёрскага майстэрства.

Але ж і ўласна музыка ў гэтых операх патрабуе больш “моцартаўскага” гуку (нават у Сальеры) — лёгкага, палётнага, па-класіцысцку “дробненькага”. Інструментальны жа ансамбль на чале з дырыжорам Іванам Касцяхіным імкнецца “замяніць сабой” нават не камерны, а вялікі сімфанічны аркестр. Бадай, не адчуваюць “салоннай” атмасферы і спевакі, што прызвычаіліся да фарсіравання гуку ва ўмовах вялізнай залы.

Тым не менш, уласна з вакалізацыяй, уключаючы бездакорнасць інтанавання і віртуознасць пасажаў, усе спраўляюцца добра. Таму — зноўку “выйграе” твор Сальеры, дзе і гаварыць не трэба, і партыі прасцей па вакальнай тэхніцы, затое выйгрышней па вобразнасці. А ўдзел у гэтым спектаклі такіх надзвычай музычных ды артыстычных спевакоў, як Дзіяна Трыфанава і Сяргей Лазарэвіч, спрактыкаваных на партнёрстве ў камернай пастаноўцы “Рыта, або Пірацкі трохвугольнік” Г.Даніцэці (тым больш, што яна ідзе ў той жа зале), і ўвогуле забяспечвае Сальеры абсалютную перамогу.

Не застаецца ў пройгрышы і тэатр, бо засваенне музыкі ХVІІІ стагоддзя для яго папросту неабходнае. Дый колькасць прэм’ер, якія будуць карыстацца поспехам у гледача (ужо хаця б таму, што яны — камічныя ды ідуць у маленечкай зале), узрастае. Гледачу таксама карысна пазнаёміцца з невядомай для большасці музыкай, ацаніць прафесійнае майстэрства Сальеры і яго спробу “прымірыць” у сваім творы “сур’ёзную” оперу з камічнай: менавіта да такой думкі прыходзяць яго героі — кампазітар з паэтам. Цікава, што трыяда самых знакамітых моцартаўскіх опер (“Вяселле Фігара”, “Дон Жуан”, “Чароўная флейта”), якія ўтрымліваюць рысы абедзвюх жанравых разнавіднасцей, узнікла акурат пасля напаўжартоўнага спаборніцтва з Сальеры.

Што ж да ідэй рэжысёрска-сцэнаграфічных, дык іх у спектаклях магло б быць і больш.

Сюжэты так і просяцца да аб’яднання, паралелей з сучаснасцю — варыянтаў можа быць безліч. Але пастаноўшчыкі спыняюцца на чорна-белай графіцы касцюмаў, металічных рашотках, якія, пры ўсёй сваёй мудрагелістасці ды аздабленні “золатам”, не даюць воку радасці.

У свеце камерная сцэна вельмі часта трактуецца як эксперыментальная, дзе максімальна ўлічваюцца архітэктурна-акустычныя асаблівасці прасторы. Наш тэатр вымушаны ісці пакуль іншым шляхам: прыстасаваць класіку пад умовы сваёй камернай сцэны.

А чаму б не аб’явіць сярод нашых творцаў кампазітарскі конкурс? Прычым на лепшы сцэнічны твор менавіта для гэтай залы, дзе гледачы, да прыкладу, могуць сядзець па перыметры (моладзь — увогуле на посцілках-дыванках), а дзея — адбывацца ў цэнтры, дзе музыканты-інструменталісты (у самым неверагодным спалучэнні) могуць станавіцца паўнапраўнымі “дзеючымі асобамі”, і г.д. Падобныя эксперыменты з прасторай абавязкова адаб’юцца не толькі на музыцы, але і — на кантынгенце гледачоў. Можа, і ў оперным мастацтве ёсць сэнс крыху паэксперыментаваць…

Фота прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"