Бясконцыя пошукі адэкватнага часу

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Сёлетняе Маскоўскае біенале сучаснага мастацтва выразна адрознівалася ад папярэдніх паводле сваіх акцэнтаў. Куратар яго асноўнага праекта Катрын дэ Зегер зрабіла стаўку не на гучныя імёны ды эфектныя інтэрактыўныя творы, але перадусім на жыццёвыя індывідуальныя практыкі, увасобленыя ў сацыяльным кантэксце і толькі ўмоўна “маркіраваныя” самімі творамі. Гэта значыць, што апошнія сведчылі пра імкненне сваіх аўтараў зрабіць нешта добрае і карыснае, але самі па сабе зазвычай не надта ўражвалі.

/i/content/pi/cult/448/9372/6-1.jpeg

У гэтым рэчышчы спецыяльны праект Рэспублікі Беларусь “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу” выглядаў даволі выйгрышна: праз сваю фармальную “зробленасць”, арганічна спалучаную з ідэйнай неабсяжнасцю. Перафразуючы яго ж назву, ён стаў адэкватным — і часу, і, што немалаважна, прасторы. У самых розных сэнсах, балазе сучаснае мастацтва любіць з імі гуляцца.

Будынак Музея сучаснай гісторыі Расіі ў Маскве ведаюць як “дом з браневічком”. Калі б гэты класіцыстычны асабняк на Цвярской насялялі прывіды, ім давялося б рэгулярна высвятляць паміж сабой адносіны. Некалі там збіраў V.I.P.-персон Англійскі клуб, потым у яго арыстакратычных інтэр’ерах размясціўся небезвядомы Музей рэвалюцыі, а потым і ён стаў анахранізмам…

Шлях наведвальніка да беларускай выстаўкі наскрозь працінае ўсе гэтыя часавыя і сэнсавыя пласты: іх не абмінеш нават чыста фізічна. Гэтыя рэмінісцэнцыі ствараюць добры кантэкст для праекта з назвай “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу”. Адказам на пытанне, што ж такое адэкватны час, ён так і не забяспечвае, але… Па словах куратара праекта Наталлі Шаранговіч, творы сучаснага мастацтва даваць адказы і не павінны — адно ствараць нагоды для роздумаў.

Архітэктанічна экспазіцыя выклікае цьмяныя алюзіі на будову храма — зрэшты, зразумела ж, цалкам свецкага і зямнога. І да таго ж, створанага на контрпунктах. Чырвоная дарожка, што вядзе кудысьці ўглыб залы, выклікае асацыяцыі з урачыста-парадным абліччам мінулай эпохі, аднак яна скіроўвае да “алтарнай часткі”, абклеенай савецкімі шпалерамі. Менавіта там, бы нейкі “каўчэг”, знаходзіцца эпіцэнтр выстаўкі — інсталяцыя Канстанціна Селіханава. Серыйныя скульптурныя персанажы, чые “абяствараныя” галовы выглядаюць бы нейкія атавістычныя адросткі, заспеты аўтарам на шляху з бясконцасці ў бясконцасць. Але ж тыя бясконцасці — цалкам штучныя: гэта банальны аптычны эфект, які спараджаюць два люстэркі, размешчаныя адно насупраць другога.

А пасярэдзіне дывановай дарожкі месціцца своеасаблівы “рэдзі-мэйд” таго самага аўтара — аўтэнтычны паднос з гранёнымі шклянкамі, поўнымі малака.

— Гэтая работа завязана на маіх асабістых успамінах, — кажа Канстанцін Селіханаў. — Памятаеце, як у піянерлетніку нас паілі такім малаком — падагрэтым, з пенкай? Гэта маё мінулае, гэта наша агульнае мінулае, памяць, асацыяцыі…

Зрэшты, нават не пакаштаваўшы таго малачка (гэта, канешне ж, у музеі недапушчальна), можна заўважыць, што яно нейкае несапраўднае. Так і ёсць: у шклянкі наліты парафін. Думаецца, не толькі з тэхнічных або гігіенічных прычын (малако ж псуецца), але і дзеля таго, каб падкрэсліць пэўную іррэальнасць тых праяў жыцця, якія могуць вярнуцца да нас толькі ў выглядзе ўспамінаў.

Сцены гэтага своеасаблівага калідора-дромаса займаюць фотаздымкі Андрэя Шчукіна. Адзін з іх, значна павялічаны ў памерах, стварае візуальную пару да скульптурнай чаргі. Гэта твор з серыі “Агрэгатны стан”, які выяўляе квадратычны злепак марожанай рыбы: такія самыя ненатуральныя варункі, што вядуць да страты індывідуальнасці. Іншыя ж творы нібы дэманструюць “адступленне ад тэмы”: баксёрскія пальчаткі, старая кепка, працятая цвіком… Зрэшты, на думку самаго аўтара, ніякага дысанансу тут узнікаць не павінна.

— Тры серыі нібыта ўзаемадапаўняюць адна адну, — тлумачыць ён. — Бокс — гэта агрэсія, стан барацьбы, супраціўленне. “Агрэгатны стан” — своеасаблівая алегорыя стану ўнутранага. “Кінестэтыка” — мінімалістычныя нацюрморты, своеасаблівыя “партрэты прадметаў”, якія могуць казаць “самі за сябе” — і, на мой погляд, здатныя распавесці пра чалавека больш, чым яго фотавыява. Я часам гуляюся з гэтымі рэчамі, правакую іх на канфлікты паміж сабой, альбо, наадварот, на ўтварэнне вычварных сувязей, здатных спараджаць іншыя сэнсы. Прымушаю двухвымерную выяву набываць трэцяе вымярэнне — сэнсавую глыбіню…

Звыклыя для нас мастацкія выстаўкі — гэта набор артэфактаў, кожны з якіх мае пэўнае значэнне сам па сабе, але сабраныя разам, яны не здатныя ўтвараць новыя сэнсы. Сучасны, куратарскі фармат — поўная таму супрацьлегласць.

Ёсць нейкі генеральны канцэпт, на які ў той ці іншай меры працуюць усе творы, аднак на “самастойнае плаванне” яны часцяком не здатныя: бракуе самакаштоўнасці і самадастатковасці. Як падаецца, куратар Наталля Шаранговіч здолела знайсці своеасаблівую “залатую сярэдзіну”: з аднаго боку, і мастацкія практыкі абодвух удзельнікаў, і ўласна іх творы цалкам здатныя да “аўтаномнага” існавання, з іншага ж — трапляючы на адну пляцоўку, яны ўтвараюць зладжаную драматургію экспазіцыі.

На першы погляд можа падасца, быццам прастора выглядае трохі пуставата: можна было б выкарыстаць яе больш “эканомна” ды эрганамічна. Аднак куратар лічыць такі падыход непрымяняльным.

— Ствараючы экспазіцыю, мы зазвычай баімся пакідаць пустую прастору, — кажа Наталля Шаранговіч. — Але гэта як белыя старонкі ў кнізе: вазьміце любы прыстойны альбом — вы пабачыце там пэўныя прагалы, паўзы. Яны патрэбны, бо таксама адыгрываюць сваю ролю, дазваляючы лепш успрымаць інфармацыю. Вось і мы ставілі перад сабой мэту, каб пакінутая незапоўненай прастора “грала” на кожную выстаўленую работу. І я вельмі рада, што гэтым разам мы маглі прымяніць нармальны еўрапейскі падыход да экспазіцыі: прасторы нам не бракавала…

Паколькі Маскоўскае біенале ўключае пад сотню разнастайных падзей, у выставачных залах сталіцы Расіі пад час яго правядзення становіцца даволі цесна — не ў прамым сэнсе, вядома, а ў фігуральным. Гэтым разам у плане выбару месца для беларускага праекта ўсё “зраслося”. Выстаўка настолькі добра дапасавалася да экспазіцыі Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі, што выглядае заканамерным працягам папярэдняй залы, прысвечанай “злому эпох” — з элементамі інсталяцыі ў выглядзе чорных чалавечкаў і персанажамі тэлешоу “Лялькі”.

На думку генеральнага дырэктара ўстановы Сяргея Архангелава, выстаўкі сучаснага мастацтва і сапраўды могуць удала дапоўніць экспазіцыю гістарычнага музея.

— Гэта нібы пераход ад гісторыі да сучаснасці, — кажа ён. — Зрэшты, мяжа тут увогуле няўмольна тонкая, бо сённяшні дзень ужо заўтра стане гісторыяй, і задача нашай установы — трымаць руку на пульсе гэтых працэсаў. Мы ж не музей палеанталогіі або археалогіі...

 

Сюрпрызы вернісажу

Адкрыццё выстаўкі наведалі прадстаўнікі беларускага пасольства ў Маскве і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. У ліку гасцей быў і кіраўнік Сакратарыята старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Уладзімір Матвейчук, які запомніўся многім нашым чытачам у якасці міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

— Натуральна, я па-ранейшаму сачу за жыццём беларускай культуры — і газетай “Культура” ў тым ліку, — распавёў ён. — І шчыра рады, што ў Маскве нашы творчыя набыткі прадстаўлены ў самым шырокім сваім дыяпазоне. Зусім нядаўна быў на выдатным канцэрце класічнай музыкі. Цяпер вось — цікавыя эксперыменты нашых сучасных творцаў… Магу засведчыць, што такая інтэнсіўная і сістэмная работа па прэзентацыі нашай культуры робіць вельмі важную справу ў плане фарміравання іміджа беларускай дзяржавы. Знаходзячыся ў Маскве і пастаянна сустракаючыся з кіраўнікамі рознага ўзроўню, ты вельмі выразна гэта адчуваеш…

Вернісаж выстаўкі быў па-музейнаму рэспектабельны, але ўсё ж не пазбаўлены сюрпрызаў. Адзін з іх — з’яўленне нашай знакамітай зямлячкі Алены Свірыдавай. Як выявілася, яна даўно сябруе з фатографам Андрэем Шчукіным.

— Яшчэ гадоў дваццаць таму ён рабіў маю першую прафесійную фотасесію, — распавяла поп-дзіва. — І вось, калі мы сёння зноў убачыліся, калі я зноў зірнула на тыя здымкі (Андрэй мне іх падарыў), дык адразу зразумела, што за прамінулы час ні я, ні ён зусім не змяніліся, нягледзячы на ўсе знешнія абставіны…

Як выявілася, у гэтага фотамастака нямала розных прыхільнікаў. Калі вернісаж ужо набліжаўся да лагічнага завяршэння, на прахадной музея раптам быў заўважаны дзіўны джэнтльмен з вялізнай валізай. “Where I can find Mr. Shchukin?” — марна дапытваўся ён у ахоўнікаў, дадаючы ў паважны антураж музейнага асабняка крыху здаровай фантасмагарычнасці.

Натуральна, гэта адзінкавы выпадак. Аднак няма сумневу ў тым, што выстаўка, размешчаная на запатрабаванай не толькі масквічамі, але і турыстамі пляцоўцы, здатная істотна пашырыць аўдыторыю беларускага сучаснага мастацтва — і культуры ў цэлым.

 

Што ж такое “ўчарашні дзень”?

 

Пакуль цяжка сказаць, як будзе ўспрыняты беларускі спецпраект у айчынным арт-асяроддзі. Хаця, зважаючы на мінулы досвед, можна прагназаваць: водгукі зноў будуць рознымі. Зрэшты, варта ўлічваць, што выстаўка скіравана перадусім на замежных гледачоў ды экспертаў. Сваім меркаваннем адносна “Дэкадзіроўкі…” карэспандэнт “К” папрасіў падзяліцца каардынатара праграмы спецыяльных праектаў і паралельнай праграмы V Маскоўскага біенале Надзею ПРАСКУРАКАВУ, адмыслова падабраўшы для яе ўсе тыя скептычныя пытанні, на якія толькі хапіла ягоных глуздаў.

— Ці лёгка трапіць у праграму Біенале?

— Ужо цяжэй. Мінулым разам у ёй было 65 спецпраектаў, сёлета ж — толькі 46. Прынцып па-ранейшаму вельмі дэмакратычны: за год да старту чарговага біенале на нашым сайце аб’яўляецца прыём заявак, і даслаць сваю прапанову можа любы куратар. Аднак мы вырашылі, што адбор павінен стаць больш удумлівым, і таму была арганізавана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі паважаныя куратары і мастацтвазнаўцы.

— А ці вялікім быў конкурс? Колькі ўвогуле вы атрымалі заявак?

— Канкрэтны лік я зараз назваць не гатова, таму проста скажу, што іх было безліч.

— На вашу думку, чаму быў абраны менавіта беларускі праект?

— Тут увогуле не ўзнікла ніякіх сумневаў. Камісія настолькі яго ўпадабала, што без усялякіх ваганняў і дыскусій прапусціла ў праграму Біенале. Без сумневу, гэта выдатны праект, у які мы ўсе адразу ўлюбіліся. Асабіста мне больш за ўсё імпануе нават не філасафічнасць тэмы, але гэткая сапраўднасць, шчырасць, якіх бракуе многім іншым творам сучаснага мастацтва, з іх звышмерным наслаеннем алегорый і канцэптаў.

— Адзін беларускі мастак ужо паспеў ахарактарызаваць гэты праект “учарашнім днём”, праўда, так і не патлумачыўшы, чаму…

— Мне гэта тым больш няўцям.

— А ці не здаецца вам, што праекту бракуе актуальнасці?

— Паняцце “актуальнасць” — гэта чыстай вады густаўшчына. Ёмістае слова, якое кожны можа вытлумачыць па-свойму. Дык вось, на маю думку, праект — цалкам актуальны. Больш за тое: падазраю, што яго тэма будзе актуальнай заўсёды.

— Гаворка не пра тэму, але пра выяўленчыя сродкі. Аўтары працуюць “па старынцы”, выкарыстоўваючы тую візуальную мову, якую многія лічаць ужо састарэлай: мадэрнісцкую па сваёй сутнасці скульптуру і фатаграфію. Наколькі я магу меркаваць, цяпер увогуле модна адмаўляцца ад карпатлівай мастацкай візуалізацыі і “работы рукамі” на карысць “чыстай ідэі”...

— Падаецца, акурат гэтую моду ўжо смела можна назваць “учарашнім днём”. На маю думку, сёння акурат прыспеў час трохі адысці ад высакалобых канцэптуальных праектаў (па шчырасці, нам яны трохі ўжо надакучылі) у бок, так бы мовіць, асязальнай візуальнасці, здатнай не толькі трансліраваць ідэі, але і выклікаць пачуцці.

— Гледзячы на гэтыя творы, ці можна прыйсці да высновы, што іх аўтары маюць мастацкую адукацыю?

— Не памятаю іх біяграфій, але амаль упэўнена, што гэта так.

— А ці патрэбна яна сучаснаму мастаку? Ці не шкодзіць станаўленню яго індывідуальнасці?

— Не ўсе са мной пагодзяцца, але асабіста я пераканана: нават у тым выпадку, калі мастак збіраецца ўсё жыццё рабіць інсталяцыі з цукеркавых абгортак, ён усё адно павінен прайсці акадэмічную школу: гэта фарміруе нейкі ўнутраны стрыжань. Ды і кшталтаваць, “гадаваць” свой талент трэба ўсім…

Мінск — Масква — Мінск

Фота Андрэя ШЧУКІНА