Алібі для непрафесіяналізму

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Міхаіл ФІНБЕРГ, народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі
Чаму я вырашыў звярнуць увагу на якасць тых канцэртных праграм, якія сёння прапануюцца аўдыторыі? Адказ тут вельмі просты. Наш калектыў пастаянна гастралюе па ўсёй Беларусі, і каму, як не мне, ведаць пра настроі ды патрабаванні простых пакупнікоў білетаў? Дык вось: людзі — крыўдзяцца! Вельмі часта яны бываюць незадаволены тым узроўнем, што ім прапаноўваюць, ці ўвогуле пачуваюць сябе ашуканымі за ўласныя ж грошы. І як вынік — проста перастаюць хадзіць на канцэрты. Ім нецікава…

/i/content/pi/cult/448/9371/5-1.jpg

У савецкія часы, каб выступаць з сольнымі канцэртамі, артыст павінен быў атрымаць спецыяльнае пасведчанне. Прычым мелася тады і пэўная градацыя: камусьці дазвалялі гастраляваць толькі ў межах вобласці, камусьці — па ўсёй рэспубліцы, а вось каб выйсці на ўсесаюзны ўзровень, трэба было і сапраўды давесці, што ты — не лыкам шыты, а сапраўдны прафесіянал. Сёння ж ніякіх камісій і дазволаў ужо не патрабуецца. Прадаваць білеты на свае “шоу” можа хто заўгодна. Адчуў сябе музыкантам — і наперад! Піетэту да спецыяльнай адукацыі, які культываваўся раней, не засталося і блізка. Па сутнасці, самадзейная сцэна зліваецца з прафесійнай.

Не, я зусім не настальгірую па былых часінах. Што да творчай свабоды — абедзвюма рукамі “за”! Гатовы паставіцца з разуменнем да самых розных яе праяў, але толькі не да нізкай якасці выканання і ўвогуле той “прадукцыі”, якую артыст прапануе сваёй аўдыторыі. Вось тут, на маю думку, павінен быць пэўны кантроль. Бо неадрэпеціраваны канцэрт — гэта, прабачце, бы непрасмажаная катлета. Можна і атруціцца. А многія ж нашы “зоркі” і сапраўды лічаць карпатлівыя рэпетыцыі справай залішняй. Будучы музыкантам з немалым стажам, я гэтага проста не разумею.

Пачуўшы добразычлівыя пажаданні ды справядлівыя заўвагі, многія дзеячы адразу пачынаюць з апломбам апраўдвацца: маўляў, не той заробак, не тыя ганарары, гэтага не хапае альбо яшчэ чаго... Так, артысту на гастролях даводзіцца сутыкацца з рознымі праблемамі: і тэхнічнымі, і нават побытавымі. Не магу зразумець, чаму ў “закуліссі” фестывалю ў Віцебску гаспадараць замежныя госці, пакідаючы нас у ролі “бедных сваякоў”. Мы ж у сябе дома, і ўжо хаця б таму павінны разлічваць на пэўную павагу. Але, здаецца, многія ўвогуле забылі, што гэта такое — павага да артыста…

Сапраўды, добры канцэрт — гэта плён супольных намаганняў цэлай абоймы прафесіяналаў: гукарэжысёраў, гукаінжынераў, асвятляльнікаў… Далёка не кожная пляцоўка мае каманду такіх спецыялістаў, і далёка не заўсёды яны поўнасцю “выкладаюцца” на карысць артыста.

Але ж нельга ўсё тлумачыць толькі вонкавымі праблемамі: тэхнічнымі ды рознымі іншымі. Ці можна іх лічыць за алібі для непрафесіяналізму, для выкарыстання той жа фанаграмы, якая з’яўляецца поўным ашуканствам публікі? Не і яшчэ раз не!

Без лішняй пахвальбы магу зазначыць, што вынікі прамінулага канцэртнага сезона для нашага аркестра былі проста выдатнымі. У тым ліку — фінансавыя. Мы актыўна гастралявалі і зарабілі папраўдзе прыстойную суму, якая ўразіць многіх калег. Але ж пры гэтым рэалізавалі і ўсе тыя праекты, што маюць выключна грамадскае ды выхаваўчае, а не камерцыйнае значэнне. Як падаецца, многія ўвогуле забылі пра такі найважнейшы фактар, але для нас, патрыётаў, гэта цалкам недапушчальна! Таму за мінулы сезон мы зладзілі ажно сямнаццаць фестываляў у малых гарадах з вялікім мінулым.

Адпаведна, такія складнікі, як прафесійная адэкватнасць, сацыяльная значнасць і камерцыйны поспех, сумяшчаць усё ж магчыма. Вядома, не без намаганняў, не без карпатлівай працы з ранку да вечара. І, урэшце, не без любові да той справы, якой ты ахвяраваў жыццё.

Кожную праграму наш аркестр літаральна “адшліфоўвае” да бляску, не шкадуючы ні часу, ні высілкаў. Выключна з той прычыны, што мы паважаем сваіх слухачоў. Можа, менавіта таму і слухачы паважаюць нас?..

Фота Юрыя ІВАНОВА