Там, дзе няма іерархіі…

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Як ажывіць “жывую спадчыну”?
Дні еўрапейскай спадчыны, якія па традыцыі праводзяцца ў верасні, сёлета ў нашай краіне былі прысвечаны нематэрыяльнай культурнай, або так званай жывой спадчыне. Адной з прычын выбару гэтай тэмы стала святкаванне 10-годдзя з моманту ратыфікацыі Беларуссю Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Чым не нагода паразважаць пра дасягненні і надзённыя клопаты ў справе захавання нашай народнай скарбніцы?

/i/content/pi/cult/448/9370/4-1.jpeg

Не сайтам адзіным

Адным са знакавых мерапрыемстваў Дзён еўрапейскай спадчыны стала прэзентацыя сайта “Жывая спадчына Беларусі”, створанага пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы UNESCO. Пра сайт http://livingheritage.by “Культура” пісала ў першым нумары бягучага года, які, нагадаем, быў прысвечаны аб’ектам нематэрыяльнай спадчыны, ужо ўключаным ці вартым уключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Што змянілася на сайце за гэты час? Па словах загадчыка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алы Сташкевіч, ужо практычна завяршыліся ўсе тэхнічныя работы на гэтым унікальным інтэрнэт-партале, адбылося яго напаўненне інфармацыяй пра разнастайныя аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны, важныя нарматыўна-прававыя дакументы. Апошні штрых — дадатковая англамоўная версія, якая будзе ў хуткім часе выкарыстоўвацца побач з беларускай.

Але, трэба заўважыць, на сайце можна даведацца хіба што пра дзесяць працэнтаў ад усіх выяўленых ды зафіксаваных у базе даных нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’ектаў. І прычын такой сітуацыі некалькі. Адна з іх — этычная. Далёка не ўсе носьбіты народнай культуры жадаюць раскрываць перад шырокай публікай, а тым больш — інтэрнэт-супольнасцю, сакральны змест сваіх традыцый. Таму зараз на сайце прадстаўлены, у першую чаргу, усе тыя аб’екты нематэрыяльнай спадчыны, якія ўжо ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Акрамя таго, працягваецца этап апрацоўкі матэрыялаў, даследаванняў, вывучэння суправаджальных дакументаў, пасля чаго база інтэрнэт-партала абавязкова пашырыцца.

Па словах Алы Сташкевіч, вельмі важна, што ў Спісе нематэрыяльнай спадчыны няма іерархіі, падзелу на ўзоры каштоўнасцей нацыянальнага альбо мясцовага ўзроўняў. Тое, што прызнана мясцовай супольнасцю, тое і з’яўляецца для распрацоўшчыкаў базы даных важным. Менавіта ў гэтым яе адрозненне ад Спіса матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

 

На UNESCO спадзявайся, але і сам…

Сёння, хутчэй за ўсё, не было б і гаворкі пра згаданы інтэрнэт-партал, каб не фінансавая дапамога з боку UNESCO. Справа ў тым, што два гады таму Беларусь атрымала грант на стварэнне базы даных Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны. За гэты час, на думку Алы Сташкевіч, было немагчыма цалкам сабраць усе праявы “жывой спадчыны”, для чаго патрэбна як мінімум дзесяцігоддзе. І тым не менш, грант дапамог зрабіць вельмі важнае: база даных, адпаведны інтэрнэт-партал. Адзін толькі сервер каштаваў 8 тысяч еўра. Стварэнне ж арыгінальнага праграмнага забеспячэння для базы даных увогуле пацягнула на 20 тысяч еўра.

На сённяшні дзень магчымасці гранта скончаны. А таму далей, па словах Алы Сташкевіч, больш актыўна ўключыцца ў працэсы захавання нематэрыяльнай спадчыны павінна дзяржава.

Згодная з думкай, што грант UNESCO з’яўляецца толькі каталізатарам, і грамадскі эксперт па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Гамзовіч. Па яе словах, міжнародныя арганізацыі, у тым ліку UNESCO, выдзяляючы сродкі, часам невялікія, аказваюць толькі першую дапамогу, даюць штуршок для актывізацыі мясцовай супольнасці і працы ў пэўным кірунку, улічваючы еўрапейскі і сусветны досвед іншых краін.

Безумоўна, трэба не толькі чакаць дапамогі ад дзяржавы, але і шукаць фінансавай падтрымкі з боку зацікаўленых фондаў, спонсараў. Бо чаканне ў нашай сітуацыі адзначае, бадай, адно — страты.

Скажам, як ставіцца да таго факта, што сёння некаторыя польскія даследчыкі аўтэнтыкі ў літаральным сэнсе не вылазяць з Беларусі. Па словах Рэгіны Гамзовіч, дзякуючы грантам Еўрасаюза яны робяць палявыя доследы, на базе якіх выпускаюць шыкоўныя выданні: з альбомамі сучасных і старадаўніх фотаздымкаў, дыскам з відэа- і аўдыязапісамі. Праўда, выдаецца ўся гэтая спадчына, сабраная на заходняй тэрыторыі Беларусі, пад умоўнай назвай “Крэсы Всходні”. З аднаго боку, наша спадчына фіксуецца, а з іншага — прысвойваецца іншай краінай.

 

Без мукі няма навукі?

Але што на такі замежны імпэт можам адказаць мы? Можна разважаць аб праблеме адсутнасці пры раённых аддзелах ідэалогіі, культуры і па справах моладзі пасады спецыяліста, які адказваў бы за захаванне нематэрыяльнай спадчыны. Пагаджуся з Алай Барысаўнай: гэта хоць і значная, але ўсё ж не самая галоўная праблема. Сёння найбольш актуальнае пытанне — у разуменні на месцах таго, як і што рабіць з "жывой спадчынай". Тым больш, згодна з практыкай UNESCO, толькі тады, калі на месцах шануюць свае традыцыі, той або іншы аб’ект нематэрыяльнай спадчыны можа быць узяты пад ахову.

Існуе пагроза, што ў выніку, калі будзе завершана праца па стварэнні базы даных нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, істотная частка апошняй з-за некампетэнтнасці, а мо і абыякавасці мясцовай супольнасці будзе наўпрост адсутнічаць з прычыны знікнення носьбітаў традыцыі.

Яскравы прыклад, пра які расказала Рэгіна Гамзовіч. Ужо падрыхтавана дасье на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс святога каменя ў Лагойскім раёне. Назбіралася, як і патрабуецца ў абрадзе, дзевяць удоў, якія праз замову могуць выклікаць дождж. Пры гэтым у раёне не знайшлося сродкаў, каб гэтую сакральную традыцыю зафіксаваць: аплаціць працу відэааператара і транспартныя выдаткі. Хапае праблем з захаваннем старажытных традыцый шанавання такіх сакральных аб’ектаў, як прыдарожныя крыжы ды крыніцы. На месцах, як тое адбылося ў Глушкавічах Лельчыцкага раёна, па загадзе святара практычна ўсе традыцыйныя ўпрыгожанні з крыжа былі прыбраны…

 

Бярыся дружна — не будзе грузна

Паспрабаваць вырашыць гэтыя праблемы можна хіба што праз грунтоўную адукацыю мясцовага насельніцтва.

Так, з мэтай тлумачэння ўсіх нюансаў справы захавання і падтрымкі нематэрыяльнай спадчыны рэгулярна праводзяцца семінары для мясцовых работнікаў культуры. Іншая справа — як культработнікі ставяцца да гэтых семінараў.

Далёка не заўсёды, па словах Рэгіны Гамзовіч, на такія семінары накіроўваюць зацікаўленых асоб. У выніку — справа не зрушваецца з месца.

Часта тыя ж абрады аддаюць пад ахову аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Але наколькі эфектыўна мясцовыя чыноўнікі спраўляюцца з гэтай місіяй? Маюцца, дзякаваць богу, пазітыўныя прыклады, як у тым жа Любанскім раёне. Але, на жаль, часам назіраецца і непаразуменне, і канфліктныя сітуацыі з носьбітамі аўтэнтычных традыцый, як у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Магчыма, вырашэнню праблемы паспрыяе стварэнне каардынацыйных ці апякунскіх саветаў па ўзоры айчынных музеяў. Па словах Алы Сташкевіч, такая праца распачалася з’яўленнем па ўсёй Беларусі рэгіянальных камітэтаў, куды ўвайшлі не толькі эксперты, але і самі носьбіты традыцыі.

На думку Рэгіны Гамзовіч, каардынацыйныя саветы павінны стварацца, найперш, для таго, каб весці работу па захаванні, пераемнасці традыцыі, папулярызацыі элемента ў сваім раёне або вобласці. Трэба прыцягваць да гэтай працы сваіх і сталічных навукоўцаў, краязнаўцаў, зацікаўленыя грамадскія ды турыстычныя арганізацыі там, дзе пажадана ўключыць элемент у іх дзейнасць і дзе захавальнікі традыцыі не супраць гэтага. Каго трэба запрасіць у каардынацыйны савет? Перш за ўсё — тых, хто хоча і можа садзейнічаць захаванню мясцовага традыцыйнага ў кухні, якогасьці рамяства, танца, спеўнай спадчыны або вусных форм фальклору, гульні, звычаю… Словам, тых, хто разумее, што гэта — сапраўдная каштоўнасць для раёна.

Думаецца, калі не толькі аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, а таксама аддзелы, якія курыруюць адукацыю і турызм, прадпрыемствы, раённая прэса, краязнаўцы, грамадскія арганізацыі будуць уваходзіць у такі савет, але і хтосьці з кіраўніцтва райвыканкама будзе каардынаваць гэтую сумесную працу, яна абавязкова дасць плён.

 

Прыйшло махам — пайшло прахам?

Хочацца яшчэ раз адзначыць, як складана адначасова захаваць і папулярызаваць нематэрыяльную спадчыну, пры гэтым не нашкодзіўшы ёй. Па словах Алы Сташкевіч, сёння краіна стаіць перад стварэннем маркетынгавай стратэгіі карыстання “жывой спадчынай”. Інстытут культуры Беларусі зараз актыўна супрацоўнічае з Міністэрствам спорту і турызму ў гэтым кірунку, але, на жаль, далёка не заўсёды знаходзіць паразуменне. Справа ў тым, што часта камерцыялізацыя таго ж абраду толькі шкодзіць яму, бо турыст для сябе патрабуе адпаведнай інфраструктуры і рынку. У сваю чаргу, носьбіты традыцыі вымушаны падстройвацца пад запыты турыстаў. У выніку ж адбываецца дэградацыя і трансфармацыя спадчыны.

Падобная праблема ўзнікае і ў тым выпадку, калі народныя калектывы адрываюць ад традыцыі, выклікаючы на раённыя святы, альбо прымушаюць зарабляць грошы праз карпаратыўныя канцэрты.

Зразумела, што выкрэсліваць патэнцыял нематэрыяльнай спадчыны ў этнатурызме было б неразумна, тым больш, што ПРААН ахвотна фінансуе праекты гэтай сферы. Маюцца і цікавыя айчынныя распрацоўкі ў дадзенай галіне. Да прыкладу, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Марыя Міхан прысвяціла дыпломную работу менавіта тэме этнатурызму. Яна стварыла тэарэтычны праект. На аснове расійскага вопыту стварэння культурнага кластара вывучыла сітуацыю на Тураўшчыне і распрацавала восем штогадовых тураў у вёску Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе фальклорна-этнаграфічны гурт “Міжрэчча” захоўвае ў жывой традыцыі абрад “Карагод” на свята Юр’е ды іншыя абрады і звычаі народнага календара, жаночыя рамёствы.

Здавалася б, тыя ж айчынныя турфірмы павінны былі ўхапіцца за цікавы праект. Але дзе там! Дагэтуль ніводная айчынная турыстычная арганізацыя не выказала зацікаўленасці ў ажыццяўленні праекта (і гэта прытым, што Марыя дасылала ім сваю дыпломную работу). У выніку дзяўчына пайшла працаваць афіцыянткай…

Відавочна, што пытанняў ды праблем у справе клапатлівага і беражлівага стаўлення да нематэрыяльнай культуры застаецца вельмі шмат. Вырашыць іх можна толькі пры ўмове ўсеагульнай кансалідацыі, бо народная спадчына не можа належаць камусьці аднаму. Яна — здабытак усяго народа.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"