Недабудаваны шэдэўр Георгія Лаўрова

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецкарэспандэнт газеты "Культура"
За тыя амаль сто гадоў, што Мінск мае сталічны статус, горад некалькі разоў радыкальна змяняў сваю структуру і аблічча. Першы раз — у 1930-я, калі былі ўзведзены манументальныя будынкі па праектах Лангбарда. Другі — калі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе паўстаў шыкоўны праспект. Далей — 60-я: пачынаецца фарміраванне другога архітэктурнага дыяметра сталіцы.

/i/content/pi/cult/448/9369/44-49.JPG

І, нарэшце, наш час: станаўленне суверэннай Беларускай дзяржавы. Знакамі найноўшага часу ў Мінску сталі адроджаны Верхні горад, новыя будынкі Нацыянальнай бібліятэкі і Чыгуначнага вакзала, “Мінск-Арэна”, Плошча Дзяржаўнага Сцяга.

Я акрэсліў гэты час пункцірам у якасці подступу да тэмы нататкаў — лёсу творчай спадчыны выдатнага дойліда Георгія Лаўрова (1895 — 1967 гг.). Ён працаваў у нашай сталіцы ў 1928 — 1934 гадах. Менавіта Лаўроў спраектаваў для Мінска першыя будынкі сталічнага класа і статуса, сваёй працай падрыхтаваўшы, так бы мовіць, прышэсце Лангбарда, ды… знік у цені свайго наступніка і, фактычна, паслядоўніка. Менавіта Іосіфу Лангбарду належыць слава стварэння сталічнага іміджа Мінска, між тым як глебу для рэалізацыі ягоных амбіцыйных праектаў падрыхтаваў не хто іншы, як Георгій Лаўроў.

У Мінску Лаўроў спраектаваў-пабудаваў, у прыватнасці, галоўны корпус і карпусы факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928 — 1931 гг.), клінічны гарадок (1931 г.), будынак Політэхнічнага інстытута (1934 г.). І галоўнае — “Ленінку”, Беларускую дзяржаўную бібліятэку імя Леніна (1932 г.), нашу першую “Нацыяналку”. Не будзе памылкай сказаць, што да з’яўлення Лангбардавых гмахаў менавіта “Ленінка” была сімвалам новага — сталічнага — Мінска.

На жаль, вельмі ўдалы праект быў рэалізаваны толькі часткова. Даследчык архітэктуры А.Воінаў піша пра гэта ў кнізе “Гісторыя архітэктуры Беларусі” наступнае: “…Праектам прадугледжвалася стварыць кампазіцыю, пабудаваную на кантрасным супрацьпастаўленні развітага ў плане трохпавярховага корпуса з чытальнымі заламі і лаканічнага па форме высотнага аб’ёму кнігасховішча. На думку аўтара, комплекс бібліятэкі, змешчаны на высокіх метках цэнтральнага плато, на броўцы спуску да ракі, мусіў адыгрываць вядучую ролю ў стварэнні новага сілуэта горада. Адначасова праектам прадугледжвалася ўсе чытальныя залы і навуковыя аддзелы непасрэдна звязаць з кнігасховішчам пры дапамозе аўтаматычных транспарцёраў. Аднак будаўніцтва кнігасховішча было адкладзена, а потым ад яго ўвогуле адмовіліся, як і ад стварэння саду з чытальнымі павільёнамі. У выніку сховішча фондаў было перанесена ў галоўны корпус, што парушыла прапанаваную функцыянальную схему…”.

Мабыць, напачатку на завяршэнне будаўніцтва не хапіла сродкаў, а потым змянілася сацыякультурная сітуацыя ў краіне: стыль “канструктывізм” (у рэчышчы яго і працаваў Лаўроў), яскравай праявай якога з’яўляецца праект бібліятэкі, страціў дамінуючыя пазіцыі.

Так “Ленінку” і недабудавалі. Шкада. Мелі б мы ў сталіцы архітэктурны шэдэўр — твор, не горшы за славутыя пабудовы Алвара Аалта ці Аскара Німейера.

Але што перашкаджае нам сёння давесці справу да ладу: дабудаваць запланаваны аўтарам высотны аб’ём? Рэалізаваць у поўным аб’ёме задуму Георгія Лаўрова варта па шэрагу прычын: горад атрымае архітэктурную каштоўнасць, спіс мінскіх славутасцей папоўніцца шэдэўрам канструктывізму, цэнтр горада ўзбагаціцца выразнай вертыкаллю. Сёння колішні будынак галоўнай бібліятэкі краіны прыстасаваны пад новую функцыю: тут месціцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны. Высотны аб’ём, які планаваўся Лаўровым пад кнігасховішча, можа стаць, напрыклад, архівам Савета Рэспублікі. Да ўсяго, вертыкаль надасць гэтаму дэмакратычнага выгляду будынку велічнасць ды манументальнасць.

Сёння ў нашай сталіцы і маштаб іншы, і тэхнічная ўзброенасць будаўнікоў непараўнальна большая. І грошы на добрую справу знойдуцца.

Зараз зрабіць адзін з самых вядомых будынкаў сталіцы такім, якім яго бачыў аўтар у далёкіх 1930-х, не цяжка — мелася б жаданне. Зрэшты, гэта быў бы знак нашай удзячнасці дойліду, які першым убачыў, адчуў і асэнсаваў Мінск як сталіцу…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"