Беларускія архівы: сучасны стан

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

З нагоды...
Напярэдадні Дня архівіста, які адзначаецца 6 кастрычніка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Адамушка, выконваючы абавязкі дырэктара дзяржаўнай установы “Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь” Мікалай Рудакоўскі і дырэктар установы “Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў” Віктар Баландзін сустрэліся з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Гаворка ішла пра сённяшні стан ды развіццё архіўнай справы ў нашай краіне.

Сёння архіўная “гаспадарка” Беларусі — гэта шэсць рэспубліканскіх дзяржаўных архіваў, два навукова-даследчыя інстытуты, дзве лабараторыі, прафесійны часопіс, органы кіравання архіўнай справай у Мінску ды абласцях, дзевяць абласных і шаснаццаць занальных дзяржаўных архіваў. Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці па інфармацыйным забеспячэнні карыстальнікаў адпаведна іх запытам, Дзяржаўная архіўная служба Беларусі ладзіць выставачныя праекты да памятных дат нацыянальнай гісторыі. Сярод тых, што мелі найбольшы грамадскі розгалас, — “Грашовая рэформа 1947 года”, “Хатынь — святыня нацыянальнай памяці”, “Трагедыя беларускіх вёсак”. Сёлета архівы Беларусі праводзілі ва Украіне выстаўку дакументаў, якія маюць дачыненне да падзей 70-гадовай даўніны, калі братняя краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А на вэб-сайце “Архівы Беларусі” з’явілася спецыяльная рубрыка “Да 150-годдзя паўстання 1863 — 1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі”.

Найбольш заўважныя публікацыйныя праекты беларускіх архівістаў апошняга часу — “Брэст у 1939 — 1941 гадах”, “Зімняе чараўніцтва”, “Нацысцкая карная аперацыя на беларуска-латвійскім памежжы, люты — сакавік 1943 года”, “Гомельская вобласць. 1938 — 1941 гады”, “Канфесіі на Гомельшчыне ў 1920 — 1930 гадах”. Менавіта архівістамі была падрыхтавана да друку кніга “Сучасная беларуская геральдыка”, што пабачыла свет летась.

Пашырыліся замежныя кантакты беларускіх архіваў, палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база. Па шэрагу пазіцый Дзяржаўная архіўная служба Рэспублікі Беларусь з’яўляецца лепшай на постсавецкай прасторы.

Гэтыя факты былі агучаны на прэс-канферэнцыі. Але ў вялікай справе не бывае без праблем. Сёння немалая частка нашых архіваў месціцца не ў спецыяльна пабудаваных, але прыстасаваных памяшканнях. Хацелася б таксама, каб заробкі архівістаў адпавядалі вытворчым нагрузкам і важнасці працы, якую яны робяць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"